Былы футбаліст зборнай Беларусі атрымаў 13 содняў арышту за рэпосты


Былы галкіпер зборнай Беларусі па футболе Васіль Хамутоўскі атрымаў 13 содняў адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-каналу, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім», паведамляе партал «Трыбуна».

Васіль Хамутоўскі.
Фота: khamu33/Instagram

Васіль Хамутоўскі жыў ва Украіне, трэніраваў галкіпераў клуба «Львоў». Раней ён траўмаваў калена на адной з трэніровак і прыехаў у Беларусь на лячэнне. Па словах галоўнага трэнера «Львова» Алега Дулуба, у яго памочніка не было ніякіх прадчуванняў перад вяртаннем ў Беларусь.

Аб затрыманні Хамутоўскага стала вядома 30 верасня. У «пакаяным» відэа ён расказвае, што выходзіў на акцыі пратэсту ў 2020 годзе і хадзіў па праезнай частцы. Вядома, што сілавікі завялі на Хамутоўскага крымінальную справу, аднак па якім артыкуле – пакуль не паведамляецца. Верагодна, паводле ч.1 арт.342 КК  («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У 2020 годзе футбаліст асудзіў гвалт міліцыі супраць пратэстоўцаў у Беларусі, праз гэта яго звольнілі і ён з’ехаў з краіны. Да таго, пасля пачатку пратэстаў, яго затрымлівалі і давалі штраф.

Расейскае ўварванне Хамутоўскі сустрэў на тэрыторыі Украіны і выступіў у першыя дні поўнамаштабнай вайны ў падтрымку Украіны:.

«Ужо ніхто не сумняваецца, што ва Украіне трэці дзень ідзе поўнамаштабная вайна і гіне велізарная колькасць людзей. Можна шмат спрачацца, чытаць маралі, нешта камусьці даказваць і тлумачыць, але я скажу толькі адно. Тыя, хто пачаў гэтую вайну паміж брацкімі народамі. Тыя, хто паслаў дзецюкоў на братазабойчую вайну. Тыя, хто садзейнічаў ёй, панясуць пакаранне спачатку пры жыцці, а потым і перад Богам. Свет Украіне! Няма вайне!», – напісаў Хамутоўскі ў сябе ў Instagram.

Васіль Хамутоўскі – важная фігура для беларускага футбола: ён дамогся поспеху ў Нямечынне, гуляў у румынскім клубе «Сцяуа» і за зборную ў знакавых матчах.

Hавiны
Беларусь пакуль пакінулі ў еўрапейскай футбольнай сям’і. А што будзе далей?
2022.10.01 10:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў