У «спіс экстрэмістаў» трапілі праваабаронца Наста Лойка і былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі 3 лістапада абнавіла Спіс пераліку грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. У ім з’явіліся 33 новыя прозвішчы. Гэтак, на сёння, паводле МУС, экстрэмістамі ёсць 3478 асобаў.

Наста Лойка і Вадзім Пракоп’еў. Калаж: Белсат

Сярод іншых у спіс трапілі праваабаронца Наста Лойка, якую 20 чэрвеня 2023 года засудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі, а 12 кастрычніка сёлета Камітэтам дзяржбяспекі залучыў яе ў «спіс тэрарыстаў».

Таксама ў спісе апынуліся ўсе фігуранты «справы Гайдукевіча» (18 чалавек): Вадзім Пракоп’еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Настасся Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пестрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч.

Усім ім у чэрвені вынеслі прысуды ад 2 да 25 гадоў. Гэтак, Вадзіма Пракоп’ева завочна засудзілі да 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 1000 базавых велічыняў штрафу, Ігара Чамякіна – да 20 гадоў, Дзяніса Хаміцэвіча – да 16 гадоў калоніі завочна з адбыццём першых 5 гадоў ва ўмовах турмы, таксама іх пазбавілі вайсковых званняў.

Нагадаем: пра нібыта напад на дом дэпутата і ўдзельніка прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Алега Гайдукевіча стала вядома ў ліпені 2021-га. «А трэцяй уначы ў маю хату, дзе жывуць мае дзеці, кінулі дзве бутэлькі з запальнаю сумессю! Пасля таго як першая бутэлька ўзарвалася, сусед выскачыў на вуліцу, паспеў заўважыць і машыну, і нападніка!» – казаў тады Гайдукевіч. У выніку нападу афіцыйна ніхто не пацярпеў.

У спіс экстрэмістаў залучаюць беларусаў і замежных грамадзянаў, засуджаных «па злачынствах экстрэмісцкай скіраванасці» пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. МУС запісвае ў спіс як тых, хто цяпер у месцах зняволення, гэтак і тых, хто ўжо выйшаў на волю. Трапляюць у яго нават асобы з пагашанаю судзімасцю.

Hавiны
Праваабаронцу Насту Лойку асудзілі да 7 гадоў зняволення 
2023.06.20 11:34

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў