«Праект у нас «папрасілі». Рэгіянальныя медыя-рэсурсы пераходзяць пад кантроль дзяржаўных СМІ


Вядомыя тры выпадкі захопу каналаў рэгіянальных медыя-рэсурсаў у Тэлеграме і Інстаграме і вядомага некалі сайту kraj.by, піша «Наша ніва».

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: anticorr.media

Рэзкія змяненні адбыліся ў тэлеграм-канале «Логойск (не)официально». Ягоная назва цяпер – «Наш родны край Лагойск», яна была змененая 19 кастрычніка 2023 года. У канале з’явілася паведамленне пра тое, што на папярэднім рэсурсе былі знойдзеныя «экстрэмісцкія матэрыялы», таму на базе старога быў створаны новы канал, які не мае нічога супольнага са старым.

«Канал «Логойск (не)официально» быў прызнаны экстрэмісцкім і спыніў сваё існаванне. Дадзены тэлеграм-канал ніякага дачынення да «Логойск (не)официально» не мае. Але сюды былі экспартаваныя толькі тыя матэрыялы, якія з’яўляюцца афіцыйнымі і размешчаныя ў адкрытых не забароненых інтэрнэт-крыніцах (інфармацыя Лагойскага райвыканкаму, ДУ «Рэдакцыя газеты «Родны край» і Менская праўда, Менскэнерга і інш.)», –гаворыцца ў паведамленні ў канале «Наш родны край Лагойск».

Невядома, ці гэта ўсё зрабіў пад ціскам ранейшыя аўтары каналу ці канал быў захоплены.

Падобнае здарылася з інстаграм-акаўнтам “Столбцы Сити” з больш чым 10 тысячамі падпісчыкаў – стваральнікі страцілі над ім кантроль, Яны зрабілі новую старонку – «Алло СТОЛБЦЫ». У апісанні ўказалі, што іх «папрасілі аддаць старонку «Столбцы Сити» і цяпер яе вядуць супрацоўнікі «Менскай праўды». Скрыншот выклала ў сябе «кіберказачка» Вольга Бондарава.

Скрыншот з тэлеграм-каналу Бондаравай. Крыніца: Наша ніва

Змяненні адбыліся і з сайтам kraj.by. Ён працаваў з 2011 года, з 2019 быў зарэгістраваны як СМІ, пісаў пра заходнюю Беларусь. Улетку 2023 года рэквізіты на сайце змяніліся на дадзеныя «Менскай праўды». На якіх умовах усё гэта адбылося, была гэта добраахвотная перадача ці захоп – невядома.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў