Атрымаў пашпарт – гатовы ўступіць у армію. Эстонія хоча дэпартаваць тых, хто прыме грамадзянства Расеі


Яшчэ на пачатку лістапада міністр унутраных справаў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс заявіў, што шукаюцца шляхі высылкі з краіны тых, хто хоча атрымаць расейскае грамадзянства. Дэпутат Рыйгікогу (прадстаўнічы сход народу Эстоніі) Аляксандр Чаплыгін накіраваў ліст прэм’ер-міністарцы Кае Калас з пытаннем, ці ёсць прававая падстава ў рашэння аб дэпартацыі і ці з’яўляюцца словы міністра ўнутраных справаў афіцыйнай пазіцыяй ураду, піша выданне Postimees.

Эстонскі і расейскі пашпарты.
Фота: ERR

Кая Калас у адказе нагадала, што эстонскі Рыйгікогу і Рада Еўропы прызналі, што рэжым Расейскай Федэрацыі і сама Расейская Федэрацыя як дзяржава падтрымліваюць тэрарызм, і што ў гэтым кантэксце трэба ўлічваць намеры РФ падарваць бяспеку Эстоніі і саюзнікаў. Сярод фактаў, якія гэта даказваюць, прэм’ер-міністарка вылучыла практыкаванні па нападу на краіны Балтыі падчас вучэнняў у Расеі, хлуслівыя дадзеныя пра заходнія краіны ў расейскіх афіцыйных медыях, арганізацыя нелегальнай міграцыі ў краіны ЕЗ.

«Акрамя таго, той факт, што чалавек, які пражывае ў Эстоніі, вырашае атрымаць грамадзянства Расейскай Федэрацыі ў той час, калі Расейская Федэрацыя нападае на ўкраінскую дзяржаву і народ, сведчыць пра тое, што ў выпадку неабходнасці ў рамках мабілізацыі ён гатовы ўступіць у армію Расейскай Федэрацыі і ўдзельнічаць у нападах на Украіну. Гэта ўжо пагроза бяспецы Эстонскай Рэспубліцы і вельмі дакладны сігнал, які эстонская дзяржава не можа ігнараваць», – адказала Калас.

Паводле прэм’ер-міністаркі, Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі абавязаныя расследаваць, ці не з’яўляецца намер прыняць грамадзянства РФ заявай аб падтрымцы тэрарызму і дзейнасці РФ ды дзейнасці, накіраванай супраць Эстоніі.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Калас нагадала, што тым жыхарам Эстоніі, якія маюць доўгатэрміновы дазвол на жыхарства, ён можа быць ануляваны ў выпадку, калі замежнік прадстаўляе пагрозу грамадскаму парадку і нацыянальнай бяспецы. Пры гэтым кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.

«У сітуацыі, калі атрыманне чалавекам расейскага грамадзянства з’яўляецца яўным сігналам падтрымкі тэрарызму і дзеянняў Расейскай Федэрацыі супраць Эстоніі і нашых саюзнікаў, безумоўна, неабходна разгледзець пытанне аб прыдатнасці гэтага чалавека да жыцця ў дэмакратычнай краіне, якая выконвае правы чалавека», – кажа Калас.

Прэм’ер-міністарка пацвердзіла ў сваім адказе, што пошукі спосабу дэпартацыі тых, хто вырашыць атрымаць грамадзянства РФ – гэта афіцыйная пазіцыя ўраду.

Hавiны
Усе краіны Балтыі забаранілі ўезд аўтамабіляў з расейскімі нумарамі на сваю тэрыторыю
2023.09.13 12:32

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў