Расея не будзе падымаць коштаў на газ для Беларусі


Цана расейскага газу для Беларусі ў 2023 годзе ўзгодненая на ўзроўні 2022 года з разлікам у расейскіх рублях. Пра гэта заявіў ТАСС кіраўнік Міністэрства энергетыкі Расеі Мікалай Шульгінаў.

ТАА «Газпром трансгаз Масква». Крыніца: Sputnik

«На ўзроўні мінулага года з разлікам у рублях», – сказаў ён.

Цана расейскага газу для Беларусі ў 2022 годзе складала $ 128,5 за 1 тысячу кубаметраў. З 1 красавіка 2022 года Беларусь аплачвае яго ў расейскіх рублях.

20 снежня 2022 года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пасля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна заявіў, што для Беларусі цана расейскага газу будзе камфортная і выгадная ды заснаваная на прапановах беларускага боку.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што кошт будзе зафіксаваны на трохгадовы перыяд.

Між тым міністры энергетыкі краінаў Еўразвязу дасягнулі пагаднення ў справе абмежаванняў цэнаў на расейскі газ. Абмежаванне коштаў на паліва будзе задзейнічанае, калі кошты дасягнуць да 180 еўраў за 1 мегават-гадзіну. Абмежаванне ўступіць у сілу 15 лютага. Спачатку захада не будзе датычыць пазабіржавых гандляванняў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў