Шок ці фэйк? Звесткі аб праслухоўванні сустрэчы Ціханоўскай у Польшчы правярае пракуратура


Акруговая пракуратура Варшавы распачала расследаванне справы аб незаконным праслухоўванні апазіцыйных палітыкаў у часы кіравання партыі «Закон і справядлівасць», піша выданне «Onet». Польскія спецслужбы, імаверна, сачылі за сустрэчаю Святланы Ціханоўскай у Варшаве ў 2020 годзе.

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Варшаву, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Упершыню інфармацыю аб праслухоўванні апазіцыйных палітыкаў у часы кіравання партыі «Закон і справядлівасць» распаўсюдзіла выданне «Gazeta Wyborcza». У красавіку летась быў апублікаваны матэрыял пра сачэнне за гасцямі ў гатэлях, якімі кіруе дзяржаўная кампанія «Polski Holding Hotelowy».

У якасці прыкладу была ўзгаданая сустрэча абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай з палітыкамі «Грамадзянскай платформы» у верасні 2020 года. Перамовы адбыліся ў гатэлі «Courtyard by Marriott» у Варшаве. Як сцвярджала «Gazeta Wyborcza», пасля сустрэчы кіраўнік «Polski Holding Hotelowy» даслаў электронны ліст чальцу кіроўнай тады партыі «Закон і справядлівасць» Ёахіму Брудзіньскаму з падрабязнай справаздачаю пра гэтыя перамовы. З гэтых звестак вынікае, што памяшканне, дзе адбылася сустрэча, або праслухоўвалася, або там працавалі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі, адзначала выданне.

Цяпер Акруговая пракуратура Варшавы пачала расследаваць гэтую інфармацыю.

Адзін з удзельнікаў той сустрэчы з Ціханоўскай, віцэ-старшыня «Грамадзянскай платформы», а цяпер і каардынатар спецслужбаў у кабінеце міністраў, Томаш Семоняк назваў звесткі пра сачэнне «абсалютна шакавальнай інфармацыяй»:

«Асабліва сумна, што сачэнне адбывалася ў кантэксце прысутнасці беларускай лідаркі, якая ўцякла з краіны праз таталітарныя абмежаванні».

У той час намеснікам міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі быў Мацей Вонсік. Ён назваў абвінавачванні ілжывымі і выдуманымі. А іншы фігурант, Брудзіньскі, заявіў, што інфармацыя пра праслухоўванне – глупства і «тэатральна перабольшаныя абурэнні».

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў