Гарадзенская епархія: Дэмантаваны помнік Ларысы Геніюш «у надзейным месцы»


Дэмантаваны помнік паэткі Ларысы Геніюш знаходзіцца «ў надзейным месцы», аднак калі ён вернецца на месца – невядома. Пра гэта блогу «Люди» распавялі ў Гарадзенскай епархіі.

Помнік Ларысе Геніюш «да» і «пасля» дэмантажу. Крыніца: holiday.by, racyja.com

Раней «Народная Воля» паведамляла аб тым, што дэмантаваны помнік знаходзіцца ў зэльвенскай царкве.

«Паколькі Гарадзенская епархія дачынення да дэмантажу не мае, адпаведна, у нас няма інфармацыі, калі ён вернецца на сваё месца і ці вернецца. Вырашэнне гэтых пытанняў ад епархіі не залежыць», – заявілі ў Гарадзенскай епархіі.

Таксама там адзначылі: «Сам помнік знаходзіцца ў надзейным месцы».

Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш усталявалі ў 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Тройцы ў Зэльве. Усталяванне яго не ўзгаднілі з адміністрацыяй гораду, але на адкрыцці адслужылі набажэнства, а сам помнік атрымаў добраславенне царквы.

Hавiны
Андрэй Хадановіч: Творчасць Геніюш падтрымлівае палітвязняў, гэтую значнасць ацанілі ўлады
2023.03.30 22:13

Раней «інфаспецназаўка» Вольга Бондарава звярнулася ў мясцовы райвыканкам, у якім патрабавала патлумачыць законнасць усталявання помніку і патрабавала, каб яго знеслі. Яна лічыць, што помнік парушае Закон РБ «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Але 29 сакавіка праўладная актывістка атрымала адказ з райвыканкаму, у якім напісана, што мясцовыя ўлады не маюць намеру дэмантаваць помнік Ларысе Геніюш.

Аднак на наступны дзень, 30 сакавіка, унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш распавёў, што ўначы ў Зэльве ўсё ж такі дэмантавалі помнік ягонай бабулі, які стаяў на тэрыторыі царквы. Мясцовыя ўлады заявілі, што не ведаюць пра магчымы дэмантаж помніку і кажуць, што такіх указанняў яны не давалі. Хто прыбраў помнік – дагэтуль невядома.

Гісторыі
Магла стаць першай кіраўніцай Беларусі: няскораная Ларыса Геніюш
2023.03.30 19:55

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў