«Нас вырашылі зусім звесці са свету». Палітолаг Валерыя Касцюгова распавяла пра ўмовы ў Валадарцы


Валерыя Касцюгова, якая амаль год за кратамі, распавяла ў лісце пра побыт у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Палітзняволеная паведамляе пра ўмовы, піша Telegram-канал «Вясна: Палітвязні Беларусі».

Валерыя Касцюгова.
Фота: https://www.facebook.com/valeria.kostyugova

Палітзняволеную Валерыю Касцюгову схапілі сілавікі 30 чэрвеня летась. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтаю захапіць уладу») і ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК («Дапамога ў закліках да захопу ўлады»). Ужо амаль год Валерыю ўтрымліваюць у СІЗА № 1 на Валадарскага. У адным з лістоў Валерыя распавяла пра побыт за кратамі.

«Відаць, нас вырашылі зусім звесці са свету. Напэўна, у імкненні адрэагаваць на міжнародную крытыку ўмоваў утрымання ў беларускіх турмах нас сталі лепей карміць. Але цяпер нельга ўзяць пустыя талеркі, гэта значыць, чалавечую ежу есці няма ў чым, калі не выкінуць турэмнай. Таму каналізацыя стала забіваецца струменямі баланды.

У турме бясконцыя правяранні. На практыцы гэта азначае, што мы ўвесь час у чаканні, падчас якога немагчыма сушыцца і рабіць пранне, есці і чытаць, гуляць і нават хадзіць у прыбіральню, усе рэчы павінныя быць схаваныя, камера павінна рабіць уражанне нежылой.

У камеры насупраць робяць рамонт. Гэта значыць, што ўжо 2 тыдні мы дыхаем выключна фарбай, аліфай і падобным. Пашырылі пералік прадуктаў, якія можна сюды перадаваць (праўда, у аснове ўсё роўна пералік 50-х), але на практыцы забаранілі сушаныя журавіны і дэкаратыўную касметыку. Відаць, начальства вырашыла, што раз зняволеныя скардзяцца на нястачу паветра, трэба зрабіць шпацыры абавязковымі для ўсіх. Цяпер цесната ў падворках для шпацыраў, і раней замалых, сталася такою, што пра фізкультуру даводзіцца забыцца. А час шпацыру скараціўся, бо двароў у 5 разоў менш, чымся камераў.

Аб’ектыў
Як катуюць умовамі ўтрымання «палітычных» на Акрэсціна
2021.07.26 23:07

Праблемы ж перанаселенасці турмаў, нястачы фінансавання і пастаяннага (а не часовага) пражывання ў іх у межах сістэмы выканання пакаранняў не развязваюцца, гэтыя рэчы – заслуга іншых ведамстваў, таму ўсе спробы «палепшыць» умовы прыводзяць да ўзмацнення жорсткасці.

Але я маю намер выжыць. І нават атрымліваць прыемнасць. Чытаю добрыя кніжкі. Або не добрыя, а займальныя. Галоўным чынам пра гісторыю расейскай рэвалюцыі 1905–1917 гадоў. Цяпер «Бухарын» Коэна. Яшчэ Гарары, Ўэлма, Даера, Капушынскага. Рэкамендаваць магу толькі Джэвэл 100 найвялікшых хуліганак у гісторыі.

Хвароба, якая мяне мучыць з кастрычніка, здаецца, усё ж праходзіць. Вушы і шыя баляць усё яшчэ, але нашмат менш».

Падтрымаць Валерыю Касцюгову лістамі салідарнасці можна, напісаўшы на адрас:

СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск

Артыкулы
«Вывучае тэорыю малых сацыяльных груп на практыцы». Пра палітзняволеную Валерыю Касцюгову – дачка Настасся
2021.11.02 10:46

ІК belsat.eu

Стужка навінаў