«Вязень Пуціна». Жыццё Саакашвілі пад пагрозай, але яго не адпускаюць на лячэнне. Чаму?


Стан здароўя былога прэзідэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі, які ўжо амаль паўтара года застаецца ў зняволенні, выклікае ўсё большую занепакоенасць як у ягоных прыхільнікаў, гэтак і ў замежных дзяржаваў. Карэспандэнт «Белсату» разбіраўся, чаму так адбываецца.

Экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі, які застаецца ў зняволенні, на відэазванку з клінікі падчас судовага разгляду хадайніцтва юрыстаў Саакашвілі аб ягоным вызваленні або адтэрмінаванні шасцігадовага прысуду. Тбілісі, Грузія. 1 лютага 2023 года.
Фота: Irakli Gedenidze / Reuters / Forum

Міхэіл Саакашвілі быў адным з лідараў Рэвалюцыі ружаў, якая зняла ў 2003 годзе Эдуарда Шэварнадзэ. У 2004-м Саакашвілі абралі прэзідэнтам Грузіі, на гэтай пасадзе заставаўся да 2013-га. Менавіта з ягоным імем звязваюць шматлікія рэформы, якія мадэрнізавалі краіну ў 2000-х. Але новыя ўлады распачалі супраць Міхэіла некалькі крымінальных справаў, якія сам палітык называе палітычна матываванымі.

Па заканчэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Саакашвілі пакінуў Грузію. У 2014 годзе ён актыўна падтрымаў Еўрамайдан ва Украіне, уключыўся ва ўкраінскую палітыку і нават атрымаў мясцовае грамадзянства. Ён узначаліў Адэскую вобласць і стаў дарадцам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Але пасля таго, як у 2016 годзе Саакашвілі стаў актыўна крытыкаваць украінскія ўлады, яго пазбавілі грамадзянства краіны і дэпартавалі. Уладзімір Зяленскі, які перамог у 2019 годзе на выбарах прэзідэнта Украіны, грамадзянства яму вярнуў.

У верасні 2021 года Саакашвілі таемна вярнуўся ў Грузію. Ён заклікаў суграмадзянаў рушыць калонамі на Тбілісі, каб «абараніць вынікі выбараў». Экс-прэзідэнт абяцаў далучыцца да адной з калонаў, але 1 кастрычніка быў затрыманы. З таго часу ён у зняволенні, у тым ліку з траўня 2022 года – у шпіталі.

Саакашвілі адбывае 6-гадовы тэрмін у справе аб памілаванні асуджаных у гібелі Сандро Гіргвліяні і ў справе аб збіцці былога дэпутата Валерыя Гелашвілі. Гэтыя прысуды вынеслі завочна, пакуль Саакашвілі быў за межамі Грузіі. Таксама ў дачыненні яго разглядаюцца справы пра здушэнне пратэстаў у 2007 годзе, увод спецназу ў будынак тэлеканалу «Імэдзі», растрату бюджэтных сродкаў і незаконнае мінанне мяжы ў 2021 годзе.

Страціў 46 кг

У турме Саакашвілі некалькі разоў аб’яўляў галадаванне. Таксама ў яго рэзка пагоршылася здароўе. Паводле дактароў, 28 студзеня 2023 года Саакашвілі важыў менш за 70 кг, у турму ж ён паступіў з вагой 116 кг. Доктар Тэнгіз Цуладзэ заявіў, што страта вагі набыла некантраляваны характар.

Незалежная экспертыза заявіла пра 20 дыягназаў і выяўленне ў арганізме палітыка падвышаных дозаў барыю, вісмуту і ртуці. Амерыканскі псіхіятр Эрык Гоўлдсміт паведаміў, што цяжкія металы выклікалі ў Саакашвілі дэменцыю, якая хутка прагрэсуе. А хірург Джэймз Коб адзначыў, што Саакашвілі мае патрэбу ў некалькіх аперацыях, інакш страціць здольнасць рухацца. Як заявіла 30 студзеня эндакрынолаг Лалі Джавашвілі, арганізм Саакашвілі – за крок ад паліорганнай няздатнасці, і захады неабходна рабіць тэрмінова:

«Паліорганная няздатнасць – неадкладны стан, калі за адмовай аднаго органа ідзе каскад, і гэта можа прывесці да смяротнага зыходу».

Да ўсяго іншага, у канцы студзеня 2023 года ў Саакашвілі выявілі каронавірус. Дырэктар клінікі «Vivamed», у якой ён застаецца, заявіў, што COVID-19 праходзіць у адносна лёгкай форме, але палітык рэзка скараціў аб’ём прыманай ежы.

Дактары, меркаванні якіх у судзе прэзентавала абарона экс-прэзідэнта, заяўляюць, што яго «неабходна перавесці ў клініку адпаведнай кваліфікацыі на Захадзе для ацэнкі іншых спадарожных захворванняў і прызначэння адэкватнага лячэння».

«Адзінае, пра што я прашу, – даць мне магчымасць адэкватнага лячэння», – сказаў сам Саакашвілі, дыстанцыйна звяртаючыся да суда 1 лютага.

Саакашвілі атруцілі?

Псіхіятр Гоўлдсміт дапусціў, што дэменцыя можа быць вынікам уздзеяння ртуці і мыш’яку. Як заявіў амерыканскі эксперт-таксіколаг Дэйвід Сміт, цяжкія металы трапілі ў арганізм былога прэзідэнта яшчэ ў сакавіку 2022 года. На ягоную думку, гэтая версія тлумачыць большасць дыягназаў і сімптомаў, якія назіраюцца ў Саакашвілі. Гэтак, атручэнне цяжкімі металамі прыводзіць да паражэння галаўнога мозгу. Таксама гаворка ідзе пра перыферычную неўрапатыю, атрафію цягліцаў, пашкоджанне страўнікава-кішачнага тракту, печані і сэрца.

Выканаўчы дырэктар расследавальніцкай групы «Bellingcat» Хрыста Грозэў прапанаваў грузінскім праваахоўнікам дапамогу ў расследаванні атручэння экс-прэзідэнта. Пры гэтым ён лічыць верагодным «расейскі след», бо Саакашвілі «ўваходзіць у кола ворагаў ФСБ і ГРУ». Але рэакцыю грузінскіх уладаў на гэтую прапанову нам знайсці не ўдалося.

«Публічнае пакаранне ў Еўропе ў XXI стагоддзі»

Здароўе Саакашвілі прыцягнула да сябе ўвагу прадстаўнікоў замежных дзяржаваў. Гэтак, Уладзімір Зяленскі заклікаў Тбілісі праявіць міласэрнасць і перадаць палітыка любой з краінаў Еўропы, ЗША ці Украіне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паказвае фотаздымкі Міхэіла Саакашвілі падчас супольнай прэс-канферэнцыі з федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Александэрам ван дэр Бэленам у Кіеве, Украіна. 1 лютага 2023 года.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

«Проста цяпер павольна забіваюць грамадзяніна Украіны, былога прэзідэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі. Ганебны нават сам факт, што дасюль даводзіцца змагацца супраць такой спробы дэ-факта публічна пакараць чалавека ў Еўропе ў XXI стагоддзі», – напісаў Зяленскі.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША адзначаў, што «ўрад Грузіі нясе адказнасць за справядлівае і годнае абыходжанне з Міхэілам Саакашвілі, уключаючы наданне яму ўсёй неабходнай медычнай і псіхалагічнай дапамогі». З заклікамі да ўладаў Грузіі звярталіся і іншыя краіны, у тым ліку прэзідэнтка Малдовы Мая Санду і Сейм Польшчы. А 2 лютага пытанне пра стан Саакашвілі быў унесены ў парадак дня пасяджэння Еўрапарламенту.

Што кажуць улады Грузіі

Аднак улады Грузіі не прызнаюць цяжкога стану Саакашвілі. Міністр юстыцыі Раці Брэгадзэ заявіў, што экс-прэзідэнт займаецца калецтвам і не выконвае курсу лячэння. Паводле міністра, для стварэння публікацыяў у прэсе пра крытычны стан і магчымае атручэнне Саакашвілі была нанятая лабісцкая кампанія. Брэгадзэ расцаніў гэта як ціск на суд з мэтаю дамагчыся вызвалення Саакашвілі.

Лідар кіроўнай партыі Іраклі Кабахідзэ таксама выказаў недавер вынікам незалежнай экспертызы і выказаў здагадку, што Саакашвілі сімулюе.

У сваю чаргу прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што еўрапейская будучыня Грузіі не залежыць ад таго, ці памілуе яна былога кіраўніка дзяржавы. Раней яна неаднаразова казала, што не падпіша акту аб памілаванні.

«Паступовы, але няўхільны адкат»

У каментары «Белсату» грузінскі палітолаг Гія Нодыя адзначыў, што стасункі Грузіі ды ЕЗ і без таго ўжо ўскладніліся праз агульную палітыку афіцыйнага Тбілісі.

Прыхільнікі вітаюць былога лідара Грузіі Міхэіла Саакашвілі пасля ягонага прыбыцця ў аэрапорт «Барыспаль» у Кіеве. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі аднавіў украінскае грамадзянства Саакашвілі менш як праз два гады пасля таго, як той быў пазбаўлены яго і выгнаны. Кіеў. Украіна. 29 траўня 2019 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

«Яны ўсё больш аддаляюцца ад Захаду ў пытанні расейскага ўварвання ва Украіну. Іх рыторыка ўсё больш набліжаецца да расейскай, хоць яны намінальна падтрымліваюць Украіну. Тое, як яны ставяцца да Саакашвілі, – адзін з прыкладаў «паступовага, але няўхільнага» адкату ад дэмакратычных прынцыпаў.

Казаць пра тое, што гэты фактар не мае значэння, – наіўна», – адзначыў Нодыя.

Палітолаг падкрэсліў: заявы дактароў, у тым ліку замежных, сведчаць пра тое, што стан здароўя Саакашвілі вельмі цяжкі. І самы яркі індыкатар гэтага – вага былога прэзідэнта Грузіі. Пра сімуляцыі ж казаць «несур’ёзна, але, мабыць, яны [грузінскія ўлады. – Заўвага рэд. belsat.eu] лічаць, што так трэба».

«Людзі, якія бачылі яго апошнім часам, у шоку. Гэта зусім іншы чалавек», – нагадаў Нодыя.

На думку палітолага, улады Грузіі не дазваляюць Саакашвілі выехаць на лячэнне, бо гэта могуць расцаніць як палітычную саступку, якая ёсць прыкметай іх слабасці:

«Адправіць на лячэнне – гэта азначае фактычна вызваліць».

Палітычная помста

У сваю чаргу Наталья Мчэдлішвілі, дарадца ў пытаннях замежнай палітыкі партыі «Адзіны нацыянальны рух», ганаровы старшыня якой – Саакашвілі, распавяла «Белсату», што магчымасцяў клінікі, у якой цяпер застаецца палітык, недастаткова для ягонага выздараўлення. Належная дыягностыка і лячэнне магчымыя толькі за мяжой – у ЕЗ або ЗША.

Мітынг з патрабаваннем вызваліць экс-прэзідэнта і лідара апазіцыі Міхэіла Саакашвілі са зняволення ў Тбілісі, Грузія. 14 кастрычніка 2021 года.
Фота: Vano Shlamov / AFP / East News

Мчэдлішвілі адзначыла, што адвакаты былога прэзідэнта Грузіі яшчэ ў снежні папрасілі адпусціць яго паводле медычных падставаў для лячэння за мяжою:

«Але суд працягваецца. І нават зацягваецца. Прамежкі паміж слуханнямі займаюць шмат часу, у той час як ягонае [Саакашвілі. – Заўвага рэд. belsat.eu] здароўе пагаршаецца».

Прычыны гэтага Мчэдлішвілі бачыць у прарасейскасці грузінскага ўраду, «што ён даказаў ужо вельмі шмат разоў, а вайна ва Украіне яшчэ выразней гэта паказала». Суразмоўца нагадала, што Саакашвілі актыўна рэфармаваў Грузію, спрыяў інтэграцыі краіны ў ЕЗ і NATO, супрацьстаяў агрэсіі Расеі ў 2008 годзе і займаўся рэформамі ва Украіне:

«Увесь гэты час ён папярэджваў свет пра імперскія амбіцыі [Уладзіміра] Пуціна. Ён адзін з галоўных ворагаў Пуціна. А цяпер у нас ва ўрадзе – пуцінскія проксі, якімі кіруе алігарх [Бідзына] Іванішвілі, які зрабіў свой маёнтак у Расеі».

Таму, заявіла прадстаўніца Адзінага нацыянальнага руху, Саакашвілі – гэта таксама «вязень Пуціна, які не вельмі адрозніваецца ад [Аляксея] Навальнага». І тое, што цяпер адбываецца з трэцім прэзідэнтам Грузіі, – «гэта палітычная помста» з боку грузінскіх уладаў.

Мчэдлішвілі падкрэсліла, што з жыццём і здароўем Саакашвілі звязаныя еўрапейскія перспектывы Грузіі. У 2022 годзе краіна, у адрозненне ад Украіны і Малдовы, праз шматлікія парушэнні не атрымала статусу кандыдата ў чальцы ЕЗ. І цяпер, у выпадку смерці Міхэіла Саакашвілі ў турме, Грузія пазбавіцца еўрапейскай будучыні «на дзесяцігоддзі», заключыла суразмоўца.

Ян Круглік /ІР belsat.eu

Стужка навінаў