Ізраіль прапанаваў арабскім краінам стварыць «буферную зону» ў сектары Газа


Ізраіль праінфармаваў некалькі арабскіх дзяржаў, што ён хоча пасля заканчэння вайны стварыць буферную зону на палестынскім баку мяжы з сектарам Газа, каб перадухіліць будучыя напады. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на егіпецкія і рэгіянальныя крыніцы.

Баевікі «Хамас».
Фота: 7kanal.co.il

Як заяўляецца, Ізраіль падзяліўся сваімі планамі з Егіптам, Іярданіяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Саудаўскай Аравіяй і Турцыяй.

«Ізраіль хоча, каб гэтая буферная зона паміж Газай і Ізраілем з поўначы на поўдзень перадухіляла пранікненне або напад баевікоў Хамасу або якіх-небудзь іншых баевікоў на Ізраіль», – сказала высокапастаўленая прадстаўнік рэгіянальнай бяспекі з адной з краінаў.

Адказваючы на пытанне аб планах стварэння буфернай зоны, Афір Фальк, дарадцы ў пытаннях вонкавай палітыкі прэмʼер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу, адказаў Reuters, што ізраільскі план уключае знішчэнне Хамасу, дэмілітарызацыю сектару Газа і дэрадыкалізацыю анклава. Паводле яго, «буферная зона можа быць часткай працэсу дэмілітарызацыі».

Афіцыйны прадстаўнік ААЭ, не адказаў на пытанне, ці распавялі Абу-Дабі пра буферную зону, сказаў, што Эміраты «будуць падтрымліваць любыя будучыя пасляваенныя дамоўленасці, узгодненыя ўсімі зацікаўленымі бакамі».

Тым часам прадстаўнік ЗША, які пажадаў застацца невядомым, заявіў адносна планаў Ізраілю стварыць буферную зону, што Вашынгтон выступае супраць любога скарачэння памеру палестынскай тэрыторыі.

Высокапастаўленая крыніца ў ізраільскіх службах бяспекі паведаміла, што ідэя буфернай зоны «разглядаецца», але пакуль «не зразумела, наколькі яна будзе глыбокая і ці можа яна складаць 1 км, 2 км ці сотні метраў (унутры сектару Газа)».

Дзве крыніцы ў егіпецкіх службах бяспекі паведамілі, што некалькі арабскіх дзяржаў выступілі супраць буфернай зоны. Хоць арабскія дзяржавы, магчыма, і не пярэчылі супраць стварэння барʼера бяспекі паміж двума бакамі, існавалі рознагалоссі наконт таго, дзе ён будзе размешчаны.

Рэгіянальныя крыніцы параўналі план буфернай зоны Газы з зонай бяспекі, якую раней Ізраіль меў на поўдні Лівана глыбінёй каля 15 км і якую пакінуў у 2000 годзе.

Таксама крыніцы заяўляюць, што план Ізраілю ўключае дэпартацыю лідараў Хамасу, як гэта ўжо было ў выпадку з Ліванам у 1980-я гады.

Hавiны
Замірэнне скончылася: Ізраіль аднавіў баявыя дзеянні ў сектары Газа
2023.12.01 09:06

Раніцай 1 снежня а 7:00 скончыўся тэрмін замірэння паміж Ізраілем і «Хамасам». Афіцыйных заяваў з абодвух бакоў наконт працягу не было. Ізраільская армія заявіла пра аднаўленне баявых дзеянняў супраць «Хамасу» ў сектары Газа. Агулам жа баявыя дзеянні пачаліся 7 кастрычніка пасля нападу  «Хамасу» на ізраільскія паселішчы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў