Аляксандр Кабанаў: як можна дапамагчы беларускім палітвязням?


Святлане Ціханоўскай паступіла ананімная інфармацыя пра нібыта смерць мужа. Апошнія звесткі пра стан блогера былі атрыманыя яшчэ ў сакавіку. Без сувязі з роднымі таксама трымаюць і сотні іншых палітвязняў. Ці ёсць спосабы даведацца пра праблемы палітычных зняволеных і як змагацца з катаваннямі і інфармацыйным вакуумам, у жывым эфіры «Белсат» распавёў былы палітвязень, блогер Аляксандр Кабанаў.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Калі чалавека садзяць у камеру-«адзіночку», то гэта пераносіцца вельмі складана. Калі няма ад родных звестак, калі няма звестак, што ўвогуле адбываецца на волі, і табе яшчэ перыядычна ставяць радыё беларускае, дзе гэтыя незразумелыя навіны, то чалавеку маральна гэта вельмі цяжка пераносіць. Калі ж чалавек знаходзіцца ў атрадзе, то нейкія навіны яму ўсё ж даходзяць, ён размаўляе з іншымі зняволенымі, тыя перадаюць нейкую інфармацыю».

Блогер мяркуе, што акурат цяпер палітычныя лідары знаходзяцца ў «адзіночцы», а гэта ў сваю чаргу маральна і псіхічна цісне не толькі на саміх зняволеных, але і на іхных родных. А галоўнае, што механізмаў уплыву для змены сітуацыі на дадзены момант у беларусаў ніякіх няма, таму варта шукаць тых людзей, якія могуць з гэтым дапамагчы.

«Па маёй інфармацыі, зараз у Польшчы недзе ў сярэдзіне гэтага месяца тры дні будзе разглядацца пытанне палітвязняў. У Польскім сейме. Туды будуць запрошаныя розныя актывісты, палітыкі. І будзем гэтыя пытанні ўздымаць, як можа паўплываць на гэта ўрад Польшчы, напрыклад. У іх рэальныя механізмы ёсць».

Тая ж праблема, на думку Аляксандра Кабанава, і ў сітуацыі з Сяргеем Ціхноўскім.

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

«Гэта можа быць укід, гэта можа быць праўда. Гэта ўсё вельмі сур’ёзна. Гэта кажа пра тое, як працуюць усе нашыя праваахоўныя органы, як працуе нашая пеніцыярная сістэма, што такое нашыя суды, што такое ўвогуле справядлівасць і закон у нашай краіне, калі людзі не могуць элементарна даведацца пра здароўе свайго роднага, які знаходзіцца ў турме, у лагеры».

Блогер падкрэслівае, што гэта прамое парушэнне заканадаўства. Не толькі беларускага, але і міжнароднага. Але беларускім уладам «на гэта пляваць». Аляксандр узгадвае, што на Сяргея Ціханоўскага пачаўся ціск яшчэ тады, калі яго перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, і гэты ціск працягнуўся таксама ў калоніі. Але ці могуць самі вязні ўплываць на змяншэнне гэтых катаванняў шляхам напісання скаргаў? Блогер упэўнены, што палітычныя зняволеныя такога права не маюць.

«Пры мне былі выпадкі, калі звычайны зняволены перадаваў альбо праз родных, альбо нейкім іншым шляхам скаргу ці то ў Генеральную пракуратуру, ці то ў Дэпартамент выканання пакаранняў у Менску, і тады нейкія меры прымаліся, але гэта не датычыцца палітвязняў. Любы палітвязень, які пачынае пісаць скаргу, у яго аўтаматычна пачынаюцца праблемы. Гэта ШЫЗА, гэта ПКТ, гэта “адзіночкі”, гэта пазбаўленне сустрэчаў, тэлефанаванняў, то бок максімальна ўсё, што можна зрабіць. Адзіны спосаб… І зноў, гэта не рэкамендацыя, я прайшоў гэта на сваім вопыце, калі ў мяне ўжо былі сур’ёзныя праблемы. Я ведаў ад іншых, ад крымінальных зэкаў, арыштантаў, яны ўсе парэзаныя, у іх ускрытыя жываты, яны глыталі цвікі, акуляры, усё, што знаходзілі, шкло… І такім чынам яны дабіваліся хоць нечага».

Што ж датычыць так званых інспекцыяў з прадстаўнікоў дзяржаўных установаў, якія ніякіх парушэнняў у калоніях не знайшлі, Аляксандр Кабанаў распавядае, што ведае, як гэта ўсё адбываецца, таму даверу да іх быць не можа, бо гэта ўсё – «цырк».

Александр Кабанов
Блогер Аляксандр Кабанаў, аўтар каналу «Народны рэпарцёр». Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Таксама блогер падкрэслівае, што шмат працэсаў унутры і звонку нашай краіны цяпер залежыць ад таго, што адбываецца ва Украіне, а гэта выклікае дадатковыя складанасці ў тым ліку і для магчымасцяў уплыву на рэжым Лукашэнкі.

Але ці мэтазгодна ісці на перамовы з уладамі для хутчэйшага вызвалення палітвязняў?

«Нашая мэта – скінуць гэтую ўладу любымі спосабамі для таго, каб вызваліць усіх палітвязняў. На сённяшні момант у базе “беспарадкі” 42 тысячы чалавек. 42! Мы зараз кажам: паўтары тысячы палітзняволеных… Але гэтая лічба абсалютна іншая. Людзей звальняюць, выжываюць з краіны, палохаюць родных, пагрозы ў школах, дзіцячых садочках… Паўсюль ідзе трэш страшэнны. А з гэтым мы што будзем рабіць? Таксама сядзем за стол перамоваў і скажам: калі ласка, не звальняйце?»

Блогер упэўнены, што для перамоваў цяпер няма ўмоваў і ніхто палітычных зняволеных выпускаць не плануе, таму трэба ствараць гэтыя ўмовы самім, каб ужо рэжым прасіў аб магчымасці дамовіцца.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў