Нават захоп палонных. Прапанаваныя тры стратэгіі вызвалення палітвязняў


Каардынацыйная рада 2–3 снежня ладзіць вялікія слуханні на тэму вызвалення палітычных зняволеных. «Белсат» пераказваў і сцісла і падрабязна, што казалі ў першы дзень. У другі дзень фракцыі КР абмеркавалі магчымыя стратэгіі вызвалення палітвязняў і паказалі чарнавік рэзалюцыі, які зможа пракаментаваць любы ахвочы. 

Прадстаўнікі фракцыяў Каардынацыйнай рады
Прадстаўнікі фракцыяў Каардынацыйнай рады. Злева направа: Алена Турава, Павел Патапаў, Вольга Кавалькова, Ганна Краўчанка; на экране Віталь Рымашэўскі. Варшава, Польшча. 3 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

На слуханні запрасілі шматлікіх палітыкаў, праваабаронцаў і актывістаў – у тым ліку тых, хто не ўваходзіць у Каардынацыйную раду. Праз гэтую сустрэчу хацелі зблізіць падыходы, выпрацаваць супольную стратэгію дэмакратычных сілаў для вызвалення палітвязняў, якіх трымае ў закладніках рэжым Аляксандра Лукашэнкі, для рэабілітацыі вызваленых і падтрымання сем’яў зняволеных.

У першай дыскусіі свае пазіцыі прадставілі фракцыі Каардынацыйнай рады. Варыянтаў стратэгіі пабачылі тры:

1. Ціск на рэжым Лукашэнкі санкцыямі і іншымі шляхамі, але не перамовы з рэжымам.

2. Перамовы дзеля вызвалення прынамсі часткі вязняў з магчымым змякчэннем ці ўзмацненнем ціску пры пэўных умовах.

3. Сілавы варыянт вызвалення вязняў або захопу палонных дзеля абмену.

Пяць з шасці фракцыяў КР выступілі за другі варыянт, адна – за першы. Трэці шлях прапаноўваў днём раней палітычны прадстаўнік палка імя Кастуся Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі, сябры КР не разглядалі такую ідэю.

Што думаюць фракцыі Каардынацыйнай рады

Алена Турава з фракцыі «Адзінства па-над межамі» выказала такую пазіцыю: прымаць рэзалюцыю ў выніку гэтых слуханняў не трэба, бо пазіцыі дэмакратычных сілаў розныя. Фракцыя хоча вярнуцца да максімалісцкай пазіцыі 2020 года: спыненне рэпрэсіяў, вызваленне палітвязняў, свабодныя выбары. Дасягаць гэтага хочуць праз міжнародны ціск. Пры тым фракцыя дапускае скліканне працоўнай групы, якая будзе прапаноўваць рашэнні. Сябра КР з той жа фракцыі Раман Кісляк дадаў: за час слуханняў пазіцыі не збліжалі, усіх магчымых сродкаў ціску на рэжым яшчэ не выкарысталі. Фракцыя пры тым выступае і за перамовы дзеля вызвалення прынамсі часткі вязняў.

Павел Патапаў з фракцыі «Грамадзянская салідарнасць» ацаніў сітуацыю з палітвязнямі як «застылую». Палітычны крызіс зацягваецца, Лукашэнка ўтрымлівае палітвязняў дзеля захавання ўлады, нават пры самых аптымістычных сцэнарах не варта разлічваць на датэрміновае вызваленне палітвязняў. Ён адзначыў два сцэнары: узмацненне ціску на рэжым, перамовы з рэжымам і сілавы сцэнар. Фракцыя выступае за захаванне жыцця і здароўя людзей як прыярытэт, а таксама за пераслед вінаватых у злачынствах супраць беларусаў. Фракцыя прапаноўвае вылучэнне пытання палітвязняў у асобны працэс, пошук міжнародных пасярэднікаў і гатовых да перамоваў прадстаўнікоў рэжыму, запуск некалькіх перамоўных лініяў для вызвалення палітвязняў без папярэдняга скасавання санкцыяў, з магчымым іх узмацненнем ці скасаваннем пры пэўных умовах.

Вольга Кавалькова з фракцыі «Шчаслівая нацыя» канстатавала: ранейшая стратэгія дэмакратычных сілаў пакуль не дасягнула сваіх мэтаў у вызваленні палітвязняў, а Лукашэнка ўпэўнена кантралюе Беларусь і не адчувае для сябе палітычнага крызісу, спадзявацца на амністыю і спыненне рэпрэсіяў не выпадае. Яна прапанавала разглядаць вызваленне палітвязняў асобнай задачай ад змены рэжыму на дэмакратычны, ставіць у прыярытэт жыццё і здароўе людзей. Фракцыя лічыць важным абмен думкамі паміж рознымі групамі, стварэнне працоўнай групы з людзьмі ў тым ліку не з КР, пошук каналаў сувязі з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў і пошук новых сродкаў ціску, складанне спісу варыянтаў і тактык, звароты ў міжнародныя арганізацыі па пасярэдніцтва ў вызваленні.

Ганна Краўчанка з фракцыі «Моладзевы наступ» нагадала, што толькі на перадачы палітвязням патрэбныя 9 млн еўраў, і гэта без уліку юрыдычнай дапамогі і падтрымкі сваякоў. Таксама яна нагадала, што 34 чалавекі выйшлі датэрмінова без удзелу дэмакратычных сілаў, згадала пра смерць палітвязняў за кратамі і пра гуманітарны спіс ініцыятывы Politzek.me, у якім шэсць дзясяткаў чалавек. Яна заклікала «сутыкнуцца з рэальнасцю»: міжнародны ціск не прывёў да вызвалення людзей, узмацненне санкцыяў да нейкага крытычнага аб’ёму немагчымае, а цяперашнія санкцыі прыводзяць у тым ліку да росту залежнасці Беларусі ад Расеі, рэсурсаў для ціску ўсё менш. Фракцыя выступае за аддзяленне «гуманітарнага трэку» ад палітычнага, фармаванне шырокай працоўнай групы праваабаронцаў і без удзелу палітыкаў.

