«Ідзе пазіцыйная вайна на знясіленне». Размова з Дзмітрыем Шчыгельскім пра падпольны рух «Супраціў»


Пра стварэнне падпольнага руху «Супраціў» абвесцілі яшчэ ў траўні, аднак аб’яднанне дасюль застаецца загадкаваю з’явай: у публічнай прасторы пра яго дзейнасць інфармацыі няшмат, а лідары і актывісты захоўваюць поўную ананімнасць. Чым займаецца «Супраціў»? Што гэта за аб’яднанне, на якіх прынцыпах заснаванае і якія метады гатовае выкарыстоўваць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

30 траўня хакерская групоўка «Кіберпартызаны», суполкі «Буслы ляцяць» і «Дружыны народнай самаабароны» абвесцілі пра стварэнне аб’яднання «Супраціў». У маніфесце руху адзначаюць, што яго мэта – зрынуць рэжым Лукашэнкі, захаваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а таксама вярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў кіравання і законнасці. «Супраціў» настойвае на тым, што беларусы маюць права на паўстанне супраць тыраніі.

Даведка
Структуры, якія ўваходзяць у рух «Супраціў», дзеюць на ўмовах поўнай ананімнасці. Толькі два чалавекі гатовыя рэпрэзентоўваць аб’яднанне ў публічнай прасторы – псіхіятр і грамадскі дзеяч Дзмітрый Шчыгельскі (прадстаўнік у палітычных пытаннях) і былы амапавец Павел Кулажанка (прадстаўнік у пытаннях тактыкі супраціву). Абодва цяпер жывуць у ЗША.

«Кіберпартызаны» набылі шырокую вядомасць, у тым ліку за мяжою, зладзіўшы самую маштабную кібератаку ў гісторыі Беларусі (аперацыя «Спякота»). А вось дзейнасць суполак «Буслы ляцяць» (трохі больш за 9300 падпісантаў у Telegram) і «ДНС» (каля 4100) значна менш вядомая. У сваіх каналах яны публікуюць навучальныя ролікі ды інструкцыі пра тактыку самаабароны, заклікаюць рыхтавацца да моманту X, бяруць на сябе адказнасць за правядзенне лакальных пратэставых акцыяў, у тым ліку ў фармаце дробных дыверсіяў (напрыклад, знішчэнне камераў відэаназірання).

Аналітыка
Аперацыя «Спякота», аб’яднанне «Супраціў» і момант X. Што трэба ведаць пра «Кіберпартызанаў»
2021.08.31 08:30

Пра дзейнасць, мэты і прынцыпы падпольнага руху «Супраціў» belsat.eu пагутарыў з палітычным прадстаўніком аб’яднання Дзмітрыем Шчыгельскім.

– Што сёння ўяўляе сабою «Супраціў»? Гэта правобраз палітычнай партыі, партызанскі атрад ці проста група аднадумцаў?

– Найперш гэта людзі ў Беларусі, якія дзеюць і якія змагаюцца з рэжымам унутры Беларусі. Нашая агульная, не толькі сябраў арганізацыі, але і ўсіх грамадзянаў краіны, праблема можа быць развязаная толькі ў Беларусі. Усе, хто за яе межамі, могуць выконваць толькі сэрвісныя і дапаможныя функцыі, у адносінах да тых, хто ўнутры краіны.

Кароткі і просты адказ на вашае пытанне: «Супраціў» – гэта рух, які нічым якасна не адрозніваецца ад формаў абʼяднання людзей у іншых краінах і ў іншы час, якія трапілі ў такую сітуацыю. Калі ўсе законныя магчымасці абараніць свае правы і свабоды вычарпаныя (а сітуацыя ў Беларусі сёння менавіта такая), застаецца просты выбар: зʼехаць, змірыцца, стаць калабарантам ці супраціўляцца і змагацца за свае правы любымі метадамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У такой сітуацыі, практычна перад тым жа выбарам былі нашыя продкі ў перыяд акупацыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, французы ў той жа перыяд. Палякі, якія знайшлі ў сабе сілы і рашучасць супраціўляцца ў Арміі Краёвай або пазней, стварыўшы «Салідарнасць», і ўрэшце, хай не так лёгка і хутка, але ўсё ж дамагліся для сябе свабоды, незалежнасці і павагі ўласных правоў.

Маніфест «Супраціву» быў апублікаваны 30 траўня, але дасюль ваш рух застаецца малавядомым. Чым сёння займаецца «Супраціў»?

– Калі б мы лічылі, што вядомасць – асноўны крытэр эфектыўнасці ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі, то мы засяродзіліся б на генераванні інфанагодаў. У нас жа трошкі іншы погляд і ацэнка фактараў, што вызначаюць эфектыўнасць.

Улічваючы спецыфіку нашых умоваў, далёка не ўсе нашыя дзеянні могуць быць публічнымі. Асноўным для нас ёсць нанясенне максімальнай шкоды рэжыму, уздзеянне на асабісты склад карнікаў, атрыманне доказаў зробленых імі злачынстваў.

Самае галоўнае – стварыць структураваную арганізацыю, здольную дзеяць унутры краіны ды ў выпадку ўзнікнення рэвалюцыйнай сітуацыі быць гатовай і здольнай выкарыстоўваць яе для зрынання тырана.

А справаздачу пра дзейнасць арганізацыі можна знайсці ў інтэрнэце. На гэты момант усе акцыі, праведзеныя «Супрацівам», цалкам адпавядаюць крытэрам негвалтоўнага супраціву.

– Паводле якога прынцыпу «Буслы ляцяць», «Кіберпартызаны» і «ДНС» аб’ядналіся? І ці плануеце пашыраць рух?

– Прынцып абʼяднання – агульнае разуменне ды ацэнка сітуацыі, метадаў барацьбы. Прызнанне таго факту, што ніякая легальная палітычная, грамадская, журналісцкая дзейнасць, якая ўспрымаецца рэжымам як некантраляваная, сёння немагчымая.

Адпаведна, існуюць толькі дзве лагічныя стратэгіі дзеянняў. Першая – гэта супраціў у тых умовах, якія ёсць. Актыўнае выкарыстанне метадаў канспірацыі, дзеянняў і жыцця ў падполлі. Другая – лагічная, але непрымальная для нас стратэгія: гэта пачатак перамоваў пра капітуляцыю, спроба выгандляваць нейкія паблажкі, змякчэнні, асабістыя прэферэнцыі і гэтак далей. З гэтаю задачаю выдатна спраўляецца Круглы стол дэмакратычных сілаў, створаны Васкрасенскім.

Марш жанчын
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Мы гатовыя да любых кантактаў з любымі сіламі, групамі, проста людзьмі. Больш за тое, пашырэнне і стварэнне адзінага фронту супраціву, на наш погляд, – гэта найлепшае, што могуць зрабіць грамадзяне, каб наблізіць свабоду і зрынанне дыктатара.

– Усе тры арганізацыі, якія ўваходзяць у «Супраціў», дзеюць ананімна. Гэта можна зразумець. Але ў такой сітуацыі заўсёды ўзнікае пытанне даверу. Асабіста вы знаёмыя з лідарамі гэтых арганізацыяў? І як здарылася, што менавіта вы іх рэпрэзентуеце?

– Я не сумняваюся, што гэтае інтэрв’ю, калі яно будзе апублікаванае, уважлівым чынам прачытаюць аналітыкі ды аператыўныя супрацоўнікі спецслужбаў тырана. Прымаючы пад увагу гэта, я спадзяюся, што чытачы і вы зразумееце, чаму я не стану адказваць на гэтае пытанне.

– Хто з публічных персонаў можа падтрымаць сваім аўтарытэтам дзейнасць «Супраціву»? Ёсць уражанне, што палітычныя і грамадскія лідары стараюцца трымаць дыстанцыю ў дачыненні вашага руху.

– Наколькі мне вядома, найбольш актыўная, рашучая, кампетэнтная, паслядоўная, а, адпаведна, і найбольш небяспечная для рэжыму частка той групы, якую вы ахарактарызавалі як публічных персонаў, сядзіць у турме. Многія трапілі туды яшчэ да выбараў. Магчымасці іх публічнасці вельмі абмежаваныя гэтай акалічнасцю. Я не стану называць прозвішчаў, але ведаючы шмат каго асабіста, упэўнены, што як мінімум частка з іх, калі б яны былі на волі, не толькі б падтрымалі, але і далучыліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Лічыць тых, хто на волі, але застаецца ў Беларусі, цалкам свабоднымі ў выказваннях я б таксама не стаў. Я асабіста супраць таго, каб такія людзі публічна падтрымлівалі рух. Для іх гэта практычна з верагоднасцю на 100 % будзе азначаць арышт і зняволенне. Піяр – гэта, вядома, добра і важна, але бяспека, жыццё, здароўе і свабода людзей значна важнейшыя, з нашага пункту гледжання.

Калі ж казаць пра тых, хто ў эміграцыі, то іхная рэакцыя на смерць Віталя Шышова, колькасць аховы, што мы можам бачыць, дазваляюць выказаць здагадку, што яны асцерагаюцца за сваё жыццё нават за межамі Беларусі. З улікам таго ўзроўню гвалту, які дэманструе рэжым, мы па-чалавечы разумеем і не асуджаем імкнення ўстрымацца ад выказванняў на некаторыя тэмы, што найбольш раздражняюць дыктатара.

Размова
Ці была змова супраць Лукашэнкі? Версія Дзмітрыя Шчыгельскага
2021.04.22 22:20

– У вашым маніфесце гаворыцца пра тое, што рух пачынае барацьбу з рэжымам Лукашэнкі «любымі даступнымі метадамі да поўнага разгрому ворага». Фармулёўка «любыя метады» выглядае даволі злавесна. Ці існуюць дзеянні, якія «Супраціў» лічыць катэгарычна непрымальнымі і ніколі на іх не пойдзе?

– На гэты момант ні адна з праведзеных акцыяў не выходзіла за межы метадаў негвалтоўнага супраціву. Тэрор, які выкарыстоўвае рэжым, фактычна не абмежаваны нічым. На ваш погляд: ці існуе ў ахвяры тэрору, гвалту, злачынства, якое доўжыцца, права на самаабарону? Ці мае права аказаць супраціў жанчына, якую гвалцяць? Ці гэта таксама гучыць «даволі злавесна»? Фактычна рэжым Лукашэнкі працягвае гвалтаваць цэлы народ, прычым не толькі ягонае цела, але і душу.

У Плане перамогі ёсць заклік «сфармаваць палітычны суб’ект, здольны неадкладна прыняць часовую ўладу з моманту перамогі і да новых, свабодных і дэмакратычных выбараў». Якім вы бачыце гэты субʼект?

– У ідэале такім субʼектам мы бачым БНФ 2.0. То бок агульны фронт праціўнікаў дыктатуры, максімальна шырокі, які складаецца з усіх партыяў і рухаў, сфармаваны на раўнапраўнай аснове з гарызантальным прынцыпам сувязі і камунікацыі. Увайсці туды павінны (могуць) усе тыя, каго не задавальняе жыццё ва ўмовах дыктатуры. Мы разглядаем гэты шлях як ідэальны, менавіта ён, паводле нашай ацэнкі, здольны максімальна наблізіць перамогу над рэжымам. Існуюць і іншыя сцэнары, якія будуць больш доўгімі ў часе рэалізацыі, але магчымымі ў выпадку, калі не ўдасца зрэалізаваць умоўны ідэальны.

Нядзельнае шэсце
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Якімі мусяць быць першыя дзеянні часовага ўраду пасля падзення рэжыму Лукашэнкі?

– Наколькі мне вядома, практычна ўва ўсіх апазіцыйных сілаў у нашай краіне ёсць дастаткова яснае разуменне задачаў, мэтаў і метадаў працы на гэты перыяд. У істотных, стратэгічных пытаннях нашае бачанне такога этапу адрозніваецца ад іншых у некалькіх аспектах.

Hавiны
КДБ накіраваў у ЗША, Літву і Украіну запыты на экстрадыцыю фігурантаў справы аб падрыхтоўцы «перавароту»
2021.05.09 16:52

Па-першае, мы сумняваемся, што для правядзення сапраўды свабодных і празрыстых выбараў, якія б адпавядалі хаця б мінімальным стандартам, будзе дастаткова тэрміну 6 месяцаў. Да гэтага варта імкнуцца, аднак разумеючы, што гэта хутчэй ідэальны, а не рэалістычны паказнік.

Па-другое, варта разумець, што супрацьстаянне перайшло ў зацяжную фазу, фактычна паміж рэжымам і народам ідзе пазіцыйная вайна на знясіленне. Гэта значыць, што стан эканомікі ў момант падзення рэжыму, хутчэй за ўсё, будзе досыць дрэнны. Захады для стабілізацыі ды стварэння ўмоваў для росту эканомікі давядзецца рабіць практычна неадкладна. Незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады, які будзе склад часовага ўраду, гэты комплекс праблемаў немагчыма будзе проста ўзяць і адкласці «да выбараў». Я не стану цяпер падрабязна апісваць усіх магчымых рашэнняў, але мы лічым абсалютна неабходным абвесціць амністыю капіталаў, каб перадухіліць яго вывад з краіны, што можа яшчэ больш пагоршыць сітуацыю. Надзеі на тое, што «Еўропа нам дапаможа» або «Захад нам дапаможа» як на ўніверсальны адказ, мы лічым крыху наіўнымі.

Па-трэцяе, прынцыповым ёсць, з нашага пункту гледжання, пытанне правядзення выбараў ва Устаноўчы сход і арганізацыі яго працы. Сёння практычна ўся сістэма кіравання – гэта бязмежная ўлада Лукашэнкі, таму Беларусь трэба перазаснаваць як краіну. Гэта патрабуе напісання і прыняцця новай Канстытуцыі. А новую Канстытуцыю павінен пісаць і прымаць толькі і выключна Устаноўчы сход.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Офіс Святланы Ціханоўскай або НАУ, на ваш погляд, могуць узяць на сябе функцыі часовай улады?

– Любы лідар, партыя, сіла або рух пасля сыходу Лукашэнкі, нават калі яны змогуць узяць уладу, будуць мець усяго дзве магчымасці.

Першая – увайсці ў змову з наменклатураю, плоць ад плоці не проста рэжыму, але ў значнай ступені асабіста дыктатара. Гэта будзе азначаць курс на захаванне дыктатуры і лукашызму: без Лукашэнкі сістэма застанецца, зменіцца толькі прозвішча дыктатара на ўмоўнага Бульбашэнку.

Другая магчымасць – гэта праводзіць рэформы, будаваць дэмакратычную дзяржаву. Гэта будзе практычна немагчыма без вельмі шырокай кааліцыі – калі не з усімі, то з вельмі значнаю часткаю тых сілаў, якія цяпер у апазіцыі. І рэч нават не ў поглядах, перакананнях, каштоўнасцях, партыйнай прыналежнасці і гэтак далей. А ў простым, практычным факце таго, што ні адна з вышэй пералічаных сілаў не мае дастатковага кадравага рэзерву, каб замясціць хоць бы самыя крытычна важныя пасады ў дзяржаве.

Пры любым варыянце развіцця падзеяў усё роўна давядзецца або дамаўляцца, або захаваць дыктатуру.

Аналітыка
Радыкалізм з удзелам КДБ. Што не так з афіцыйнай версіяй «справы ОГСБ»
2021.07.15 07:00

Здымак вокладкі: Аліса Ганчар / Белсат



belsat.eu

Стужка навінаў