news
Агляд
«Дзяржслужбоўцы, што бралі ўдзел у рэпрэсіях, не застануцца на пасадах». Як рыхтуюць замену чыноўнікам
«Кадравы рэзерв для новай Беларусі» прапануе навучанне ў галіне дзяржаўнага кіравання.
04.09.202314:46

Людзі, якія давалі загад фальсіфікаваць выбары ці звальняць палітычных апанентаў, не змогуць працягнуць працу ў сістэме дзяржаўнага кіравання Беларусі пасля пераменаў, перакананы намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі Юрась Губарэвіч. Каб сярод беларусаў было дастаткова спецыялістаў, якія змогуць замяніць лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, была створаная кампанія «Кадравы рэзерв для новай Беларусі». Даведаліся, якія магчымасці навучання яна прапаноўвае.

Якіх чыноўнікаў будуць замяняць у першую чаргу?

«Кадравы рэзерв для новай Беларусі»  – супольная ініцыятыва Аб’яднанага пераходнага кабінету і агулам дэмакратычных сілаў Беларусі для рыхтавання спецыялістаў, якія б змаглі хутка замяніць чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі пасля таго, як у нашай краіне адбудуцца перамены, а таксама падчас рэформаў пераходнага перыяду.

«Калі рэжым разбурыцца, у дзяржаўны апарат павінны будуць прыйсці людзі, якія возьмуць на сябе адказнасць за кіраванне краінай. І гэта не толькі будучыя дэпутаты парламенту альбо мясцовых саветаў, але таксама спецыялісты, занятыя ў выканаўчай сферы дзяржаўнага кіравання, – тлумачыць Юрась Губарэвіч, каардынатар кампаніі «Кадравы рэзерв». – Гэта чыноўнікі розных узроўняў: пачынаючы з самога верху – міністэрстваў, да рэгіянальнай улады».

У сістэме дзяржаўнага кіравання і паслуг Беларусі на сёння працуюць каля 200 тысячаў чалавек, кажа спадар Губарэвіч. Каардынатар «Кадравага рэзерву» зазначае, што не ўсе яны суўдзельнікі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, але тыя з іх, што бралі ўдзел у фальсіфікацыі выбараў, рэпрэсіях, адназначна не змогуць працягваць сваю працу пасля пераменаў.

«Гэта, напрыклад, увесь сілавы блок, і не толькі міліцыянты, але і пракуратура, суддзі і гэтак далей. Я перакананы: не можа чалавек, які аддаваў загады фальсіфікаваць выбары альбо звальняць палітычных апанентаў, далей заставацца на дзяржаўнай пасадзе, – кажа спадар Губарэвіч. – Таму для гэтых людзей адразу ж пасля пераменаў спатрэбіцца замена».

Досвед дэмакратычнага кіравання будучыя чыноўнікі будуць атрымліваць у Еўразвязе

Кампанія «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» заклікае беларусаў падумаць, ці хацелі б яны ў дэмакратычнай Беларусі працаваць у дзяржаўным кіраванні, займаць адміністрацыйныя выканаўчыя пасады. Тым, хто гатовы паспрабаваць сябе ў такой працы, Юрась Губарэвіч раіць прааналізаваць свае кампетэнцыі, працоўны досвед і, калі ёсць патрэба, падвысіць кваліфікацыю, у чым кампанія «Кадравы рэзерв» якраз і зможа дапамагчы. Разам з партнёрамі ініцыятыва прапаноўвае розныя магчымасці навучання.

«У нас ёсць уласны распрацаваны курс – 60 акадэмічных гадзінаў онлайн-навучання на тэмы, патрэбныя будучым дзяржслужбоўцам, – распавядае каардынатар праграмы. – Аднак гэтым мы не абмяжоўваемся, а шукаем таксама магчымасці індывідуальных праграмаў навучання для кожнага з удзельнікаў. Вялікую ўвагу надаём навучальным візітам у структуры дзяржаўнага кіравання краінаў ЕЗ. Гэта ўнікальная магчымасць – даведацца, як яны працуюць, завесці знаёмствы, што спатрэбяцца ў будучай Беларусі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Aleksiej Witwicki / Forum

Таксама існуе магчымасць стажыявання ў краінах Еўразвязу.

«Беларусы, якія скарыстаюцца шанцам папрацаваць на пасадах хаця б стажора ці памочніка любога з еўрадэпутатаў ці дэпутатаў нацыянальнага парламенту любой з краінаў Еўразвязу, атрымаюць унікальны досвед», – мяркуе Юрась Губарэвіч.

Вучыцца не возьмуць прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі і «русского мира»

Праграма «Кадравы рэзерв» не выстаўляе для патэнцыйных слухачоў абмежаванняў адносна адукацыі ці тэрытарыяльнага перабывання. Падаваць заяўкі на навучанне могуць у тым ліку асобы, якія цяпер у Беларусі. Не возьмуць у праграму асобаў, лаяльных лукашэнкаўскай сістэме і прыхільнікаў канцэпцыі «русского мира».

Агульны лік удзельнікаў праграмы на сёння – каля 470 чалавек.

«З самога пачатку кампаніі і да сёння 33–40 % – гэта людзі, якія жывуць у Беларусі. Частка з іх дэкларуе, што яны на дзяржаўнай службе ці працуюць недзе ў сістэме дзяржаўнага кіравання або паслуг, – адзначае палітык. – Гэтыя людзі – прафесіяналы, але, магчыма, ім не стае ведаў, як працуе дэмакратычная сістэма кіравання, і гэтаму мы гатовыя навучыць».

Каардынатар «Кадравага рэзерву» абяцае бяспеку для ўдзельнікаў, а таксама абарону іхных персанальных звестак:

«У нас ёсць розныя этапы і патрабаванні да верыфікацыі ўдзельнікаў праграмы. Калі чалавек запаўняе анкету, мы чакаем праўдзівых звестак, але не выключаем, што сярод заяўнікаў могуць быць агенты спецслужбаў. Тым не менш, на першым этапе мы ўсім даем доступ да нашых праграмаў онлайн-навучання. У нас забяспечваецца ананімнасць удзельнікаў. Таму ў тым, калі хтосьці з сённяшніх дзяржслужбоўцаў ці прадстаўнікоў сілавога блоку павучыцца чамусьці новаму, нічога страшнага мы не бачым. Наступныя этапы – індывідуальная адукацыйная праграма альбо ўдзел у стажыяванні, навучальных візітах. Там больш сур’ёзны падыход да верыфікацыі. Мы бяром ад людзей згоду на правяранне іхных персанальных звестак і, безумоўна, стараемся максімальна выключыць магчымасць трапляння кагосьці з людзей з сістэмы, якія працягваюць працаваць на Лукашэнку і супраць беларускай дэмакратыі».

«Трэба падрыхтаваць ад 900 да некалькіх тысячаў чалавек»

На ўласнай праграме «Кадравага рэзерву» студэнтаў навучаюць 14 беларускіх выкладчыкаў, якія раней працавалі ў адукацыйных установах Беларусі і былі звольненыя за свае погляды.

«Я не буду кожнага вылучаць, аднак скажу, што гэта людзі, імёны якіх на слыху, яны эксперты ў сваёй справе, выказваюцца на старонках медыяў», – зазначае Юрась Губарэвіч.

Кампанія «Кадравы рэзерв» будзе працаваць да моманту, калі ў Беларусі адбудуцца перамены:

«Перад намі стаіць глабальная задача – падрыхтаваць велізарную колькасць людзей на пасады ў дзяржаўным кіраванні. Нават па мінімальных падліках гэта каля 900 пазіцыяў: не толькі міністры ці кіраўнікі выканкамаў, суддзі, але таксама рэктары навучальных установаў, рэдактары дзяржаўных медыяў і гэтак далей. Нам спатрэбяцца таксама кіраўнікі аддзелаў выканкамаў, дырэктары школаў, галоўныя дактары. На гэтых пасадах шмат каго давядзецца мяняць. Апошнія падзеі ў Нацыянальным архіве паказваюць, што прыход несумленнага кіраўніка, які імкнецца выслужыцца, нясе пагрозу сумленным людзям, якія працуюць ва ўстанове. Таму мы гаворым пра лік ад 900 да некалькіх тысячаў чалавек».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vidmantas Balkunas / Anzenberger / Forum

Спецыялісты «Кадравага рэзерву» складаюць базу з кантактамі тых, хто ўжо адвучыўся на праграме ці выказаў жаданне ў будучыні працаваць у дзяржаўным кіраванні. Усе звесткі надзейна ахоўваюцца, сцвярджае Юрась Губарэвіч:

«Мы аддзяляем асабістыя звесткі людзей, кантакты ад масіваў звестак пра ўзровень адукацыі, досвед працы альбо прэферэнцыі, якія выказаў чалавек адносна пасады ў будучыні. Калі мы мусім верыфікаваць людзей, мы звяртаемся да іх па дазвол на працу з персанальнымі данымі, бо бяспека – перадусім».

Запрашаць людзей з гэтай базы непасрэдна на працу, прызначаць на пасады будуць ужо новыя, беларускія ўлады, якія прыйдуць дэмакратычным шляхам пасля пераменаў, кажа спадар Губарэвіч.

Вышэйшая адукацыя ў галіне дзяржаўнага кіравання

Акрамя ўласнай навучальнай праграмы, «Кадравы рэзерв» у партнёрстве з адукацыйнай ініцыятываю «Беларуская акадэмія» прапануе таксама магчымасць атрымаць паўнавартасную еўрапейскую вышэйшую адукацыю ў галіне дзяржаўнага кіравання.

Цяпер ідзе набор на 2023/24 год на адміністраванне ў дзяржаўных органах, самакіраванні і бізнес. Навучанне будзе праходзіць цягам трох гадоў на базе Вышэйшай школы менеджараў у Коніне (Wyzsza Szkola Kadr Menedzerskich, Wydzial Zamiejscowy – Białystok). Выпускнікі атрымаюць ступень бакалаўра. Мовы выкладання – беларуская, польская, расейская.

Кошт – € 1000 за год. Пры наяўнасці карты паляка можна атрымаць зніжку 10 %.

Падаваць дакументы можна ў электронным выглядзе да 15 верасня 2023 года на адрас: ba@wskm.edu.pl.

Ганна Ганчар belsat.eu