У Дзярждуме адмаўляюць, што ПВК Вагнэра зробіцца падраздзяленнем «Росгвардыі»


Дэпутат Дзярждумы РФ, былы дарадца дырэктара «Росгвардыі» Аляксандр Хінштэйн заявіў, што інфармацыя аб уваходжанні ПВК Вагнэра ў склад Нацыянальнай гвардыі Расеі – фэйк. Аднак былыя байцы ПВК могуць заключаць кантракты з сілавой структурай як добраахвотнікі ў індывідуальным парадку.

«Я неаднаразова ўжо каментаваў падрабязныя чуткі, выкліканыя ў тым ліку і нашымі законапраектамі аб праве «Росгвардыі» ствараць добраахвотніцкія фармаванні. Паўтаруся зноў. Ні аб якім уваходжанні ПВК у «Росгвардыю» няма і не можа быць гаворкі.

Былыя байцы змогуць заключаць кантракты, як добраахвотнікі, толькі ў індывідуальным парадку. Структурнае паглынанне ПВК «Росгвардыяй» – немагчымае паводле азначэння», – сцвярджае Аляксандр Хінштэйн.

Інфармацыя пра тое, што ПВК Вагнэра зробіцца адасобленым падраздзяленнем Нацыянальнай гвардыі Расеі, пачала распаўсюджвацца ў медыях яшчэ ў верасні. Паводле неафіцыйных звестак, сын Прыгожына Павел і цяперашні камандзір Групы Вагнэра з пазыўным Лотас (сапраўднае імя Антон Елізараў) праводзілі перамовы з кіраўніком «Росгвардыі» Віктарам Золатавым і абмяркоўвалі ўмовы ўваходжання наймітаў у гэтую сілавую структуру. Ускосна пра гэта таксама сведчыла з’яўленне законапраекту аб добраахвотніцкіх фармаваннях пры «Росгвардыі», які рэкламаваў у публічнай прасторы якраз дэпутат Хінштэйн.

Hавiны
Найміт з Беларусі: ПВК Вагнэра становіцца падраздзяленнем «Росгвардыі»
2023.10.29 10:30

У канцы мінулага тыдня Telegram-каналы, звязаныя з наймітамі, пачалі паведамляць, што прынятае канчатковае рашэнне аб уваходжанні ПВК Вагнэра ў «Росгвардыю». Паводле іх, з баевікамі будуць заключаць індывідуальныя кантракты, аднак уся структура Групы Вагнэра, камандзіры, парадак працы і заробкі застануцца ранейшымі. Сцвярджаецца, што для ўдзелу ў вайне супраць Украіны плануецца заключаць кантракты на 6 месяцаў, для службы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе – на 9 месяцаў. Задачы ў Беларусі таксама захоўваюцца, але вагнэраўскія Telegram-каналы не тлумачылі, што гэта за задачы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў