Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікаў Ізраіль «канкрэтызаваць» сваю стратэгію ў сектары Газа, бо лічыць знішчэнне «Хамасу» амаль што нерэальнай задачай.
«Поўнае знішчэнне «Хамасу» – што гэта такое? Хто-небудзь думае, што гэта магчыма? Калі гэта і ёсць мэтаю, то вайна працягнецца дзесяць гадоў… Таму гэтая мэта павінна быць канкрэтызаваная», – цытуе Макрона RFI.
Ізраіль працягвае ваенную аперацыю ў сектары Газа. Мінулай ноччу ізраільская авіяцыя нанесла ўдары па тунэлях, камандных цэнтрах, складах боепрыпасаў і іншых абʼектах, звязаных з палестынскімі баевікамі. Акрамя таго, з дапамогай ударнага беспілотніка «была ліквідаваная адна з тэрарыстычных ячэек». Цагаль заявіў пра ліквідацыю камандзіра аднаго з батальёнаў «Хамасу» Ўісама Фархата, які нясе адказнасць за атаку на кібуц Нагаль-Оз 7 кастрычніка.
Цагаль таксама нясе страты: камандаванне паведаміла пра гібель яшчэ двух вайскоўцаў. Такім чынам, агульныя страты Ізраілю ў наземнай аперацыі ў сектары Газа дасягнулі 72 чалавек.
«Хамас» у сваю чаргу нанёс ракетны ўдар па Тэль-Авіве. У суботу ўвечары ізраільская сістэма ПРА «Жалезны купал» перахапіла не менш за дзясятак ракетаў над цэнтрам Тэль-Авіву. Ізраільская служба хуткай дапамогі паведаміла, што ў прыгарадзе Тэль-Авіву адзін чалавек пацярпеў ад аскепкаў пасля абстрэлу, піша Бі-Бі-Сі.
Акрамя таго, раніцай 3 снежня з тэрыторыі Сірыі была выпушчаная ракета па поўначы Ізраілю. Ракета ўпала на адкрытай тэрыторыі, ніхто не пацярпеў, піша выданне «The Times of Israel».
Глеб Нержын belsat.eu