ЗСУ стабілізавалі фронт пад Аўдзееўкай. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 739-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / facebook.com https://www.facebook.com/photo/?fbid=729404289372652&set=pcb.729404396039308

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё чатырох атак праціўніка каля сяла Табаеўка. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на гэтым жа ўчастку фронту атакавалі і самыя ЗСУ, у выніку чаго вярнулі шэраг раней страчаных пазіцыяў. Цяпер яны намагаюцца выйсці на ўчастак трасы Н-26.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што таксама ўкраінцы пяць разоў атакавалі каля сяла Сынькоўка, але тут лінія сутыкнення засталася нязменнай.

На ліманскім кірунку большай ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія цягам апошніх содняў правялі не менш за восем атак каля населеных пунктаў Церны і Ямпалаўка на поўначы Данецкай вобласці (так званы торскі выступ на фронце) – паўсюль сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку дамінуюць расейскія вайскоўцы, якія наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка. У Генштабе ЗСУ паведамілі, што тут цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі прынамсі 15 атак праціўніка.

Пры гэтым самыя ўкраінскія вайскоўцы гавораць пра крытычную сітуацыю ў сяле Іванаўскае, дзе расейцы пад прыкрыццём артылерыі наступаюць вялізнай колькасць пяхоты. Адзначаецца, што страта Іванаўскага істотна пагоршыць становішча ЗСУ ў суседнім сяле Клішчыеўка, на ўскрайках якога ўжо замацаваліся войскі РФ.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку расейцы наступаюць на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае і Невельскае. Украінскае камандаванне фіксуе 14 няўдалых атак праціўніка на гэтых участках фронту.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ЗСУ захоўваюць пад сваім кантролем прыблізна палову сяла Арлоўка, а таксама прысутнічаюць у Бэрдычах і Танэнькім. Адзначаецца, што для сілаў абароны Украіны вельмі важным з’яўляецца ўтрыманне фронту па лініі гэтых населеных пунктаў.

У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «Romanov Лайт» піша, што Бэрдычы знаходзяцца пад поўным кантролем украінцаў.

Камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў «Таврія» Аляксандр Тарнаўскі гаворыць, што агулам сітуацыя на аўдзееўскім кірунку па-ранейшаму застаецца складанай, але пры гэтым ЗСУ ўдалося яе стабілізаваць.

Навапаўлаўскі кірунак (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці)

Маштабныя наступальныя дзеянні расейцаў фіксуюцца і на паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці. Генштаб ЗСУ піша пра 25 няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Сямён Пегаў гаворыць, што таксама цягам содняў расейцы атакавалі каля сёлаў Старамаёрскае і Залатая Ніва,  але поспеху не дасягнулі.

Між тым у Новаміхайлаўцы і Георгіеўцы, паводле ваенкора, Узброеныя сілы дасягнулі тактычных поспехаў.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што з другім сяле УС РФ занялі каля 10 дамоў на вуліцы Цэнтральная. Таксама крыніца паведамляе аб прасоўваннях на поўдні Краснагораўкі.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ гавораць, што на навапаўлаўскім кірунку пачаўся ключавы этап баёў, бо расейцы пачалі ўводзіць свае рэзервы, што ў сваю чаргу вымушае камандаванне ЗСУ прымаць аналагічныя рашэнні.

Запарожскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Запарожскай вобласці працягваюцца баі з поўдня ад гораду Арэхаў – Генштаб ЗСУ піша пра чатыры адбітыя атакі праціўніка каля сёлаў Работына і Навапрокапаўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што гэтым разам УС РФ штурмавалі Работына на квадрацыклах. З чаго вынікае, што яны па-ранейшаму намагаюцца хутка заехаць у разбуранае сяло і замацавацца, не ўступаючы пры гэтым у бой.

У Херсонскай вобласці расейцы штурмуюць пазіцыі сілаў абароны Украіны ў сяле Крынкі (левабярэжжа Дняпра) – пакуль безвынікова.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Аналітыка
Расея захапіла Аўдзееўку, але з пазіцыйнага тупіка не выйшла. Тлумачым, што адбываецца
2024.02.20 17:43

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў