Малдова знайшла альтэрнатыву расейскаму газу


Малдова больш не будзе купляць расейскага газу, бо на еўрапейскім рынку газ можна набыць за ніжэйшую цану, чым прапаноўваў «Газпром». Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Рэспублікі Малдова Віктар Парлікаў.

Штаб-кватэра ўраду Кішынэву, Малдова. 17 лютага 2017 года.
Фота: Piotr Pogorzelski / Белсат

«Мы больш не будзем купляць прыроднага газу ў «Газпрому» для тэрыторыі, якая кантралюецца канстытуцыйнымі ўладамі», – адзначыў Віктар Парлікаў.

Ён таксама паведаміў, што Малдова атрымала газ з альтэрнатыўных крыніцаў на еўрапейскім рынку.

«Мы здолелі зрабіць гэта за ніжэйшую цану, чым тая формула, якую мы прапісалі ў кантракце з «Газпромам», – сказаў міністр.

Заявы аб тым, што краіне ўдалося пазбавіцца ад залежнасці ад расейскага газу, урад Малдовы рабіў яшчэ ў снежні 2022 года.

Пры гэтым «Газпром» заяўляў, што Малдова мае запазычанасць за дастаўлены газ, памер якой дасягае 433 мільёнаў долараў, а калі ўлічваць пратэрмінаванне ў плацяжах, то ўсіх 709 мільёнаў.

Але аўдыт, ініцыяваны прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду, не выявіў запазычанасці «Moldovagaz» перад «Газпромам».

28 верасня 2023 года турэцкая кампанія «Botas» паведаміла, што падпісала кантракт з малдаўскай кампаніяй «East Gas Energy Trading» на продаж газу Малдове з 1 кастрычніка. Згодна кантрактам, плануецца дастаўляць 2 мільёны кубаметраў газу за содні, што фактычна павінна задаволіць амаль усю патрэбу Малдовы ў газе.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў