Беларускі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка накіраваўся ў Маскву, дзе правядзе перамовы са сваім расейскім калегам Міхаілам Мішусціным. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба Саўміна.
Паводле інфармацыі БелТА, у Маскву накіравалася пашыраная дэлегацыя Саўміна, каб абмеркаваць «цяперашняе становішча ва ўзаемным гандлі, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, сінхранізацыі прамысловай палітыкі і абмеркаваць шэраг іншых пытанняў, якія з’яўляюцца надзённымі для Беларусі і Расеі».
Прэсавая служба расейскага ўраду сустрэчу не анансуе, але паведамляе, што 29 верасня кіраўнікі ўрадаў двух краін правялі тэлефонную размову, падчас якой абмеркавалі «актуальныя пытанні развіцця расейска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў розных сферах». Асаблівая ўвага была ўдзелена рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловай, энергетычнай і транспартнай галінах, а таксама тэматыцы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Саюзнай дзяржаве. Акрамя таго, Міхаіл Мішусцін і Раман Галоўчанка ў тэлефоннай размове 29 верасня закранулі графік маючых адбыцца кантактаў па ўрадавай лініі.
Перамовы Галоўчанкі і Мішусціна адбываюцца на тле расейскай анексіі ўкраінскіх тэрыторыяў і заяваў Крамля аб іх «аўтаматычным уваходзе ў склад Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі».
Антон Тачняк belsat.eu