«Дагэтуль не выношу дотыкаў чужых». Беларускі масава выступаюць у сеціве супраць гвалту


Пасля нападу на беларуску Лізавету ў цэнтры Варшавы, якое прывяло да яе смерці, у сацсетках распаўсюдзіўся хэштэг «хопіцьгвалціць». Сутнасць акцыі ў асуджэнні сексуальнага і сексуалізаванага гвалту. Жанчыны дзеляцца сваімі гісторыямі і бачаннем сітуацыі. «Белсат» сабраў рэакцыі на трагедыю і праблему, пра якую складана казаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Johanna Geron / Reuters / Forum

«Вайна, у якой жанчыны былі ахвярамі і вінаватымі»

Часта дзяўчаты і жанчыны, якія вырашыліся распавесці свае гісторыі адзначаюць, што праблема, з якой ім давялося сутыкнуцца, вельмі распаўсюджаная.

«Усім нам жанчыны, дзяўчаты, дзяўчынкі прысвячаю. Першы напад я перажыла ў 15 гадоў. Яно завяршылася правалам для гвалтаўніка. Але траўма дае аб сабе ведаць. Другі раз у 20 гадоў. Я ўцякла», – распавядае палітолаг, кандыдат гістарычных навук Роза Турарбекава. – Пра сексуальны гвалт у гады маёй маладосці было прынята маўчаць. Але яго ад гэтага не было менш. Было больш траўмаваных жанчын, якія імкнуліся забыцца, стараліся “паводзіць сябе акуратна”. Мама казала пра мужчын, што яны “жывёлы”.

Гэта была маўклівая вайна, у якой жанчыны былі ахвярамі і вінаватымі апрыёры. Я не буду апісваць, колькі разоў мяне спрабавалі згвалціць, колькі разоў да мяне спрабавалі дакрануцца. Колькі я чула непрыстойных прапаноў. Шмат. Зашмат. Пачынаючы з 15 гадоў. Не буду, таму што мой пост чытаюць блізкія людзі. Гэта таксама яшчэ адзін важны момант, калі ты маці і жонка. Не буду, але ведаю, як ўсім нам. Бедная Ліза. Мы павінны казаць пра гэта, дзеля сябе, яе і нашых дзяўчынак».

Вядоўца «Белсату», музыка і культурніцкая дзяячка Кацярына Ваданосава піша, што гвалт – гэта самае страшнае, што было ў яе жыцці:

«Не рак, не вайна, не здрада, не руйнаванне надзеяў. Пры адной спробе гвалту, калі я была падлеткам, я змагла збегчы, парваўшы звязкі на назе. Пры другой… Няважна. Там было значна страшней, але я, як і сотні тысячаў іншых, не хачу гаварыць пра гэта.

Калі хтосьці кажа, што вінаватая ахвяра – ён сам гвалтаўнік. Не дай Божа нікому спазнаць гвалт на сваёй скуры. Вечны спакой Лізе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Кацярына Вадановаса

«Дагэтуль не выношу дотыкаў чужых людзей»

Дар’я Лявіцкая кажа, што расказваць пра свой цяжкі досвед цяжка, але яна ўсё ж вырашылася зрабіць пост.

«На месцы Лізы магла апынуцца кожная з нас і кожная гісторыя – гэта кропля ў вялікім моры, якое нарэшце, спадзяюся, змое гвалт у свеце.

Мне 13 год, я ў бабулі ў вёсцы. Па гаспадарцы за бутэльку ёй дапамагаў дзед гадоў 60-ці. Я засталася дома адна, ён прыехаў нешта зрабіць. У нейкі момант ён зразумеў, што акрамя мяне дома больш нікога няма. “Колькі табе ўжо? 13? А, дык ужо можна! Ідзі вунь туды, я зараз прыйду. Толькі бабулі нічога не кажы!” – прыгаворваў ён, пакуль лапаў мяне. Хапіла адрэналіну, каб збегчы.

Мне 15. Мы з сябрамі “тусуемся на хаце”. У нейкі момант хлопец старэйшы за мяне гады на тры, ці чатыры пачынае да мяне лезці, цалаваць мяне і лапаць. А я не ведаю, што рабіць. Можа выратавала тое, што да дзяўчыны, якая проста нерухома ляжыць, ён хутка згубіў цікавасць. Мне было страшна, а потым брыдка.

Дагэтуль я не выношу дотыкаў чужых людзей. Мне хочацца памыцца нават пасля таго, як хтосьці дакрануўся да мяне напрыклад у чарзе, каб спытаць, ці я тут апошняя.

Чаму я ўсё ж такі вырашылася на тое, каб распавесці пра свой досвед? Каб кожны пабачыў, што праблема мае масавы характар, каб нарэшце мужчыны пачалі весці сябе адпаведна, каб хлопцы разумелі, што іх сіла накладае адказнасць», – піша Дар’я.

Яна падкрэслівае, што нават, калі дзяўчына можа выглядаць яскрава і дзяліцца фотаздымкамі ў сацсетках – гэта не дае нікому права яе аб’ектызаваць і гвалціць.

Разбор
«Мы ходзім з ключамі ў руках уначы, не заходзім у ліфт, калі там мужчына». Як спыніць гвалт?
2024.03.04 18:22

Яшчэ адна беларуска Л. расказвае, што стала ахвярай гвалту яшчэ падлеткам:

«У першы раз гэта здарылася, калі мне было 12. А потым у 16. І яшчэ раз. І яшчэ раз.

А потым стала зразумела, што мне секс не падабаецца, таму што я не была знаёмая з паняццямі ўзаемнай павагі ў ложку. Вельмі шмат працы з тэрапеўтамі, злосці, нянавісці да сябе, а потым і да мінулых гвалтаўнікоў. Памятаю, што па-сапраўднаму мне стала лягчэй толькі калі дзякуючы тэрапеўтцы я ў думках збіла кожнага з іх.

Мяне клічуць Л., мне 25, і мне пашанцавала.

І я толькі пачынаю вучыцца кахаць секс і давяраць мужчынам».

З непавагі – праславутае «сама вінаватая»

Юрыстка-міжнародніца, экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэту Кацярына Дэйкала падзялілася прафесійным поглядам на сітуацыю і адзначыла, што таксама сутыкалася з гвалтам.

«Згвалтаванне для большасці, вядома, не ок. Але ў прычынах, чаму не ок, будзе ў асноўным – таму што гэта крымінальнае злачынства, але, як правіла, не будзе нічога пра суб’ектнасці жанчыны. А бо гэта ўсё пра яе – пра павагу субʼектнасці жанчыны. І крымінальным злачынствам гэта зʼяўляецца менавіта таму, што чалавек – субʼект, а не абʼект па азначэнні. І менавіта з непавагі гэтай субʼектнасці – праславутае “сама вінаватая”.

Пры гэтым, сексуальны/сексуалізаваны гвалт – гэта не толькі дзеянні, якія кваліфікуюцца як згвалтаванне ў Крымінальным кодэксе. Гэта не толькі калі злачынец з нажом або пʼяны сябар на вечарыне. Хоць і гэтага нашмат больш, чым людзі думаюць.

Але важна разумець, што згвалтаванне – гэта крайняя ступень і радыкальная форма таго, што вельмі многімі лічыцца ў грамадстве дапушчальным. Пры чым як мужчынамі, так і жанчынамі», – падкрэслівае юрыстка.

Каментар
Хлопцу беларускі Лізаветы, на якую напалі ў Варшаве, трэба псіхалагічная дапамога
2024.03.01 13:03

Дотыкі, непрыстойныя прапановы, жарты і намёкі ў сітуацыях адсутнасці відавочна выяўленай згоды – усё гэта следства успрымання жанчыны як абʼекта.

«Гэта ўсё як раз тое, пра што куча мам і тат у нашым грамадстве скажуць дачцэ: “Ды ну, нічога страшнага”. Гэта як раз тое, пра што куча мужчын і жанчын скажуць: “А што тут такога, трэба радавацца калі табе аказваюць знакі ўвагі”. І гэта як раз тое, пра што тыя, хто гэта ўсё адчувае, не будзе распавядаць таму што “ну гэта ж не згвалтаванне”, або “ну а што з гэтым можна зрабіць”, або па многіх іншых прычынах. Пра згвалтаванне, як высвятляецца, таксама распавядаюць далёка не ўсе. А калі і распавядаюць, то “не трэба было..”.

Менавіта таму важна даводзіць такія справы, як у ЕГУ, да рэальных наступстваў калі ёсць рэальныя факты і доказы. Менавіта таму дзікай здавалася пазіцыя адміністрацыі ЕГУ, якая ніяк не магла разрадзіцца рашэннем.

На мой погляд, важна таксама разумець, што ад мужчын мала рэакцый, бо многія мужчыны, якія лічаць гэта ўсё недапушчальным, проста не ведаюць, што і як сказаць. Баяцца сказаць нешта, за што потым прыляціць як за “не тое”. Таму вельмі каштоўна, калі яны пачынаюць наогул пра гэта казаць і на гэта рэагаваць.

Ім няма адкуль узяцца раптам такімі, якія супер усё разумеюць, не здзіўляюцца – мы ўсе прадукт нашага патрыярхальнага грамадства. І ад таго, што ўсе выйшлі ў 2020 супраць Лукашэнкі – у гэтым плане не змянілася практычна нічога. І акрамя захадаў на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі  “у дэмакратычнай Беларусі” – гэта вялікая праца кожнага над сабой, якую можна рабіць не чакаючы звяржэння рэжыму», – заключае Кацярына Дэйкала.

Hавiны
Беларус у Варшаве задумаў праект самаабароны для жанчын, каб мінімізаваць «гамон»
2024.03.02 12:27

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў