Кляшчы пакусалі ўжо сотні беларусаў. У якіх рэгіёнах цярпяць ад крывасмокаў больш за ўсё


За люты – сакавік 2024 года медыкі зарэгістравалі больш за 200 зваротаў наконт прысмоктвання кляшчоў, расказала энтамолаг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова. Жыхары якіх рэгіёнаў Беларусі трапілі пад асабліва моцны ўдар?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Erik Karits / pexels.com

Выступаючы на прэс-канферэнцыі БелТА «Сезон актыўнасці кляшчоў: прафілактыка і лячэнне клешчавых інфекцыяў у людзей і свойскіх жывёлінаў», Святлана Яшкова адзначыла, што колькасць укусаў штогод расце. За 2023-ы зафіксавалі больш за 31 000 выпадкаў, гэта больш за леташні паказнік на 11 %.

Такі ўсплёск актыўнасці кляшчоў звязаны з анамальна высокай тэмпературай у Беларусі. Цяпер яны спяць усяго два месяцы на год – у снежні і студзені.

Распаўсюд небяспечных захворванняў залежыць ад рэгіёну. Напрыклад, заражэнне барэліёзам адбываецца з большай доляй удзелу жыхароў Берасцейскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай вобласцяў.

Усім вядомы клешчавы энцэфаліт у большай ступені актыўны на захадзе краіны – у Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцях. На гэтыя два рэгіёны прыпадае каля 62 % усіх выпадкаў захворвання.

Усяго ж за мінулы год дактары дыягнаставалі больш як 2000 выпадкаў хвароба Лайма і больш за 200 выпадкаў клешчавага энцэфаліту. Прычым першым захворваннем можна заразіцца толькі праз іксодавых кляшчоў, а другім – нават пры ўжыванні ў ежу сырога казінага малака.

Энтамолаг нагадала, што прысмоктванне кляшчоў адбываецца пераважна ў лясных масівах (44 % усіх выпадкаў), сельскай мясцовасці і на дачных участках (35 %).

Як абараніцца ад укусаў кляшчоў?

Зразумела, лепш папярэдзіць укус. Для гэтага трэба прытрымлівацца некалькіх простых правілаў:

  • пры паходзе ў мясцовасць, дзе ёсць рызыка сустрэць кляшчоў, варта надзець адпаведнае адзенне і затуліць аголеныя ўчасткі цела;
  • апрацаваць адзенне і цела спецыяльным сродкам, які адпужвае і/або знішчае кляшчоў;
  • перыядычна праводзіць самастойны і ўзаемны агляд адзення і цела.

Спецыялісты рэкамендуюць у выпадках, калі вы знайшлі на целе кляшча, як мага хутчэй звярнуцца да доктара. Пажадана зрабіць гэта ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу, каб пачаць прафілактычнае лячэнне.

Даследаванне кляшча метадам ПЛР на клешчавыя інфекцыі стала даступнае ў Менскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі з 1 красавіка. Пра гэта ўстанова паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

ПЛР-тэставанне дапаможа пільна (цягам 24–48 гадзін) атрымаць інфармацыю наконт наяўнасці або адсутнасці актуальных інфекцыяў у кляшча. У прыватнасці, пацыенты, якія здалі кляшча на правяранне, могуць даведацца, ці быў клешч пераноснікам хваробы Лайма, клешчавага энцэфаліту, эрліхіёзу і анаплазмозу.

Станам на 1 красавіка 2024 года даследаванне кляшча метадам ПЛР будзе каштаваць:

  • на барэліі – 43,5 рублёў;
  • на вірус клешчавага энцэфаліту – 44,14 рублёў;
  • на барэліі, вірус клешчавага энцэфаліту – 55,76 рублёў;
  • на барэліі, вірус клешчавага энцэфаліту, анаплазмозу і эрліхіёзу – 69,98 рублёў.

Вынік даследавання карыстальнікі паслугі змогуць атрымаць на электронную пошту.

Разбор
«Яны забралі ў нас лес». Чым небяспечныя кляшчы ў Беларусі і як ад іх ратавацца?
2023.05.20 13:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў