news
Рэпартаж

Дасядзяць ці не дасядзяць да канца тэрмінаў? Што казалі на першым дні слуханняў пра вызваленне палітвязняў – падрабязна

Дэмакратычныя сілы хочуць мець адзіную пазіцыю і стратэгію вызвалення палітвязняў.
02.12.202321:15

Каардынацыйная рада 2–3 снежня праводзіць слуханні на тэму вызвалення палітвязняў: хоча сфармуляваць супольную пазіцыю і стратэгіі па вызваленні палітычных зняволеных і падтрымцы іх і іхных сваякоў. «Белсат» падрабязна расказвае, пра што казалі ў першы дзень.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў на адкрыцці слуханняў адзначыў, што лічбы праваабарончай супольнасці (1447 палітвязняў на дзень слуханняў) няпоўныя, бо з палітычных матываў кінулі за краты яшчэ больш чалавек. Пытанне іх вызвалення – галоўнае для дэмакратычных сілаў, незалежна ад палітычных поглядаў, казаў Ягораў. Але ў розных суб’ектаў розныя падыходы, прызнаў ён, таму патрэбная прынамсі група збліжаных поглядаў, каб вырашаць практычныя пытанні. Гэтую пазіцыю збіраюцца агучыць ужо пасля слуханняў – не выключана, што гэта будзе не адзіная стратэгія, а некалькі напрамкаў.

Віцэ-спікерка КР Алена Жываглод расказала, што яшчэ да слуханняў у Радзе ішлі дыскусіі на гэтую тэму, але прыйшоў час правесці адкрытую шырокую дыскусію. Яна згадала, што тэма эмацыйная, таму важна выслухаць і пачуць адзін аднаго. Добрай стратэгіі, прызнала Жываглод, няма, бо іначай бы людзі ўжо былі вызваленыя.

Палітзняволеныя дасядзяць свае тэрміны?

Сябра КР Таццяна Хоміч згадала, як у 2020–21 годзе часта казалі, што «ніхто не дасядзіць сваіх тэрмінаў».

На волю ўжо выйшлі звыш 1300 палітвязняў, якія свае тэрміны дасядзелі.

Былыя палітвязні казалі на мінулых дыскусіях, расказала яна, што санкцыі не дасягнулі чаканага эфекту (і тыя, што ёсць, слабыя і павольныя, і ўводзіліся не ў сувязі з палітычным пераследам людзей), што ў дэмакратычных сілаў адсутнічае адзіная стратэгія, але ёсць розныя сцэнары, у тым ліку перамовы з рэжымам і ціск на рэжым. Другі сцэнар цяпер дамінуе: толькі па вызваленні палітвязняў – перамовы. Але вызваленне палітвязняў былыя зняволеныя бачаць «прыярытэтам толькі на словах».

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Былыя зняволеныя, паводле Хоміч, разумеюць, што Аляксандр Лукашэнка не прыме адзіным пакетам «вызваленне палітвязняў плюс дэмакратычныя выбары», але лічаць, што вызваляць людзей могуць паступова, пачаўшы з не самых вядомых, а дэмакратычным сілам давядзецца ісці на кампрамісы. Чаго не мусіць быць, дык гэта скасавання санкцыяў без вызвалення палітвязняў і змяншэння рэпрэсіяў.

Палітолаг Роза Турарбекава заўважыла, што вялікія палітычныя перамовы магчымыя пры гатовасці бакоў. Лукашэнка пакуль не гатовы да перамоваў, яго можна схіліць да перамоваў санкцыйным ціскам, але не гатовыя да перамоваў і заходнія партнёры. Для Беларусі, дадала яна, бліжэй прыклады не Ірану ці Венесуэлы, а М’янмы.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Санкцыі: «за» і «супраць»

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага актыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў: каб абмяркоўваць умовы вызвалення палітвязняў, тыя ўмовы трэба стварыць. Прыклад у гісторыі Беларусі ўжо быў: палітвязняў вызвалялі пад замежным ціскам. Ён нагадаў пра даклад «Justice Hub», у якім ахвярамі рэпрэсіяў у Беларусі палічылі 136 тысяч чалавек, нагадаў пра рэальную вайну між суседзямі Беларусі, у якой рэжым Лукашэнкі ёсць суагрэсарам і саўдзельнікам злачынстваў. Нягледзячы на гэта, кажа ён, вонкавы ціск недастаткова моцны, каб спыніць рэпрэсіі, злачынствы ці саўдзел у вайне.

Ад вонкавага ціску, нават такога слабога, нельга адмовіцца, казаў Латушка. Іншых інструментаў проста няма, хіба ёсць ускосны інструмент міжнароднай адказнасці.

Зняцце санкцыяў проста немагчымае хаця б таму, што гэта адкрые вялізную плынь эканамічнай падтрымкі Расеі і ейнай вайны. Латушка сярод іншага нагадаў, што і сам ён – чалец сям’і палітычнага зняволенага, а таксама што ведае Лукашэнку, бо працаваў ва ўрадзе.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Перамовы, нагадаў Латушка, могуць быць вынікам ціску, які працягваецца, і могуць быць выкарыстаныя прынамсі для таго, каб даведацца пазіцыю рэжыму. Можа, разважаў ён, рэжым пагодзіцца вызваліць нейкую колькасць людзей у абмен на допуск афіцыйнай дэлегацыі на Алімпійскія гульні. Рашэнні ў справах санкцыяў, казаў ён, не ў руках беларусаў, а ў руках замежных партнёраў – беларусы могуць быць хіба пасярэднікамі. Перамовы могуць быць праведзеныя праз краіны-медыятары, не звязаныя з Еўразвязам і Злучанымі Штатамі, якія яшчэ «ціснуць руку» рэжыму.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі адзначыў, што эканамічныя санкцыі яшчэ «маюць патэнцыял» да пашырэння, санкцыі яшчэ можна пашыраць за злачынствы супраць беларусаў, а інфармацыйны ціск ёсць як пашыраць. Падтрымка Расеі жа дае Лукашэнку не ісці на саступкі. Разам з тым, рэжым не ўтойвае, што найважнейшыя санкцыі супраць яго – адносна «Белавія» і калійных угнаенняў; адчуваецца, што гэта «ім баліць». Ды не ўсе замежныя партнёры адгукаюцца на заклікі пашыраць санкцыі: маюць уласныя інтарэсы, не хочуць заблытваць сітуацыю з санкцыямі адносна Беларусі і Расеі, ды і не бачаць адзінай пазіцыі дэмакратычных сілаў. Праблема, рэзюмаваў ён, не ў недахопе прапановаў у пашырэнні санкцыяў.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Прадстаўнік «Рабочага руху» Юры Рававы разважаў пра фразу «гандаль людзьмі»: вызваленне палітвязняў у абмен на нешта, як то зняцце санкцыяў. «Рабочы рух» заклікае не называць гэта «гандлем» і не адкідаць такую магчымасць. Ён нагадаў, як беларускім дзяржаўным прадпрыемствам выдавалі «генеральныя ліцэнзіі» («general licences»), якія можна адклікаць пры пагаршэнні рэпрэсіяў, і іх можна выкарыстаць замест зняцця санкцыяў.

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсліў: «ключы ад турмаў» у руках рэжыму, які не дэманструе гатовасці вызваляць палітвязняў, гэта «не галоўная праблема» і для Лукашэнкі (хоць для яго гэта справа помсты), і для заходніх партнёраў. У 2020 годзе палітвязняў маглі вызваліць вулічныя пратэсты, цяпер жа акрамя санкцыяў няма іншых моцных перамоўных пазіцыяў. Важна падвышаць важнасць праблемы і для Захаду, і для Лукашэнкі, уплываць на ўвядзенне гэтых санкцыяў і рабіць так, каб санкцыі ўводзілі за рэпрэсіі супраць беларусаў – такіх не было больш за два гады.

З рэжымам спрабуюць пабудаваць дыялог, запэўніў Вячорка: асабіста ён падыходзіць да любых прадстаўнікоў рэжыму, «вылоўлівае» іх пры любой магчымасці. Але тыя адказваюць звычайна, што палітвязняў няма, а ёсць «экстрэмісты і тэрарысты». Некаторыя краіны і арганізацыі, як Швейцарыя ці Міжнародны Чырвоны крыж, спрабавалі наладзіць дыялог з рэжымам, але і гэта не дала плёну. Тэлефанаванні Лукашэнку канцлеркі Нямеччыны Ангелы Меркель і кіраўніка дыплатматыі Еўразвязу Жузэпа Бурэля, нагадаў ён, не спынілі міграцыйнага крызісу, а толькі прыпынілі яго на пару дзён. Дэмакратычныя сілы мелі не адну перамоўную стратэгію, мянялі яе.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Каналаў сувязі, падкрэсліў Вячорка, хапае, і некаторыя размовы адбываюцца непублічна. Ды рэжым не прывязвае вызваленне палітвязняў нават да зняцця санкцыяў – нават не выстаўляе ўмоваў. Таму, рэзюмаваў Вячорка, трэба нарошчваць перамоўную пазіцыю, «размаўляць з пазіцыі сілы»: трыгерам можа быць, напрыклад, закрыццё транзіту і ціск праз гэта з боку Кітаю.

Прадстаўніца Аб’яднання сваякоў і былых палітвязняў Святлана Мацкевіч канстатавала: узмацненне санкцыяў не вызваляе палітвязняў і не аслабляе рэпрэсіяў, гэтага ж не робяць вайна ва Украіне або напісанне гуманітарных спісаў і спісаў злачынстваў, боль і нянавісць сваякоў зняволеных. Яна апісала ранейшы сцэнар перамоваў: спачатку перамога над рэжымам, пасля вызваленне палітвязняў. Яна прапанавала зрабіць гэтыя мэты паралельнымі, паставіць у прыярытэт палітвязняў паводле «прынцыпу рэалістычнасці» з пошукам дзейных сродкаў.

Святлана Мацкевіч
Прадстаўніца Аб’яднання сваякоў і былых палітвязняў Святлана Мацкевіч на слуханнях Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Закладнікаў, дадала Мацкевіч, не вызваліць без перамоваў з тымі, хто трымае закладнікаў трымае. Перамовы пра палітвязняў яна прапанавала весці асобна ад палітычных перамоваў.

Пра палітвязняў Мацкевіч заклікала весці перамовы па двух трэках: асобна з міжнароднымі партнёрамі і асобна з рэжымам пра абмен палітвязняў паводле «логікі абмену палоннымі» з саступкамі, як то са змяншэннем санкцыяў ці частковым прызнаннем легітымнасці.

Іван Краўцоў, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі, нагадаў, што яшчэ два гады таму згадка перамоваў з рэжымам выклікала бурлівую рэакцыю, а частка дэмакратычных сілаў тады прыняла максімалісцкую пазіцыю «ўсё ці нічога». Цяпер многія адкрыта кажуць пра магчымасць перамоваў дзеля вызвалення палітвязняў, але «прыняцце рэчаіснасці» звязанае з адсутнасцю вынікаў, а не з асэнсаванай гнуткасцю, лічыць Краўцоў.

Найбольш імаверны сцэнар – перамовы з трэцімі краінамі, прызнаў Краўцоў. І гэта не кепска, калі людзі будуць вызваленыя. Што прапанаваць? Краўцоў кажа, краіны Захаду маюць што прапанаваць: санкцыі ствараюць Лукашэнку дыскамфорт, ізаляцыя дае іміджавыя страты. Патрэбны, дадаў ён, сігнал Захаду, што дэмакратычныя сілы падтрымаюць кантакты з рэжымам Лукашэнкі на тэму саступак дзеля вызвалення палітвязняў.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Палітолаг Павел Усаў сказаў, што асноўныя сцэнары і падыходы ўжо былі агучаныя, але апісаў сцэнар таго, як падзеі могуць развівацца. Пытанне палітвязняў не будзе вырашанае канчаткова, пакуль будзе існаваць рэжым Лукашэнкі. Рэжым не зменіцца, пакуль ідзе вайна ва Украіне і пакуль Лукашэнку падтрымлівае Расея. Выглядае, што вайна ва Украіне і пуцінскі рэжым будуць існаваць яшчэ не адзін год. Супраць «неататалітарнай прасторы» Беларусі і Расеі санкцыі эфекту не дадуць, як не даюць эфекту санкцыі супраць Ірану.

Ад санкцыяў «ніхто не памёр» у рэжыме Лукашэнкі, а палітвязні ж паміраюць. Адзіны прыярытэт Лукашэнкі – захаванне сваёй улады, дзяліцца якой ён не будзе.

У развагах Усаў заклікае сыходзіць з таго, што праблема палітвязняў будзе існаваць яшчэ не адзін год, што новыя палітвязні яшчэ будуць з’яўляцца. Таму заклікае ўсімі магчымымі сродкамі ратаваць людзей, якія проста цяпер паміраюць за кратамі. Нават выратаваныя пяць-дзесяць-пятнаццаць чалавек – вялікая справа.

Стварыць фонд для абмену?

Палітычны прадстаўнік палка імя Кастуся Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі заўважыў, што ў дыскусіях мала чуў пра не прызнаных палітвязнямі, але зняволеных з палітычных матываў. Такіх можа быць 6–7 тысяч, лічыць ён.

На думку Шчыгельскага, саступкі рэжыму не памяншаюць, а павялічваюць колькасць палітвязняў. Сітуацыя цяпер моцна змянілася з 2006–11 гадоў, канстатаваў ён, і цяпер рэжым Лукашэнкі нельга разглядаць у адрыве ад Расеі і вайны ва Украіне. Вызваленне палітвязняў, лічыць ён, гэта цяпер пытанне абмену ваеннапалоннымі. Каб іх вызваліць, трэба мець абменны фонд, а каб здабыць яго, патрэбнае сваё войска. На такое войска заходнія партнёры грошай не дадуць, таму беларусам трэба самім падтрымліваць беларускіх ваяроў. Шчыгельскі заяўляе, што за ўжо ўзятых у закладнікі рэжым Лукашэнкі рэгулярна выстаўляе прапановы. Пры тым ён падкрэсліў: полк Каліноўскага не выключае перамоваў, не прагне грамадзянскай вайны.

Слуханні Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька нагадаў, што стратэгія адносна палітвязняў мусіць закранаць не толькі ўласна вызваленне палітвязняў, але і цяперашнія праблемы. Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь і беларускія палітвязні не стаяць на парадку дня еўрапейскіх дзяржаваў.

Палітычны аналітык Павел Слюнькін адзначыў, што не чуў істотных супярэчанняў прыхільнікаў ціску і перамоваў, але хацеў бы пачуць, якія санкцыі і ў абмен на якія групы зняволеных можна мяняць. Краўцоў адказаў, што такая канкрэтыка можа з’явіцца толькі ў выніку перамоваў. Латушка адзначыў, што цешыцца прызнаннем ролі санкцыяў як найбольш істотнага інструменту, але менавіта перамоваў не прапаноўваў аб скасаванні санкцыяў у абмен на палітвязняў.

Палітолаг Аляксандр Аўтушка-Сікорскі заўважыў, што рэжым садзіць людзей не дзеля зняцця санкцыяў, а каб паказаць цану нелаяльнасці – і дэмакратычныя сілы не могуць памяняць вызваленне палітвязняў на з’яўленне лаяльнасці да Лукашэнкі. Таму ён заклікаў сканцэнтравацца на рэабілітацыі і падтрымцы. Мацкевіч заклікала не падмяняць рэабілітацыю на стратэгію вызвалення, а дапаўняць гэтыя праграммы. Гэта падтрымаў і Лябедзька, нагадаў пра ідэю фонду падтрымкі палітвязняў і кампанію «хросных палітвязняў» сярод замежных палітыкаў і дыпламатаў.

Слуханні Каардынацыйнай рады па пытаннях палітвязняў у памяшканні хабу Імагуру ў Варшаве, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Бізнесовец, дэлегат КР і вядоўца «Белсату» Аляксандр Кныровіч падкрэсліў: санкцыі працуюць, але санкцыі не мяняюць рэжымы. Ды нагадаў, што нядаўна Злучаныя Штаты часткова знялі санкцыі з рэжыму Нікаляса Мадуры ў абмен на абяцанне справядлівых выбараў у Венесуэле, ды перад тым венесуэльская эканоміка ўпала ў чатыры разы – у Беларусі такое немагчыма, калі толькі санкцыі супраць Лукашэнкі не ўвядзе Расея.

Даследчык Павел Мацукевіч з «Цэнтру новых ідэяў» выказаў спачуванне палітвязням: мяркуючы па тым, што адбываецца цяпер, ім давядзецца дасядзець тэрміны.

Па выніках санкцыяў і спробаў арганізаваць перамовы на волю выйшла нуль чалавек. Але людзі выходзілі на волю па выніках кантактаў заходніх палітыкаў наўпрост з Лукашэнкам, нагадаў ён. Што цікавіць Лукашэнку? Мацукевіч разважае: заходнія краіны вызвалілі сваіх грамадзянаў, пры тым не здымаўшы санкцыяў, але на гэтым іхная матывацыя скончылася. Ён прапанаваў аддзяліць вызваленне палітвязняў не толькі ад змены рэжыму, але і ад вайны ва Украіне, і ад санкцыяў, якія цікавяць Лукашэнку ў другую ступень – пагроза закрыцця межаў не вызваліла палітвязня Анджэя Пачобута, на вызваленні якога асабліва настойвае Польшча.

Першымі крокамі да вызвалення людзей, лічыць Мацукевіч, можа быць толькі нармалізацыя стасункаў Захаду з Лукашэнкам, прызнання яго прэзідэнтам хаця бы дэ-факта. Паводле яго, «мы спрабуем знайсці ў гэтай гісторыі сябе, а нас там няма».

А як з палітвязнямі ў іншых краінах?

Падчас дыскусіі Павел Слюнькін адзначыў: магчымасці вызваліць палітвязняў няма не таму, што дэмакратычныя сілы дзейнічаюць правільна ці няправільна. Палітвязні – не ўнікальная з’ява для Беларусі, у свеце дзясяткі тысяч палітвязняў (калі лічыць уйгураў у Кітаі, сотні тысяч ці мільёны). Свет спрабуе вырашыць гэтае пытанне, але нават самыя магутныя краіны не прыдумалі добрага спосабу. З тым жа Мадурам ЗША доўга вялі перамовы аб сваіх грамадзянах-палітвязнях і ўводзілі наймагутнейшыя санкцыі, але Венесуэла толькі выкрадала новых грамадзянаў Штатаў. А Беларусы – не грамадзяне тых краінаў, якія будуць змагацца за іх так, як ЗША за грамадзянаў ЗША.

Рэжым Лукашэнкі, кажа Слюнькін, хоча не толькі зняцця санкцыяў, але і міжнароднага прызнання, і спынення падтрымкі «экстрэмістаў» з-за мяжы. Дэмакратычныя сілы могуць непасрэдна гандляваць хіба прызнаннем сваёй паразы і легітымнасці рэжыму Лукашэнкі. Палітыкі могуць таксама абменьваць сябе на пэўных палітвязняў. Або могуць лабіяваць дыялог заходніх краінаў з рэжымам Лукашэнкі. Але астатняе – не ў кампетэнцыі беларусаў, рэзюмаваў дыпламат.

Не ўсе хочуць мяняць санкцыі на палітвязняў

Прадстаўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская перадала абурэнне неназваных сваякоў палітвязняў, якія застаюцца ў Беларусі, ідэямі дыялогу з рэжымам і «гандлю палітвязняў», выканання ўмоваў уладаў і ўмацавання рэжыму Лукашэнкі зняццем санкцыяў у абмен на толькі частку палітвязняў. Яна таксама перадала словы палітычнай зняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк: тая лічыць, што любыя перамовы з рэжымам – гэта здрада.

Вячаслаў Касінераў
Сузаснавальнік «DissidentBy» Вячаслаў Касінераў (у цэнтры) на слуханнях Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

Сузаснавальнік «DissidentBy» Вячаслаў Касінераў згадаў, што апошнія тры месяцы рэпрэсіі закранаюць у сярэднім трох новых чалавек на дзень, у момант размовы адбываюцца масавыя затрыманні ў Горадні. Ён выказаў неразуменне заяваў аб тым, што рэжым можа быць цяпер гатовы да перамоваў або паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека. Ён таксама заклікаў не падзяляць палітвязняў на тых, каго больш ці менш рэальна вызваліць, не пагадзіўся з параўнаннем вызвалення палітвязняў з абменам палонных ці вызваленнем палонных у тэрарыстаў.

«Перамовы любой цаной», на ягоную думку, толькі ўзмоцняць рэпрэсіі, бо дадуць Лукашэнку маральную перамогу. Касінераў заклікаў аналізаваць паспяховыя выпадкі вызвалення, а таксама не ператвараць пачуццё паразы ў агульны наратыў.

***

Заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак задаўся пытаннем: ці трэба прыслухоўвацца да людзей, якія не разумеюць, як вызваляць палітвязняў? Высілкі «BYSOL», расказаў ён, скіраваныя на падтрымку сваякоў палітвязняў і рэабілітацыю былых палітвязняў. Сябе ён не бачыць суб’ектам вялікіх пераменаў – кажа, беларусы цяпер аб’екты ў вайне. Але беларусы маюць рэсурс: салідарнасць, практычныя дзеянні, каб заставацца на сувязі, у агульным кантэксце і з магчымасцю дапамагаць адно аднаму.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова падвяла вынік: збліжэнне пазіцыяў па вызваленні палітвязняў магчымае, але для гэтага трэба дамаўляцца між сабой, нават калі тэма «эмацыйна зараджаная». Агульная стратэгія, перакананая яна, неабходная, каб дасягнуць вынікаў і вызваліць людзей.

Алесь Наваборскі belsat.eu