Радзівон Бягляк з фракцыі «Адказнае партнёрства» растлумачыў, што захоп палітвязняў Лукашэнку патрэбны, каб ізаляваць лідараў пратэсту і каб застрашыць рэшту людзей у Беларусі. З гэтай логікі вынікае, што лідараў пратэсту немагчыма вызваліць – Лукашэнка бачыць іх пагрозай утрыманню ўлады, нават калі яны з’едуць за мяжу. Але вызваленне астатніх прывядзе да страты «галоўнага пудзіла рэжыму» – давядзецца нешта прапанаваць Лукашэнку, а ён зможа захапіць новых вязняў. Міхаіл Рубін з той жа фракцыі расказаў, што акрамя санкцыяў няма іншага рычагу ўплыву на рэжым, санкцыі трэба ўзмацняць, шукаць новыя інструменты ціску. Але фракцыя падтрымлівае стварэнне працоўнай групы дзеля выпрацоўвання стратэгіі вызвалення палітвязняў.

Віталь Рымашэўскі з фракцыі «Нашая справа» адзначыў, што адзінства ў пытанні вызвалення палітвязняў няма, што розныя групы спрачаюцца пра шляхі вызвалення. Фракцыя выступае за «прызнанне рэчаіснасці»: адсутнасці эфектыўных інструментаў у руках дэмакратычных сілаў, але наяўнасць такіх інструментаў у тых дзяржаваў, якія ўводзяць санкцыі. Суб’ектам перамоваў фракцыя бачыць прадстаўнікоў Еўразвязу і Злучаных Штатаў (або галоўнага спецыяльнага прадстаўніка), якіх мае кансультаваць беларуская дэмакратычная супольнасць. Дыялог павінен быць публічны, лічыць ён. Вызваленне палітвязняў мусіць абавязкова быць звязанае са спыненнем рэпрэсіяў. Таксама ён заклікаў даць мандат гэтай перамоўнай групе на пошук шляхоў падтрымкі сем’яў зняволеных і рэабілітацыю вызваленых. Патрэбная супольная рэзалюцыя і працоўная група дэмакратычных сілаў, але патрэбныя і міжнародныя прадстаўнікі, якія ўласна і будуць весці перамовы, але не будуць «гандляваць палітвязнямі». Гэта, упэўнены ён, не легітымізуе Лукашэнку.

Заўвагі прымуць, чарнавік апублікуюць

У канцы слуханняў абмеркавалі чарнавік рэзалюцыі. Віцэ-спікерка КР Алена Жываглод падкрэсліла, што гэтая рэзалюцыя – не адзіная абавязковая для ўсіх дэмакратычных сілаў, а менавіта рэзалюцыя Каардынацыйнай рады, якая дапускае розныя стратэгіі. Але КР хоча пачуць, якія ідэі і «чырвоныя лініі» маюць іншыя сілы і звычайныя беларусы.

Ранкам 4 снежня на сайце Каардынацыйнай рады і ў сацсетках КР будуць апублікаваныя вынікі слуханняў і чарнавік рэзалюцыі. Праўкі і каментары (у тым ліку ананімныя) будуць прымаць да 6 снежня, да 8 снежня спецыяльная група ў КР апрацуе гэтыя праўкі, увечары 9 снежня дакумент будзе выстаўлены на 72-гадзіннае галасаванне КР, вынік галасавання мае быць 12 снежня.

Сябра КР і сузаснавальніца Аб’яднання сваякоў і былых палітвязняў Святлана Мацкевіч расказала, што КР сутыкнулася са складанай сітуацыяй з мноствам меркаванняў і пазіцыяў у «эмацыйным» пытанні вызвалення палітвязняў, яна прызнае разыходжанні і розныя стратэгіі. Да рэзалюцыі будуць прыкладзеныя пазіцыі фракцыяў, якія адрозніваюцца, і рэкамендацыі іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Ключавое, што зафіксавалі аўтары чарнавіка рэзалюцыі, паводле Мацкевіч, наступнае. КР канстатуе недахоп разумення сітуацыі і аналізу звестак, называе палітвязняў закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, у пэўных прыватных выпадках – ваеннапалоннымі. Вызваляць трэба ўсіх палітвязняў, пагаджаецца КР, але трэба таксама мець спіс тых, чыё вызваленне прыярытэтнае з гуманітарных прычынаў (напрыклад, праз стан здароўя). Таксама канстатуе, што напраўду палітвязняў больш, чым у спісах праваабаронцаў, і фіксуе тое, што жыццё і здароўе зняволеных – прыярытэт. КР адзначае, што палітычнае зняволенне ёсць злачынствам рэжыму Лукашэнкі. Для вызвалення палітвязняў хочуць актыўней выкарыстоўваць дыпламатычную лінію. КР плануе стварыць пастаянную працоўную групу для вызвалення палітвязняў, у тым ліку для стыкоўкі санкцыяў з перамовамі і аб’яднання пазіцыяў, і гэтую групу могуць вынесці за межы КР і іншых палітычных сілаў. Як будзе фармавацца такая група, яшчэ не вырашылі.

Рэпартаж
Дасядзяць ці не дасядзяць да канца тэрмінаў? Што казалі на першым дні слуханняў пра вызваленне палітвязняў – падрабязна
2023.12.02 21:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў