Моладзь у большай ступені, чым насельніцтва Беларусі агулам, антываенная і антыкрамлёўская. Маладыя людзі выступаюць супраць расейскай ядравай зброі ў Беларусі і прызнаюць неабходнасць эканамічных рэформаў у краіне.
Пра гэта гаворыцца ў апошнім апытанні «Chatham House», прысвечаным каштоўнасцям беларускай моладзі. Эксперты паспрабавалі адказаць на пытанні, якімі медыяасобамі захапляецца беларуская моладзь, як яна ставіцца да вайны ва Украіне і да ўдзелу ў ёй Беларусі, ці мяняецца стаўленне беларусаў да размяшчэння ў Беларусі расейскай ядравай зброі. Апытанне праводзілася з 24 траўня да 2 чэрвеня 2023 года ў інтэрнэце ў фармаце онлайн-інтэрв’ю сярод маладых людзей 18–35 гадоў.
На прэзентацыі вынікаў даследавання палітолаг, эксперт «Chatham House» Рыгор Астапеня адзначыў, што амаль траціна маладых беларусаў – гэта адкрытыя праеўрапейскія свабодалюбівыя людзі.
У сваім даследаванні эксперты вылучаюць пяць групаў маладых беларусаў. Самая масавая – 31 % – «сярэдне незадаволеныя адкрытыя прагрэсіўныя дэмакраты». Яны дасведчаныя ў палітычным і эканамічным жыцці краіны, гатовыя да рэформаў, арыентаваны на Еўропу і зацікаўленыя ў перамозе Украіны ў вайне з Расеяй.
Наступная група – «закрытыя кансерватары» (27 %). Яны добра ставяцца да Расеі, у тым ліку таму, што «традыцыйныя каштоўнасці» – важная частка дыскурсу РФ, яны часцей схільныя падтрымоўваць Расею ў вайне.
«Сярэдне задаволеныя абыякавыя» – 15 % рэспандэнтаў.
«Незадаволеных кансерватыўных аўтарытарыстаў» – 14 %. Яны «жадаюць моцнай рукі ў дзяржаве».
«Задаволеных адкрытых прагрэсіўных аўтарытарыстаў» – 13 %. У іх адкрытае і рацыянальнае мысленне. Не надта важныя «традыцыйныя каштоўнасці», але такія беларусы больш за іншых схільныя падтрымоўваць «моцную руку» і арыентаваныя хутчэй на Расею.
Згодна ранейшым даследаванням «Chatham House», сярод усяго гарадскога насельніцтва 37 % – аўдыторыя дзяржаўных СМІ. Сярод моладзі гэтая доля значна меншая – 22 %. Незалежныя медыі маюць прыкладна аднолькавую аўдыторыю як сярод усяго гарадскога насельніцтва, так і сярод гарадской моладзі. А вось чым адрозніваецца моладзь, дык гэта доляй тых, хто не бярэ інфармацыі ні з якіх медыяў. То бок па сутнасці не сочыць за тым, што адбываецца ў свеце і ў краіне.
Даследнікі тлумачаць: часта моладзь даведваецца інфармацыю з сацсетак, а адкуль яна там з’явілася – з дзяржаўнага ці незалежнага СМІ, – для маладых людзей ужо неістотна. Таму часта яны глядзяць проста тое, што ім падсоўвае ў сацсетках «Яндэкс» ці «Гугл».
Каля паловы беларускай моладзі не сочыць за палітычнымі блогерамі і журналістамі, а сярод тых, хто гэта робіць, большай папулярнасцю карыстаюцца расейскія каментатары. Са словаў даследнікаў, гэта не дзіўна, бо Беларусь сёння – расейская інфармацыйная калонія, дзе відавочнае дамінаванне расейскага кантэнту.
У топе куміраў маладых беларусаў асобы, якія штодня мільгаюць у эфірах. Але з улікам таго, як моладзь успрымае інфармацыю, яна можа проста не запамінаць імёнаў людзей, якіх бачыць на экране. Напрыклад, маладыя людзі часта не адрозніваюць Сяргея Чалага і Арцёма Шрайбмана, хоць і глядзяць стрымы і аднаго, і другога.
Моладзь часцей аддае перавагу нейтральным пазіцыям у замежнай палітыцы. Большасць выбірае або варыянт адначаснага сяброўства ў саюзе з Расеяй і ЕЗ, або быць па-за саюзамі (па 27 %). Разам з тым, 30 % маладых беларусаў – за саюз з Расеяй, у якім Беларусь цяпер і перабывае. Гэта значна менш, чым сярод гарадскога насельніцтва агулам. А вось на пытанне, ці хочаце вы, каб Беларусь увайшла ў склад РФ, станоўчых адказаў зусім вобмаль.
Калі казаць аб вайсковым супрацоўніцтве, то 47 % выступаюць за пазаблокавы статус Беларусі, 41 % – за сяброўства ў АДКБ, 12 % – за ўступленне ў NATO.
Да ядравай зброі ў Беларусі 70 % рэспандэнтаў ставяцца адмоўна ці хутчэй адмоўна. Яшчэ 20 % – хутчэй станоўча, 10 % – сапраўды станоўча. На думку даследнікаў, тут грае сваю ролю прапаганда і тое, што ядравая зброя па факце ўжо ў Беларусі.
Сярод беларускай моладзі мала людзей, якія заяўляюць аб падтрыманні ваенных дзеянняў Расеі. Ва ўсіх сегментах, акрамя аўдыторыі дзяржаўных СМІ, праціўнікаў дзеянняў расейскіх войскаў больш, чым прыхільнікаў.
Гэтак, ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне дакладна не падтрымоўваюць 34 % апытаных маладых беларусаў, 16 % – хутчэй не падтрымліваюць. Не змаглі адказаць – 33 % (даследнікі адзначаюць, што тут мог сыграць ролю фактар страху падчас апытання ўнутры Беларусі). За Расею ў гэтай вайне – 6 % рэспандэнтаў, 12 % – хутчэй падтрымоўваюць Расею.
Моладзь схільная да нейтралітэту ў расейскай вайне супраць Украіны. Пры гэтым аўдыторыя недзяржаўных медыяў асуджае дзеянні Расеі значна часцей. Ідэя ўступлення Беларусі ў вайну на баку Расеі – маргінальная.
На думку экспертаў, беларуская моладзь у большай ступені, чым насельніцтва агулам, антываенная, антыкрамлёўская, у большай ступені за нейтралітэт і менш схільная да любых формаў падтрымання Расеі ў вайне.
Такім чынам
41 % беларускай моладзі лічыць, што Беларусь павінна заставацца сябрам Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспекі; 47 % выступае за нейтралітэт і 12 % – за ўступленне ў NATO.
у тым ліку падтрыманне Украіны ў вайне і станоўчае стаўленне да яе агулам, выказвае пераважна дэмакратычна настаўленая моладзь.
Большасць рэспандэнтаў хоча спынення вайны як мага хутчэй. Пры гэтым 18 % мяркуюць, што вайна павінна скончыцца пасля дасягнення Расеяй сваіх мэтаў, і 15 % – пасля дасягнення мэтаў Украінаю.
Прадэмакратычная моладзь часцей мае праўкраінскі погляд на вайну. Яна часцей ацэньвае ваенныя дзеянні Украіны як паспяховыя і верыць у перамогу Украіны, часцей лічыць, што вайна павінна скончыцца пасля дасягнення Украінай сваіх мэтаў.
Саша Гоман belsat.eu