Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка падпісаў указ № 132, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у палажэнне аб кадэцкім вучылішчы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе самаабвешчанага кіраўніка Беларусі.
«Указ будзе садзейнічаць развіццю ваенна-патрыятычнага выхавання кадэтаў і папулярызацыі адукацыі ў інтарэсах органаў нацыянальнай бяспекі», – гаворыцца ў паведамленні.
Дакумент павялічвае тэрміны вучэбна-палявых збораў для кадэтаў VIII і X класаў з 5 дзён (30 гадзін) да 10-12 дзён (60-72 гадзін).
Таксама адзначаецца, што медычная даведка кандыдата ў кадэты, якая выдаецца дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя, мусіць змяшчаць звесткі пра адсутнасць медычных супрацьпаказанняў да навучання і выхавання ў кадэцкай вучэльні.
Канкрэтныя тэрміны правядзення збораў і пералік супрацьпаказанняў да навучання ў кадэцкай вучэльні маюць вызначыць Міністэрствы адукацыі і аховы здароўя.
Нагадаем, што ў Беларусі ў вучняў другіх і трэціх класаў з’явіцца новы факультатыў – «Азбука маральнасці». Яго праграма была зацверджаная Міністэрствам адукацыі. Таксама былі выдадзеныя адмысловыя падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1–4, 5–9 і 10–11 класаў.
Якуб Хруст belsat.eu