Называў сябе пратэстоўцам і ветэранам-каліноўцам, але можа быць агентам КДБ


На радыё «Рацыя» выйшла размова з Вячаславам Галагуцкім, які называў сябе ўдзельнікам пратэстаў у Беларусі. Але крыніцы «Новага часу» адзначаюць, што насамрэч ён можа супрацоўнічаць з беларускімі спецслужбамі.

Вячаслаў Галагуцкі.
Фота: racyja.com

У выдаленым ужо інтэрв’ю на радыё «Рацыя» ад 3 красавіка Вячаслаў Галагуцкі быў прадстаўлены як «кандыдат навук, выкладчык тэхнічнага ўніверсітэту, прадпрымальнік», які быў асуджаны двойчы за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Сам Галагуцкі адзначаў, што быў затрыманы ўпершыню 1 верасня 2020 года, аштрафаваны на 20 базавых паводле арт. 23.34 КаАП, бо бараніў студэнтаў. Таксама ён нібы «арганізоўваў свой двор пасля пратэстаў». А ў другі раз яго затрымалі, казаў Галагуцкі, пасля нападу Расеі на Украіну ў 2022 годзе за ўдзел у акцыі пратэсту і за тое, што «з адной Z-машыны наклейкі паздзіраў». З ІЧУ на Акрэсціна яго нібы перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску, завялі крымінальную справу, збівалі. Але нягледзячы на вялікую колькасць абвінавачванняў, ён нейкім чынам апынуўся за мяжой (у размове гэтае пытанне не раскрываецца).

Апроч таго, Галагуцкі казаў, што ў яго трэцяя група інваліднасці з прычыны цукровага дыябету. У Польшчы яму нібы прыйшлося перажыць некалькі аперацый, у тым ліку праз раны ад пабояў давялося адняць палову стапы.

Не актывіст, а шпіён?

Тым не менш, у словах Галагуцкага засумнявалася выданне «Новы час». У прыватнасці, не атрымалася знайсці аніякай інфармацыі пра тое, што ён быў выкладчыкам і кандыдатам навук. Няма звестак пра рэпрэсіі супраць яго на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».

Тым часам жанчына, якая здавала Галагуцкаму жытло ў Варшаве, распавяла, што сваю ампутаваную ступню ён тлумачыў тым, што ён нібы ваяваў у Палку Каліноўскага, падарваўся на міне «пялёстак». Таксама казаў, што служыў у батальёне «Тэрор» і меў пазыўны «Змей». Але ў Палку Каліноўскага апазнаць яго не змаглі, як і прадставіць адпаведных дакументаў.

Таксама сябар Галагуцкага адзначыў, што ягоныя расповеды адносна пратэстаў «былі зблытаныя, было шмат несупадзенняў». А ў ягоным тэлефоне была перапіска з чалавекам, якія даваў Галагуцкаму заданні ўкараніцца ў дыяспару, даведацца, як фінансуецца Расейскі добраахвотніцкі корпус і іншае. Сябар мяркуе, што заданні даваў супрацоўнік КДБ.

«У перапісцы я прачытаў пра непакой Вячаслава наконт яго «легенды», на што быў адказ: «не хвалюйся, мы цябе абвесцім у міжнародны вышук, і ўсё будзе ок». Яшчэ там былі парады выдаляць усю перапіску, абмяркоўвалася эвакуацыя з Польшчы», – адзначаў суразмоўца выдання.

Паводле яго, Галагуцкі сапраўды пашкодзіў п’яным расейскі аўтамабіль, і праз гэта, магчыма, быў завербаваны.

9 студзеня працаўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) затрымалі грамадзянку Беларусі, якая працавала на беларускі КДБ. Ёй аказалася былая актывістка «Гавары праўду» Дар’я Астапенка. Таксама яна падпрацоўвала ў сферы порнаграфіі, і так магла быць завербаваная.

Студыя «Белсат»
Шпіёнка-порназорка сама сябе «спаліла» ў Польшчы. Вечаровы эфір за 11 студзеня
2024.01.11 20:39

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў