Пра Сяргея Ціханоўскага няма інфармацыі чатыры месяцы. «Nexta» правярае звесткі пра здарэнне


Пра былога патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнта Беларусі, палітычнага вязня Сяргея Ціханоўскага няма інфармацыі з сакавіка. Паводле неафіцыйных звестак, з ім магло адбыцца «трагічнае здарэнне».

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

«Апошні раз я атрымлівала інфармацыю пра свайго мужа Сяргея 9 сакавіка. З таго часу я не ведаю нічога пра яго. Я не атрымала ніводнага ліста, не было і ніякай камунікацыі праз адваката. Такая ж сітуацыя ў родных Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Максіма Знака ды іншых», – распавяла жонка палітычнага вязня, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Паводле палітыка, «гэта чарговая спроба рэжыму ціснуць не толькі на палітзняволеных, якіх пазбаўляюць сувязі з вонкавым светам і трымаюць у жудасных умовах, а яшчэ і на іхных родных, якія вымушаныя жыць без аніякай інфармацыі пра дарагіх людзей.

І якой бы моцнай і нязломнаю мне ні хацелася быць, я ўсё роўна кожны дзень перажываю за Сяргея. Вельмі цяжка жыць, калі не ведаеш, жывы твой муж ці не».

У Twitter Святлана Ціханоўская паведаміла, што атрымала «вельмі дзіўнае і жахлівае паведамленне»:

«Невядомы напісаў, што ў Жодзінскай турме памёр мой муж Сяргей. Для гэтага сцвярджэння няма ніякіх доказаў. Такія чуткі ходзяць не ўпершыню, і я не ведаю, як гэта пракаментаваць».

Тым часам «Nexta» паведаміў са спасылкаю на розныя крыніцы пра трагічнае здарэнне з Сяргеем Ціханоўскім у Жодзінскай турме № 8:

«Усе дэталі здарэння ўдакладняюцца, у распараджэнні нашай рэдакцыі ёсць афіцыйны дакумент, сапраўднасць якога ў гэты момант верыфікуецца».

Пры гэтым у выданні падкрэслілі, што «інфармацыя можа аказацца ўкідам».

Сяргей Ціханоўскі застаецца за кратамі з 29 траўня 2020 года. 14 снежня 2021-га яму прысудзілі 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А 27 лютага 2023-га дадалі яшчэ 1,5 года зняволення.

Hавiны
Дзяржсакратар ЗША Блінкен заклікаў безумоўна вызваліць усіх беларускіх палітвязняў
2023.07.03 14:09

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў