Уладзімір Зяленскі заявіў аб хуткай змене кіраўніка Мінабароны Украіны


Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў павінен пакінуць сваю пасаду, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце. Ён растлумачыў гэта тым, што ведамства мае патрэбу «ў новых падыходах і іншых фарматах узаемадзеяння як з ваеннымі, так і з грамадствам у цэлым».

Аляксей Рэзнікаў.
Фота: Резніков Олексій/ Facebook

На месца цяперашняга міністра абароны Зяленскі прапанаваў прызначыць кіраўніка Фонду дзяржмаёмасці Рустэма Умерава.

«Цяпер узначаліць міністэрства павінен Рустэм Умераў. Вярхоўная Рада Украіны добра ведае гэтага чалавека, і спадар Умераў не мае патрэбы ў дадатковых прадстаўленнях. Чакаю ад парламента падтрымкі гэтай кандыдатуры», – сказаў прэзідэнт Украіны.

Аляксей Рэзнікаў узначальвае Мінабароны Украіны з 2021 года. Ягоная магчымая адстаўка абмяркоўвалася і раней, з лютага 2023 года. Тады ўзнік скандал праз закупы прадуктаў для вайскоўцаў па завышаных коштах, пасля якога сваіх пастоў пазбавіліся некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў Мінабароны.

Першы намеснік Старшыні камітэту Вярхоўнай Рады па пытаннях фінансаў, падатковай і мытнай палітыкі Яраслаў Жалязняк паведаміў, што пасле змены паста Рэзнікаў, верагодна, будзе прызначаны амбасадарам у Вялікую Брытанію. Паводле ягоных словаў, кадравыя змены адбудуцца ў найбліжэйшыя дні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў