«Гэта сюрпрыз для нас». Адстаўка Таццяны Зарэцкай стала нечаканасцю для офісу Ціханоўскай


Сыход Таццяны Зарэцкай з пасады «міністаркі» фінансаў і эканомікі стаў нечаканасцю для Аб’яднанага пераходнага кабінету і Офісу Святланы Ціханоўскай. Пра гэта «Белсату» распавёў дарадца лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Франак Вячорка.

Прадпрымальніца Таццяна Зарэцкая.
Фота: Таццяна Зарэцкая / Instagram

Адстаўка прадпрымальніцы Таццяны Зарэцкай з пасады «міністаркі» фінансаў і эканомікі стала нечаканай для Аб’яднанага пераходнага кабінету і Офісу. Так «Белсату» сказаў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Мы зараз абмяркоўваем гэтае пытанне, бо гэта стала для нас сюрпрызам», – заявіў Вячорка.

Сыход Зарэцкай пракаментавала кіраўніца Кабінету Святлана Ціханоўская.

«Нашая праца ўжо два гады ажыццяўляецца пад пастаяннымі атакамі з боку рэжыму. Я дзякую Таццяне за тое, што яна вырашыла дапамагчы беларусам сваёй экспертызай і вопытам. Я лічу вялікай стратай сыход Таццяны. Аднак я хачу, каб тыя, хто аказваў на яе ціск, ведалі: мы працягнем нашую працу, нягледзячы ні на што. Мы і не чакалі, што будзе лёгка. Але беларусам, якія штодзень жывуць пад пагрозай рэпрэсій – яшчэ цяжэй», – цытуе Ціханоўскую Telegram-канал Кабінету.

У Кабінеце выказалі падтрымку і салідарнасць Зарэцкай. «Мы будзем аказваць усебаковую дапамогу ў расследаванні гэтай справы і прыцягненні вінаватых да адказнасці», – гаворыцца ў заяве Кабінету.

Hавiны
Не вытрымала ціску. Таццяна Зарэцкая абвесціла пра сыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету
2022.11.02 13:53

У сваім Facebook Таццяна Зарэцкая напісала, што сыходзіць з Кабінету праз палітычны ціск і пагрозы. Яна патлумачыла, што за апошнія некалькі тыдняў «сутыкнулася з вялізным ціскам: на мяне асабіста, на маіх сяброў, родных, на супрацоўнікаў маёй кампаніі, партнёраў і інвестараў».

«Шквал ананімных паведамленняў, лістоў, званкоў, прамыя пагрозы. Я меркавала, што мой уступ у Кабінет можа пацягнуць за сабой пэўныя наступствы. Але не меркавала, што гэта прывядзе да таго, што нападам падвергнуцца мае блізкія і нават тыя людзі, якія не маюць дачынення ні да беларускай палітыкі, ні да Кабінету», – адзначыла прадпрымальніца.

Яна паведаміла, што «працягне займацца тым, што ўмее і дзе можа быць карыснай».

У Аб’яднаным пераходным кабінеце Зарэцкая была прадстаўніцай па эканоміцы і фінансах.

Hавiны
«Міністаркай» фінансаў і эканомікі ў Пераходным кабінеце будзе мільянерка Таццяна Зарэцкая
2022.09.09 20:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў