Паслоў Беларусі і Расеі перадумалі запрашаць на нобэлеўскую цырымонію


Нобэлеўскі фонд паведаміў, што не будзе запрашаць паслоў Беларусі і Расеі на цырымонію ўручэння прэміі. Такое рашэнне ўхваленае «з увагі вострай рэакцыі».

Уручэнне Нобэлеўскай прэміі міру. Осла, Нарвегія. 10 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Нобэлеўскі фонд перагледзеў сваё рашэнне запрасіць усіх паслоў, якія працуюць у Стакгольме, на цырымонію ўручэння прэміі. Як адзначаецца ў паведамленні, фонд «прызнае вострую рэакцыю ў Швецыі»:

«Праўленне фонду пастанавіла паўтарыць леташняе выключэнне са звычайнай практыкі – не запрашаць амбасадараў Расеі, Беларусі ды Ірану на цырымонію ўручэння Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме. Як і раней, усе паслы будуць запрошаныя на цырымонію ў Осла».

Пры гэтым фонд яшчэ раз растлумачыў, чаму не хацеў рабіць выключэнняў:

«Мы лічым важным і слушным як мага шырэй распаўсюджваць каштоўнасці і ідэі, за якія выступае Нобэлеўская прэмія, напрыклад, летась, калі прэмію прысудзілі змагарам за правы чалавека з Расеі і Беларусі, а таксама ўкраінцам, якія дакументуюць расейскія вайсковыя злачынствы».

Пра тое, што прадстаўнікі пасольстваў Беларусі і Расеі будуць запрошаныя на нобэлеўскую цырымонію, сталася вядома 31 жніўня. Гэтае рашэнне абурыла Украіну, шмат каго ў Швецыі, народную амбасаду Беларусі ў гэтай краіне.

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская заклікала не запрашаць пасла рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, каб не парушыць каштоўнасцяў Альфрэда Нобэля, а таксама прасіла патрабаваць вызвалення нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.

Летась паслоў Беларусі і Расеі не запрасілі на нобэлеўскія ўрачыстасці з увагі на вайну ва Украіне, а Ірану – праз падазрэнні ў злачынствах супраць чалавечнасці.

Hавiны
Магчыма, на нобэлеўскую цырымонію запросяць амбасадара Беларусі. Ціханоўская супраць
2023.09.01 18:24

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў