Балгарыя: пятыя выбары за два гады. Ці будуць шостыя?


2 красавіка ў Балгарыі адбыліся парламенцкія выбары. Гэта ўжо пятыя выбары за апошнія два гады, а калі дадаць да іх яшчэ і прэзідэнцкую кампанію, то атрымліваецца, што балгары цягам гэтага часу прыходзілі да выбарчых скрынак ужо ў шосты раз. Якія вынікі гэтай кампаніі, як яны паўплываюць на сітуацыю ў Еўропе і рэгіёне? Аб гэтым мы паразмаўлялі са славістам, супрацоўнікам Лодзінскага ўніверсітэту Янам Маравіцкім.

Галасаванне ў Балгарыі праходзіла з дапамогай спецыяльных машын ці папяровых бюлетэняў у залежнасці ад жадання выбарца. Сафія, Балгарыя. 2 красавіка 2023 года.
Фота: Stoyan Nenov / Reuters / Forum

Па выніках апрацоўкі 100% галасоў вядома, што на лідарскія пазіцыі выйшла кааліцыя партыі «Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі» (ГЕРБ) і Саюза дэмакратычных сіл (СДС). Свой голас за іх аддалі 26,51% выбарцаў. Другое месца з невялікім адрывам заняў блок «Працягваем перамены» (ПП) і «Дэмакратычная Балгарыя« (ДБ) – за іх прагаласавала 24,54%.

На самай справе вельмі падобна, што балгары стаміліся ад такой вялікай колькасці электаральных кампаній і праяўляюць зусім невысокую выбарчую актыўнасць. Правам голасу ў гэтай краіне валодаюць шэсць з паловай мільёнаў чалавек. Яўка на гэтых выбарах склала 40%, гэта ўсяго на 1% больш, чым было на выбарах 2022 года, у якіх узяла ўдзел рэкордна нізкая колькасць выбарцаў, пачынаючы з 1989 года.

Калі зараз дэпутаты не дамовяцца аб стварэнні кааліцыі і не змогуць сфарміраваць урад, то балгар чакаюць чарговыя выбары.

Расклад сіл

Фактычна змаганне за права фарміраваць урадавую кааліцыю вядуць два асноўныя гульцы. Першы – гэта правацэнтрысцкая партыя «Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі» (ГЕРБ), на чале якой знаходзіцца былы прэм’ер-міністр краіны Бойка Барысаў, ён займаў гэты пост з 2009 па 2021 год. Сёлета да ГЕРБ далучыўся таксама Саюз дэмакратычных сіл, створаны яшчэ ў 1989 годзе як кааліцыя апазіцыйных антыкамуністычных арганізацый Балгарыі.

А з другога боку – альянс ПП – ДБ, прадстаўніком якога таксама з’яўляецца былы прэм’ер краіны Кірыл Петкаў. Праўда, час яго прэм’ерства доўжыўся ўсяго некалькі месяцаў у 2022 годзе. Ягоны ўрад вымушаны быў сысці ў адстаўку ў выніку вотуму недаверу, які быў ініцыяваны партыяй ГЕРБ.

Трэцяе месца займае партыя «Адраджэнне» з выразна прарасейскімі поглядамі, якая сёлета набрала 14,15% галасоў. Таксама неабходны парог у 4% для праходу ў парламент набралі Рух за правы і свабоды (РПС), які з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком інтарэсаў турэцкай меншасці ў краіне (яны набралі 13,72%), Балгарская сацыялістычная партыя (8,94%) і партыя «Ёсць такі народ» (балг. Има такъв народ – ИТН), якая мае 4,11% галасоў.

Прэзідэнцкая рэспубліка?

Але што будзе, калі і на гэты раз балгарскія палітыкі не змогуць дамовіцца і стварыць кааліцыйны ўрад? Многія адзначаюць, што ў выйгрышы ад пастаянных перавыбараў у краіне апынаецца адзін палітык – прэзідэнт Румен Радзеў. І гэта нягледзячы на тое, што яго паўнамоцтвы, паводле балгарскага заканадаўства, зусім намінальныя. Бо праз адстунасць сфарміраванай кааліцыі прэзідэнт мае магчымасць прызначаць часовыя адміністрацыі і можа рабіць гэта, зыходзячы са сваіх меркаванняў. Пры гэтым многія крытыкуюць Радзева за даволі невыразную, пасіўную пазіцыю адносна ўзаемаадносінаў Масквы і Бруселя і нават абвінавачваюць яго ў тым, што ён трымаецца прарасейскіх поглядаў. З гэтай нагоды ў Балгарыі адбылося некалькі пратэстаў, адным з асноўных лозунгаў якіх стаў «Сафія – не Масква».

Прэзідэнт Балгарыі Румен Радзеў у Бруселі. 24 сакавіка 2023 года.
Фота: Zheng Huansong / Xinhua News Agency / Forum

Да чаго гэта ўсё прывядзе

У хітраспляценнях балгарскай палітыкі мы разбіраліся разам з экспертам, добра паглыбленым у палітычную павестку гэтай краіны, славістам Янам Маравіцкім.

Калі глядзець на гэтыя выбары, адзначае наш суразмоўца, можна заўважыць, што па вялікім рахунку сітуацыя карэнным чынам не змянілася ў параўнанні з папярэднімі электаральнымі кампаніямі. Таму можна прасачыць адну і тую ж тэндэнцыю:

«У Балгарыі няма ніводнай дамінуючай палітычнай сілы, і ў парламенце прадстаўлена дастаткова шмат палітычных партый… І вось такая разнастайнасць была характэрна для кожнага з апошніх парламентаў. Гэта ўсё адны і тыя ж людзі».

А вялікая разнастайнасць палітычных сіл якраз і перашкаджае фарміраванню нейкай устойлівай кааліцыі і ўраду.

Зыходзячы з вынікаў выбараў, атрымліваецца, што менавіта ГЕРБ у саюзе з СДС мае магчымасць фарміраваць кааліцыю. Але эксперт гаворыць аб тым, што ёсць вельмі вялікае пытанне, ці зможа партыя Бойка Барысава зрабіць гэта. Бо папярэднія спробы заканчваліся няўдала.

Тым не менш, паводле балгарскага заканадаўства, калі ў вядучай палітычнай сілы не атрымаецца сфарміраваць гэту кааліцыю, такое права атрымае другая па велічыне палітычная сіла: ПП – ДБ. А пасля яшчэ і трэцяя – у выпадку, калі дзве папярэднія не справяцца з гэтай задачай. Такой сілай, зыходзячы з вынікаў выбараў, з’яўляецца прарасейская палітычная партыя «Адраджэнне». І толькі ў выпадку, калі і гэты шанец сфарміраваць кааліцыйны ўрад не будзе скарыстаны, тады прэзідэнт краіны павінны распусціць парламент і прызначыць «службовы ўрад» – менавіта такі ўрад дзейнічае зараз у Балгарыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бойка Барысаў, былы прэм’ер-міністр Балгарыі і лідар правацэнтрысцкай партыі ГЕРБ, сыходзіць з выбарчага ўчастка падчас парламенцкіх выбараў у Сафіі. 2 красавіка 2023 года.
Фота: Stoyan Nenov / Reuters / Forum

Ян Маравіцкі таксама звярнуў увагу на тое, што за кошт той «неразбярыхі», якая прасочваецца некалькі апошніх год у краіне, вельмі ўзрастае роля прэзідэнта – «як адзінага інстытуту, які з’яўляецца фактычна стабільным у краіне. У цяперашняга прэзідэнта Румена Радзева ўжо другі, апошні тэрмін, і ён увогуле не хавае сваіх дастаткова моцных палітычных амбіцый і стараецца быць не толькі арбітрам, але і палітычным гульцом».

А што Еўразвяз?

На пытанне аб тым, якое значэнне для Еўразвязу маюць выбары, што адбыліся ў Балгарыі, наш суразмоўца адказаў наступнае: «Балгарыя як чалец НАТА і Еўразвязу, натуральна, мае важнае значэнне для Еўропы. Але ў адрозненне ад Фінляндыі, дзе таксама прайшлі выбары, гэта ўсё ж такі краіна, якая не аказвае вельмі вялікага ўплыву на еўрапейскі парадак дня».

Пры гэтым, адзначае эксперт, Балгарыя знаходзіцца побач з Украінай і з’яўляецца знешняй граніцай Еўразвязу, таму «цяперашняя сітуацыя нестабільнасці, з магчымасцю правядзення наступных выбараў, у цэлым не дастаўляе нейкага задавальнення еўрапейскім элітам, бо гэта кропка пэўнага неспакою».

У той жа час эксперт адзначыў, што ў Балгарыі даволі высокія праеўрапейскія настроі. Таму, нягледзячы на існаванне ў парламенце такой «трэцяй сілы», як партыя «Адраджэнне», выбарчая арыфметыка сведчыць, што наўрад ці «такія прарасейскія, нацыяналістычныя, еўраскептычныя сілы змогуць сфарміраваць нейкі ўрад. Яны змогуць тым ці іншым чынам аказваць уплыў, перашкодзіць фарміраванню кааліцыі, магчыма, увойдуць з кімсьці ў кааліцыю, але наўрад ці змогуць адыгрываць самастойную ролю».

Раман Шавель  belsat.eu

Стужка навінаў