Сілавікі зноў затрымалі Наталлю Дуліну – былую дацэнтку МДЛУ і сябру Каардынацыйнай рады


Раней Наталлю Дуліну ўжо некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў за «дробнае хуліганства» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, паведамляе, што гэтым разам Наталлю абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «перакрыцці дарог» і «рэгістрацыі ў плане «Перамога». Ёй пагражаюць некалькімі крымінальнымі артыкуламі.

Чалец Каардынацыйнай рады Наталля Дуліна падчас акцыі ў падтрымку студэнтаў і выкладчыкаў.
Фота: Белсат

На «пакаяным» відэа Наталля Дуліна распавядае, што была затрыманая 3 кастрычніка за інтэрв’ю «экстрэмісцкаму фармаванню» – «Еўрарадыю» – і прызнаецца, што брала ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах». Верагодна, дома ў яе прайшоў ператрус.

Гэта чацвёрты арышт Дулінай з пачатку года.  У мінулы раз былую дацэнтку МДЛУ, сябру асноўнага складу Каардынацыйнай рады затрымалі 3 чэрвеня і асудзілі на 15 дзён арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП РБ). У траўні Дуліна выйшла на волю пасля 15 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» з YouTube-каналу радыё «Свабода», да таго адсядзела 15 дзён за антываенную акцыю 27 лютага.

Раней Наталля Дуліна працавала дацэнткай кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ. Разам з дзвюма іншымі выкладчыцамі была звольненая з універсітэту за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Увосень 2020 года яна брала ўдзел у забастоўках ва ўніверсітэце, падтрымлівала студэнтаў і знялася ў відэароліку, які асуджае гвалт з боку дзяржавы.

Фотарэпартаж
Беларусы свету правялі Дзень спартовай салідарнасці
2022.10.02 19:48

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў