Якім будзе Нагорны Карабах без армянаў?

Як жа невыносна глядзець на твары людзей, якія падпалілі свой дом і глядзяць як ён гарыць. У вачах адчай і безвыходнасць. Чалавек глядзіць, як гарыць дом, дзе прайшла частка яго жыцця. Глядзіць на вокны і разумее, што вось зараз загарэўся ў спальні ложак, шафа з адзеннем, а ў іншым пакоі зараз, напэўна, ужо гарыць пісьмовы стол з усімі яго шуфлядкамі, у якіх ляжаць сшыткі, ручкі, блакноты і што там яшчэ… Няхай лепш згарыць усё, чым гэтым будуць карыстацца тыя, па віне каго даводзіцца бегчы, узяўшы з сабой толькі самае неабходнае на першы час.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жыхар Сцепанакерту стаіць побач са сваім аўтамабілем, набітым рэчамі яго сям’і. Па словах мужчыны, яны не маюць магчымасці застацца ў Карабаху з-за недахопу харчавання і пастаянных бамбёжак. У выніку сямʼя вырашыла выехаць у Ерэван. Гарыс (Goris), Арменія. 30 верасня 2023 года.
Фота: Ashley Chan / Zuma Press / Forum

Не менш цяжка глядзець і на сям’ю, дзе старэнькая бабуля не дазволіла спаліць хату. Яна пакінула на стале цыдулку, у якой напісала, што яе сямʼя была шчаслівая ў гэтым доме. Яна толькі просіць новых гаспадароў быць акуратнымі, беражліва абыходзіцца з рэчамі і паліваць кветкі…

Ці можна было вырашыць этнічны і тэрытарыяльны канфлікт у Нагорным Карабаху мірным шляхам? Практыка паказала, што пры існуючым раскладзе сіл, нельга. Пажар можна было толькі крыху прыглушыць, але ён успыхваў з новай сілай.

Ці маюць перспектыву ў перамовах бакоў спасылкі на шматвяковую гісторыю? Прыклад Карабаху сведчыць, што такія аргументы ігнаруюцца. Можна спасылацца яшчэ сотню разоў на Клаўдзія Пталямея, Плінія Старэйшага, Плутарха, Дыёна Касія, Страбона, якія згадвалі царства Урарту і Арцах, але для армянаў усё роўна шлях будзе трагічным. Любы горад, краіна гэта найперш людзі. Там шмат змешаных шлюбаў. Калі людзі, носьбіты пэўнай культуры сыходзяць, то ці будзе тая мясцовасць ранейшай?

Гісторыя і Арменіі і Азербайджану была зусім не простая. Сёння найбольш гучыць Арменія і гэта зразумела. Менавіта армяне зараз вымушаны ратавацца ад магчымых «этнічных чыстак». Калі я ўпершыню прыляцела ў Ерэван, то мяне больш за ўсё ўразіла музыка. Нідзе я не чула ў народнай і сучаснай музыцы столькі суму.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра гуманітарны крызіс у Нагорным Карабаху
2023.09.10 08:00

Музыка не дае магчымасці забыцца, што на плечы гэтага народу абрынулася занадта шмат бед. Калі казаць пра гісторыю пытання ў найноўшы час, то армяне не пакідалі спроб вырашыць праблему на сваю карысць на спрэчнай тэрыторыі. Але ім, як кажуць, не пашанцавала з саюзнікамі. Можна ўзгадаць, што яшчэ ў сакавіку 1921 года Каўказскае Бюро Кампартыі Расеі сваім рашэннем уключыла Нагорны Карабах у склад Азербайджану. Па загадзе Сталіна была сфарміравана аўтаномная вобласць. Што гэта было насамрэч? Гэта было не што іншае, як найгрубейшае парушэнне міжнароднага права. Бо, па сутнасці, нейкая партыя ў трэцяй краіне бярэ і вызначае статус пэўнай тэрыторыі ў іншай дзяржаве.

Якое яна мела права? Ды ніякае, але было «не да міжнародных законаў». Хаця і зараз мала што змянілася ў гэтым пытанні для крамлёўскага кіраўніцтва. Армянскі ўрад, нягледзячы на ўнутраную палітыку СССР, чатыры разы звяртаўся да крамлёўскіх «таварышаў» – у 1945, 1963, 1977 і 1983 гадах – і кожны раз безвынікова.

Беларусам жа сёння сітуацыя з людзьмі, якія бягуць, кідаючы свае дамы, і, якім могуць толькі дапамагчы з прадстаўленнем права знаходжання на тэрыторыі іншай краіны, знаёмая не па чутках. Беларусы таксама беглі і працягваюць бегчы, кінуўшы свае ўтульныя піжамы, адзенне, кнігі…

Застацца для многіх з іх азначае жыць на парахавой бочцы. У такім становішчы зараз знаходзяцца ў Нагорным Карабаху армяне, якія там засталіся. Наогул паралелі напрошваюцца ўвесь час, хаця дзе Нагорны Карабах і дзе Беларусь.

Калі ў 1988 годзе ў адказ на патрабаванне насельніцтва Карабаху аб самавызначэнні, у Сумгаіце, Баку і Кіравабадзе пачалася разня армянаў, гэтая інфармацыя не так шырока асвячалася ў рускамоўнай прэсе. Іншыя падзеі ў СССР, які распадаўся на вачах, засланялі тую страшную карціну. Цяпер таксама на першым плане падзеі, звязаныя з вайной ва Украіне, і для беларусаў і для армянаў, яны засланяюць іх парадак дня.

Многія сёння ўжо не памятаюць, што разня ў Баку пачалася ў канцы кастрычніка 1988 года, калі ў Маскве пачаўся суд над забойцамі армянаў з Сумгаіта. Афіцыйна тады з Баку, ратуючы свае жыцці, уцяклі каля 240 тысяч армянаў. Гэта сухая статыстыка. Як гэта было насамрэч мне распавяла адна жанчына армянка, з якой мы аднойчы апынуліся ў суседніх крэслах у самалёце. Сярод розных гісторый пра тыя падзеі мяне найбольш шакаваў яе аповед пра тое, як менавіта адбываліся гэтыя ўцёкі.

«Людзей у самалёт набілася столькі, што яны стаялі ў праходзе ў цісканіне. Стаялі нават там дзе сядзенні. Ніякіх рэчаў. Толькі дакументы. Лётчыкі ўзмаліліся, што моцны перагруз і можа адбыцца катастрофа. Але ўсё ж самалёт пайшоў на ўзлётную паласу. Усе мы стаялі і маліліся. Многія дарослыя ціха плакалі. Што ўжо там казаць пра дзяцей… Было вельмі страшна, але коштам пытання было жыццё. Разумееце? Проста само жыццё», – казала мне тая прыгожая жанчына Гая ціхім голасам.

Яна перажыла зашмат. Цяпер жыве ў Германіі і выкладае там музыку. Пры слове музыка зноў прыгадваецца тая сумная мелодыя ў ерэванскім кафэ.

28 верасня кіраўнік НКР Самвэл Шахраманян падпісаў указ аб спыненні існавання Нагорна-Карабахскай рэспублікі з 1 студзеня 2024 года. Усё да гэтага ішло, калі са снежня мінулага года Азербайджан пачаў блакаду Нагорнага Карабаху, перакрыўшы Лачынскі калідор. Гэта была адзіная транспартная дарога, якая злучала гэты рэгіён з Арменіяй. Калі Азербайджан пачаў 19 верасня ваенныя дзеянні супраць НКР, сумневаў не заставалася за кім будзе перамога.

Які яе кошт для армянаў? Пакуль толькі голая статыстыка: у сталіцу Нагорнага Карабаху Сцяпанакерт, у якім пражывала каля 52 тысяч чалавек, прыехалі яшчэ больш за 40 тысяч. Кошты на арэнду ўзляцелі да нябачаных вышынь. Беларусам гэта таксама вельмі знаёма. Здаюць у арэнду кожны вольны квадратны метр, нават у гаражах. Толькі 1200 чалавек з 40 000 змаглі атрымаць жыллё. Астатнія жывуць не толькі ў гаражах, але і ў крамах. Тым больш што прадуктаў там няма. З-за адсутнасці паліва ў горад не завозяць харчы. Паліва няма і для запраўкі машын для ўборкі смецця. Таму на вуліцах у гарах смецця рыюцца сабакі, якія засталіся выжываць у горадзе, у якім іх пакінулі гаспадары. Усё стала дэфіцытам. Праўда хлеб, а гэта паўбуханкі на чалавека, пакуль яшчэ можна купіць па талонах.

Нагорны Карабах зараз будзе лічыцца азербайджанскай тэрыторыяй. Я ні ў якім разе не хацела казаць аб тым, каму ён павінен належаць. Тым больш, што ён лічыўся аўтаноміяй у складзе Азербайджану не менш за сотню апошніх гадоў.

Але ўвесь час узнікае пытанне: ці магла сітуацыя вырашыцца па-іншаму, калі б не вайна ва Украіне? Праклятая вайна, якая прыцягвае да сябе ўсю ўвагу. Увесь свет глядзіць на яе, як на самы галоўны канфлікт, а іншыя на яе фоне проста не такія маштабныя і таму не такія важныя…

Пакуль жа ў галаве гучыць сумная армянская музыка і словы армянскай праваабаронцы Ларысы Алавердзян, з якой я пазнаёмілася ў 1999 годзе. Яна тады, расказваючы мне аб прыродзе канфлікту ў Нагорным Карабаху, сказала, што ў яе там жыве свякроў. Яна казала, што там самая смачная бараніна: «Хутчэй за ўсё таму, што там добрая лугавая трава. Ну мне так увесь час гаворыць мая свякроў. Як яна выдатна гатуе баранчыка!»…

Аналітыка
Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?
2023.09.21 21:04

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў