Свята-Елісавецінскі манастыр, які падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў, гандлюе сваімі таварамі ў Польшчы


Тавары Свята-Елісавецінскага манастыру, які падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і расейскіх вайскоўцаў, зноў гандлюе сваімі таварамі ў Польшчы. Здымкі тавараў даслаў у рэдакцыю «Белсату» чытач.

Намёт менскага Свята-Елісавецінскага манастыра.
Фота: чытачы / Белсат

Чытач «Белсату» сцвярджае, што намёт менскага Свята-Елісавецінскага манастыра стаяў у горадзе Чэнстахова на поўдні Польшчы. Прычым на ім не было ніякіх пазнак, якія б сведчылі аб тым, хто менавіта прадае тут свае вырабы.

Намёт менскага Свята-Елісавецінскага манастыра.
Фота: чытачы / Белсат

На саміх таварах былі пазначаныя назва і адрас вытворцы: Свята-Елісавецінскі манастыр. Менск, вуліца Выгоцкага, 6 – гэта адрас манастыра.

Тавары менскага Свята-Елісавецінскага манастыра.
Фота: чытачы / Белсат
Тавары менскага Свята-Елісавецінскага манастыра.
Фота: чытачы / Белсат

У снежні мінулага году актывісты арганізацыі «Рух» нават стварылі петыцыю «Мы супраць гандлю Елісавецінскага манастыра ў Польшчы!». Тады Свята-Елісавецінскі манастыр, які падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і рэжым Пуціна, меўся гандляваць у Польшчы на Каляды. Таксама ў пачатку лістапада, на Вольскіх праваслаўных могілках у Варшаве манахіні Свята-Елісавецінскага манастыра гандлявалі рознымі царкоўнымі рэчамі.

У петыцыі асаблівая ўвага надаецца асобе святара Андрэя Лямяшонка, які фактычна кіруе ў манастыры: «Выказванні гэтага «святара» поўныя расейскага шавінізму, нянавісці да Захаду, падтрымкі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а пад яго ідэйным правадырствам у манастыры ладзяцца шматлікія мерапрыемствы і праекты ў духу «русского мира». Для прыкладу возьмем толькі самае апошняе. У абіцелі актыўна праводзіцца акцыя «Помощь братьям», дзе збіраюцца рэчы і грошы для расейскіх акупантаў».

Свята-Елісавецінскі манастыр, што месціцца ў Навінках, знаходзіцца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату РПЦ. Ён падтрымлівае агрэсію Крамля супраць Украіны на ўзроўні прапаганды і ўдзельнічае ў фінансаванні рыштунку для расейскіх вайскоўцаў, збірае грошы для гэтак званых «ЛНР» і «ДНР».

Манастыр таксама перадае лісты на фронт расейскім акупантам і праводзіць заняткі для дзяцей па зборцы і разборцы аўтаматаў.

«Вызваляйце Херсон, ДНР, ЛНР і Запарожжа, вяртайцеся дадому з Перамогай. Калі не Расея, то хто?.. З вамі Бог! Не маркоцьцеся, трымайцеся за яго ўсемагутную руку. Хочацца моцна вас абняць, мы беларусы, і вы нашыя родныя браты, мы непадзельныя… Усёй душой разумеем, наколькі вам цяжка», – вытрымка з аднаго з такіх лістоў.

Аднак у лістападзе мінулага году менскіх манашак не пусцілі на калядны кірмаш у Англіі праз іхную падтрымку вайны.

Hавiны
Менскіх манашак не пусцілі на калядны кірмаш у Англіі за падтрыманне вайны
2022.11.23 09:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў