Гісторык Акудовіч: Мы мусім памятаць, што нашыя продкі прымалі Канстытуцыю 3 траўня


3 траўня ў Польшчы адзначаецца свята Канстытуцыі 1791 года, прынятай з мэтай уратаваць Рэч Паспалітую ад падзелаў суседнімі краінамі. Але ў Беларусі гэтае свята не зрабілася настолькі важным. Пра тое, чаму так адбылося і ці сапраўды Канстытуцыя скасоўвала Вялікае Княства Літоўскае, карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з гісторыкам, вядоўцам праграмы «Вусы Скарыны» Цімафеем Акудовічам.

Прыняцце Канстытуцыі 3 траўня 1791 года. Выява: Kazimierz Wojniakowski / cyfrowe.mnw.art.pl

Канстытуцыя 3 траўня была прынятая ў 1791 годзе – праз 19 гадоў пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. І, як адзначыў Цімафей Акудовіч, была «несумненна супольнай дзейнасцю» прадстаўнікоў Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Сярод тых, хто прагнуў рэформаў, было дастаткова шмат ліцвінаў. Напрыклад, у фармаванні тэксту Канстытуцыі ўдзельнічаў Юльян Нямцэвіч з-пад Берасця.

«Лінія фронту прайшла паміж тымі, хто хацеў захаваць «як было», – старую сістэму Рэчы Паспалітай, і тымі, хто хацеў новага, хацеў рэформаў. І там, і там палякаў і ліцвінаў было, напэўна, пароўну», – падкрэсліў гісторык.

Паводле яго, маладзейшая і актыўнейшая частка ліцвінаў «прагнула рэформаў, бо разумела, што толькі гэта дапаможа выратаваць Рэч Паспалітую».

Больш за тое, дадаў Акудовіч, «патрыятычная частка Вялікага Княства Літоўскага, моладзь, адукаваныя людзі вельмі добра ўспрынялі гэтую Канстытуцыю». У розных гарадах Беларусі і Літвы былі арганізаваныя святы, на гадавіну Канстытуцыі прайшлі балі і ўсталявалі адмысловыя калоны, некаторыя з якіх захаваліся.

«Успрынята гэта было вельмі пазітыўна. Гэта была надзея на выратаванне дзяржавы, якая, на жаль, не спраўдзілася», – адзначыў гісторык.

Канстытуцыя скасавала ВКЛ?

Акудовіч таксама адпрэчыў меркаванні, што Канстытуцыя 3 траўня 1791 года нібыта скасоўвала ВКЛ. Паводле яго, дзеля выратавання краіны сапраўды была патрэбная ўніфікацыя, «бо двайныя ўрады – кожны ў сваёй дзяржаве – стваралі складанасць для камунікацыі і для працы дзяржавы». Але ВКЛ дакументам не скасоўвалася, яго «проста не згадалі ў Канстытуцыі з палітычных прычынаў – яе б тады проста не прынялі».

Гісторык нагадаў, што праз паўгода пасля Канстытуцыі быў падпісаны асобны дакумент – «Узаемныя заручыны двух народаў», у якім былі прапісаныя «ўсе гэтыя моманты з тым, дзе і якія кабінеты будуць, якое будзе адбывацца прадстаўніцтва прадстаўнікоў ВКЛ». То бок, унія паміж ВКЛ і Каронай захоўвалася, а мянялася толькі структура кіравання дзяржавай.

«Яна стала больш эфектыўнай, бо з’явіліся цэнтральныя апараты, у якіх палякаў і ліцвінаў было пароўну. Так было зручней. Як бы гэта працавала далей, наколькі б тое паўплывала на змяншэнне ці павелічэнне самастойнасці ВКЛ, мы не ведаем. На жаль, усё вельмі хутка скончылася. Але на той момант фармальна і рэальна ніякай страты самастойнасці не было», – падкрэсліў Акудовіч.

Ці беларускае гэта свята?

І хоць Канстытуцыя 3 траўня «прывяла да знішчэння Рэчы Паспалітай, бо выклікала гнеў Кацярыны ІІ», для палякаў Канстытуцыя 3 траўня стала пуцяводнай зоркай, заявіў Акудовіч. Паводле яго, палякі марылі пра адраджэнне Рэчы Паспалітай і вяртанне гэтай Канстытуцыі. І ў выніку цяпер у Польшчы гэта дзяржаўнае свята. Для беларусаў жа яна «не ўвайшла ў наш святочны рытуал».

«Але мы мусім пра яе памятаць, бо гэта нашыя продкі прымалі гэтую Канстытуцыю, бралі на сябе гэтыя рызыкі, абмяркоўвалі яе і ўрэшце пагадзіліся з ёю. Яны хацелі зменаў у супольнай дзяржаве», – адзначыў гісторык.

Пры гэтым, на ягоную думку, для Беларусі было б больш важным ушанаванне Статуту ВКЛ 1588 года, бо ён «для нас значна больш сур’ёзная гістарычная падзея паводле маштабу таго, як ён паўплываў на нашае развіццё».

«Таму, выбіраючы, якое свята святкаваць, я б лепей выбраў студзень [28 студзеня 1588 года быў прыняты трэці Статут ВКЛ. – Рэд. Belsat.eu], але памятаць пра гэтую дату [3 траўня 1791 года. – Рэд. Belsat.eu], відавочна, трэба», – падкрэсліў Акудовіч.

Але, каб гэтыя дні зрабіліся святамі для беларусаў, «іх трэба напрацоўваць, іх трэба развіваць, думаць пра гэта». Уладам жа Беларусі, на думку гісторыка, зусім не да гэтага.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў