У Беларусі за тры месяцы з пачатку года выяўлена 10 тысячаў хатніх агрэсараў


За тры месяцы з пачатку года ў Беларусі пакараныя больш за 10 тысяч хатніх агрэсараў. Дадзеныя былі абнародаваныя падчас нарады па хатнім гвалце, якая прайшла 4 траўня ў МУС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Паводле звестак МУС РБ, у Беларусі праблема хатняга гвалту «не страчвае актуальнасці і патрабуе ўмяшання ўсіх зацікаўленых ведамстваў». За студзень-сакавік 2023 года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі больш за 10 тысяч хатніх агрэсараў.

Важнай праблемай застаецца дакументаванне такіх спраў (састаўленнем пратаколаў). З гэтай нагоды ў міністэрстве распрацаваны праект міжведамаснага алгарытму абмену і ўліку інфармацыі аб фактах хатняга гвалту. Для абароны пацярпелых ад зламысніка міліцыя стала актыўней выкарыстоўваць ахоўныя прадпісанні. Людзей з алка- і наркатычнай залежнасцямі змяшчаюць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Аб фактах хатняга гвалту можна заявіць, прыйшоўшы і на штотыднёвы прыём грамадзян.

Нагадаем, што раней тэма прафілактыкі і пакарання хатняга гвалту была адным з кірункаў супрацы МУС РБ з беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі і рознымі Еўрапейскімі структурамі. Аднак пасля 2020 года ў Беларусі зліквідаваны амаль увесь грамадскі сектар, а пасля лютага 2022 года ЕЗ спыніў супрацу з дзяржструктурамі рэжыму Лукашэнкі.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў