25 заданняў у падтрымку палітвязняў: ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» стварыла Адвэнт-каляндар салідарнасці


Ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» стварыла незвычайны спосаб падтрымкі беларускіх палітвязняў – Адвэнт-каляндар з тэматычнымі заданнямі на кожны дзень снежня да Божага нараджэння па грыгарыянскім календары.

Адвэнт-каляндар салідарнасці.
Фота: Вольныя паштоўкі / Instagram

«Тысячы палітзняволеных у Беларусі пазбаўленыя магчымасці адсвяткаваць Каляды і Новы год з сям’ёй. Каб дапамагчы ім адчуць святочную атмасферу, кожны дзень з 1 да 25 снежня мы будзем даваць вам заданні – а вы, выконваючы іх, будзеце падтрымліваць палітвязняў», – піша ініцыятыва.

Спампаваць каляндар можна па спасылцы, а потым сачыць за акаўнтам «Вольных паштовак» у Інстаграме. Там штодня будуць з’яўляцца заданні і парады па яго выкананні. Таксама можна дзяліцца фота і відэа, як вы выконваеце заданне – на сваіх старонках з хэштэгамі #adventpashtouki #вольныяпаштоўкі ці дасылаць ініцыятыве ў асабістыя паведамленні.

Сярод заданняў календару, напрыклад, такія: у падтрымку Марыі Калеснікавай і палітзняволеных жанчын скарыстацца чырвонай памадай, напісаць пасланне палітвязню на politzek.me, далучыцца да акцыі «Пошта Дзеда Мароза» і іншыя.

Той, хто выканае 18 і больш заданняў, атрымае ад «Вольных паштовак» узнагароду – цішотку альбо шопер.

Hавiны
Аўдыт назіральнай рады марафону «Нам не ўсё адно» прайшлі 4 арганізацыі, што дапамагаюць палітзняволеным
2023.12.01 15:31

«Вольныя паштоўкі» робяць Адвэнт-каляндар салідарнасці не першы год.  Летась і ў 2021 годзе да Адвэнт-календара далучыліся больш за 100 чалавек.

«Вольныя паштоўкі» – ініцыятыва валанцёраў Офісу Святланы Ціханоўскай. Асноўны кірунак дзейнасці – выраб паштовак і мерчу з малюнкамі палітвязняў, якія потым адпраўляюцца за данаты па ўсім свеце.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў