З Беларусі эвакуявалі былога палітвязня Аляксея Галоўкіна, на якога завялі новую крыміналку


Удалося эвакуяваць былога палітычнага вязня, на якога падчас адбывання пакарання завялі яшчэ адну крымінальную справу. Цяпер мужчына ў бяспецы ў Швейцарыі.

Аляксей Галоўкін.
Фота: spring96.org

Аляксея Галоўкіна, праграміста з Горадні, арыштавалі 3 снежня 2020 года за ўдзел у пратэсных акцыях. У якасці пакарання яму прысудзілі 3 гады зняволення паводле арт. 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»), арт. 366 («Гвалт альбо пагроза ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу.

Але падчас адбывання пакарання ў Бабруйскай калоніі супраць мужчыны пачалі новую крымінальную справу паводле тых жа артыкулаў.

Аляксей выйшаў на волю 26 жніўня 2023 года, цалкам адбыўшы пакаранне.

Каб не дапусціць новага арышту, Аляксея эвакуявалі з Беларусі. Цяпер ён у Швейцарыі.

Нагадаем, што ў Аляксея Галоўкіна інваліднасць другой групы праз гемафілічную поліартрапатыю, ён дрэнна ходзіць праз праблемы з суставамі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў