«Зноў нейкая клаўнада». Скандал з Моладзевым хабам як вялікі мінус беларускай справе


Сілавая змена кіраўніцтва ў Беларускім моладзевым хабе пагражае знішчэннем установы: каманда адмаўляецца працаваць з новым дырэктарам, а той абяцае выгнаць незадаволеных. «Белсат» паразмаўляў з бакамі канфлікту, а таксама спытаў эксперта Вадзіма Мажэйку, як гэтая гісторыя паўплывае на беларусаў.

Новы кіраўнік Беларускага моладзевага хабу трапіў у памяшканне, выламаўшы дзверы. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2023 года. Крыніца: Белсат

Алесь Лапко, цяпер ужо былы кіраўнік Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве, абвінаваціў у рэйдарскім захопе арганізацыі аднаго са стваральнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Бульбу. У размове з «Белсатам» сваё з’яўленне ў арганізацыі Бульба параўноўвае з лесніком з анекдота пра партызанаў:

«Памятаеце анекдот пра партызанаў? Панядзелак: мы выгналі немцаў з лесу. Аўторак: немцы выгналі нас з лесу. Серада: прыйшоў ляснік і выгнаў усіх з лесу. Вось мы заходзілі, як ляснік. Мы не такія паскудныя, не хвалюйцеся. Нас прасілі зайсці, каб захаваць памяшканне, бо цераз суд яго давялося ўжо адбіваць, бо некаторыя хітражопыя, я не саромеюся гэтага слова, хацелі вывесці гэтае памяшканне пад іншы праект».

Каментар
Сяргей Бульба адмаўляе рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хабу
2023.08.02 16:21

Спадар Сяргей адмовіўся сказаць «Белсату», хто папрасіў яго «зайсці ў лес і ўсіх адтуль выгнаць», а ў адказ на пытанне пра тое, навошта былому вайскоўцу моладзевы хаб, працытаваў Напалеона.

«У яго запыталіся, чаму ён умоўна губернатарамі ставіць былых вайскоўцаў. Яны ж, маўляў, не ўмеюць, мозг у іх іншы. На што Напалеон адказаў: галоўнае – не красці. Гэтае самае я скажу пра ўсю гэтую «дземакрацічэскую абшчэсцвеннасць», – сказаў дырэктар хабу.

Ён сцвярджае, што на пляцоўку пускалі «толькі сяброў Алеся Лапко і Аляксея Лявончыка». Цяпер жа будзе сапраўдная свабода.

«Мы дамо доступ да хабу абсалютна ўсім беларусам, каб кожны беларус мог прыйсці і карыстацца магчымасцямі хабу», – запэўніў Бульба.

Не да хабу

Пры гэтым спадар Сяргей не выключыў праблемаў з фінансаваннем, бо сузаснавальнік хабу Лявончык «зладзіў прапаганду» сярод фундатараў:

«Натуральна, Лявончык ужо праз усе даступныя яму каналы правёў прапаганду. Але там жа таксама не настолькі дурныя людзі, каб не бачыць, што гэта прафесійныя змагары, што яны будуць змагацца хоць сто гадоў запар, абы грошы давалі, і ўсе сто гадоў будуць займацца імітацыяй, а не вырашэннем пытанняў унутры Беларусі».

Новы кіраўнік Беларускага моладзевага хабу Сяргей Бульба. 6 красавіка 2023 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Пры гэтым Бульба не бачыць у скандале шкоды дэмакратычнаму руху: «Я не бачу ніякіх дэмакратычных сілаў, якім гэта не ідзе на карысць. У нас ёсць дзве АПГ: АПГ Лукашэнкі і АПГ Ціханоўскай. Абодва сінімі пальцамі чапляюцца за ўладу».

Зрэшты, новы дырэктар арганізацыі прызнаўся, што цяпер заняты іншымі справамі:

«Мяне зараз больш украінскія пытанні хвалююць, зараз для мяне яны больш важныя, чым гэтыя хабы. Мы зладзім інвентарызацыю, даб’ёмся, каб усё-ткі нам далі ўсе дакументы для аўдыту, а пасля гэтага будзем гаварыць прадметна».

Стары новы хаб

2 жніўня Алесь Лапко зарэгістраваў у Варшаве новую арганізацыю, якая, як плануецца, працягне справу моладзевага хабу. Ён прызнаўся «Белсату», што перспектываў у старой юрыдычнай асобы не бачыць:

«Я скептычна стаўлюся да таго, што далей у гэтай юрыдычнай асобы можа быць нейкі пазітыўны працяг, нават калі ў нас атрымаецца яе адбіць, хутчэй за ўсё, яна ўжо шмат дзе страціла. У сектары НДА так не бывае, што з юрыдычнай асобаю працуюць  не зважаючы, якія ў ёй людзі».

Лапко адмаўляе абвінавачванні ў фінансавых махінацыях і не разумее, якіх дакументаў ад яго патрабуе новы дырэктар разам з сябрамі назіральнай рады Андрэем Ракевічам і Настассяй Баравіковай.

«Бухгалтарская фірма, што абслугоўвала асацыяцыю «Беларускі моладзевы хаб», належыць Ракевічу і Баравіковай. І ўся дакументацыя заўсёды захоўвалася ў іх у офісе. У іх маецца доступ 24/7. Таму ў мяне пытанне: якіх дакументаў я не даю?»

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Былы кіраўнік Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко. Варшава, Польшча. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Закіды пра тое, што на пляцоўку не пускалі «чужых», спадар Алесь таксама называе няслушнымі. Калі і адмаўлялі каму, то толькі праз немагчымасць знайсці вольны час у шчыльным раскладзе.

«Свае для мяне – гэта ўсе беларусы. Хаб не гумовы. У нас сфармаваўся каляндар падзеяў, каляндар нашых ініцыятываў і актыўнасцяў, мы яго проста не маглі ніяк пашыраць. Мы нават звярталіся да нашых партнёраў, каб яны прынялі ініцыятывы, якія ў хабе не маглі заставацца», – тлумачыць суразмоўца «Белсату».

«Бульбасрач»

Ён запэўнівае, што намагаўся развязаць праблему цывілізавана і без вэрхалу, памятаючы прыклад «ByPol».

«Мы, як сапраўдныя беларусы, спрабавалі вырашаць у прававым полі, каб не выносіць гэта на публіку. Там і так хапае… Я не хачу абражаць Сяргея Бульбу, але слова «бульбасрач» займела новыя адценні. Іншы шлях – размовы і медыяцыі, звяртаўся да сузаснавальнікаў хабу, каб яны таксама паўплывалі», – кажа Лапко.

Плёну гэта не дало. Ракевіч прапанаваў толькі два варыянты, сцвярджае спадар Алесь: «Андрэй Ракевіч, які сябе называе старшынёю назіральнай рады, сказаў, што маецца два варыянты: ці хаб закрываецца, ці вы яго ў мяне выкупляеце за 500 тысячаў. Я нават не ўдакладніў, у якой валюце, бо, акрамя істэрычнага смеху, у мяне гэта не выклікала нічога».

Каментар
Беларускі моладзевы раскол. Каманда хабу адмаўляецца працаваць з новым кіраўніком
2023.08.02 22:33

Колішні кіраўнік пляцоўкі прызнае, што скандал узрадаваў прапаганду:

«Уварванне ў хаб адбылося ў той час, калі пачаліся слуханні Пераходнага кабінету перад Каардынацыйнай радай, каб беларусам унутры Беларусі стварыць такую карцінку: глядзіце, тут адныя нешта разграбляюць, выломваюць, тут іншыя спрачаюцца. Каб стварыць уяўленне хаосу, што зноў нешта не падзялілі».

На меркаванне Лапко, разбурэнне хабу цалкам адпавядае інтарэсам беларускіх спецслужбаў.

«Гэта робіцца, каб знішчыць адну з найвядомейшых арганізацыяў, якая гуртавала вакол сябе беларусаў у Польшчы. Мяркую, што беларускія спецслужбы, рэпрэсіўныя органы былі б зацікаўленыя, каб беларусы за мяжою гублялі зямлю пад нагамі і паўзлі на каленях у Беларусь», – падсумаваў спадар Алесь.

«Зноў нейкая клаўнада ды ганьба»

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» назваў скандал з хабам падзеяй, што дэматывуе. Ён адзначыў, што «мала хто захоча корпацца ў дэталях ды высвятляць, што насамрэч адбылося і хто вінаваты»:

«Але адчуванне, што адныя годныя людзі сварацца з іншымі годнымі людзьмі, займаюцца нейкімі сваркамі, рэйдарскімі захопамі – гэта ўсё, натуральна, непрыгожа. Тых, хто захоча дакапацца да сутнасці, вядома, будзе менш. А большасць скажа: а божачкі, зноў нейкая клаўнада, зноў нейкая ганьба».

Мажэйка разам з расколам у «ByPol» згадаў спрэчкі вакол справаздачы Кабінету Каардынацыйнай радзе.

«Кожнаму, хто спрабуе такія рэчы ініцыяваць, я б заўсёды раіў, калі ў асобы маецца годнасць і сумленне, падумаць над тым, што гэта – вялікі мінус беларускай справе. Бо ўсе гэтыя скандалы – гэта вельмі непрыгожа, вельмі дрэнна».

Выстава «Minsk anti zoo», Варшава, 2022, Беларускі моладзевы хаб.
Фота: Белсат

«Як не сорамна?»

Эксперт мяркуе, што новаму кіраўніцтву хабу фактычна пагражае байкот, бо з падобнымі асобамі «ганьба весці справы».

«Калі людзі, якія ніколі публічна не былі вядомыя ніякай дзейнасцю ў хабе, зараз яго захопяць, то, шчыра кажучы, у мяне ўзнікне пытанне да кожнага, хто потым будзе ў хабе ладзіць нейкую імпрэзу: як не сорамна з гэтым супрацоўнічаць і фактычна падтрымоўваць гэта сваёй супрацаю?»

Вадзім Мажэйка таксама сказаў, што лічыць важнай гэтую гісторыю не толькі для беларусаў-эмігрантаў.

«Усе мы беларусы, важна, што адбываецца з беларускай супольнасцю. Так, ёсць фактар геаграфічнай аддаленасці, і гэта натуральна. Але ўсё роўна ёсць цікаўнасць, бо гэта беларуская справа», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Абноўлена
У Варшаве захапілі Беларускі моладзевы хаб?
2023.08.02 14:49

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў