Макс Корж заклікаў слухачоў крычаць «Не вайне»


Беларускі спявак Макс Корж раней выказваўся і пра пратэсты 2020 года, і пра вайну ва Украіне, але даволі неадназначна. Ды на канцэрце 2 верасня ў Рызе – першым за два гады – выказаўся наўпрост супраць вайны.

На канцэрце ў Рызе Макс Корж заклікаў слухачоў скандаваць «Не вайне». Ён дадаў, што «калі ўсё гэта скончыцца», запросіць усіх да сябе «ў лес у Беларусь», каб «набухацца». Таксама ён прасіў «не забываць, што беларусы нармальныя» і «нікому не верыць».

Спявак вядомы менш адназначнымі выказваннямі. Так, перад канцэртам ён публікаваў шматслоўнае 16-хвіліннае відэа, з якога не зразумець, што менавіта турбуе спевака, які кажа, што яму не падабаюцца войны, смерці і агрэсія.

24 лютага, у першы ж дзень поўнамаштабнай вайны, напісаў пост з пажаданнем міру Украіне. У пачатку лета 2022 года Корж выдаў песню «Свой дом», у якой выказаўся супраць вайны і за Украіну: «Той правы, хто бароніць свой дом». Песня спадабалася шматлікім слухачам, у тым ліку ўкраінцам. Але за песню яго нямала крытыкавалі: заспяваў запозна, выказаўся недастаткова адназначна, а яшчэ і анансаваў канцэрты ў Расеі. Пазней ён скасаваў канцэрты ў «нашых краінах».

У 2020 годзе спрэчную рэакцыю выклікала выказванне Каржа аб беларускіх пратэстах: 11 жніўня ён выказаўся супраць сутыкненняў пратэстоўцаў з сілавікамі і заклікаў патрабаваць ад лідараў пратэстаў шукаць іншых рашэнняў. Ягоная фраза «тормозите сегодня движ» стала мэмам у Байнэце.

Hавiны
Няправільна пеў і няправільна перастаў пець. За што крытыкуюць антываенную песню Макса Каржа
2022.06.06 18:03

Макс Корж – адзін з самых папулярных беларускіх музыкаў на сёння, калі не самы папулярны: на рыжскім канцэрце – ягоным першым канцэрце з 2021 года – ён сабраў каля 35 тысяч слухачоў (пры тым, што канцэрт пераносілі – латвійскія сілавікі, паводле Каржа, прасілі даць ім яшчэ месяц на «падрыхтоўку Рыгі да канцэрту»).

Нягледзячы на папулярнасць, аб ім вядома даволі мала, інтэрв’ю ён даўно не дае і аб сваім жыцці расказвае няшмат. Ды падобна, прынамсі да рыжскага канцэрту ён жыў у Беларусі, дзе за словы «не вайне» могуць пасадзіць.

Інтэрв’ю
«Першая думка – паехаць на вайну». «N.R.M.» едзе з канцэртам у полк Каліноўскага
2023.05.31 10:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў