Лукашэнка супраць школьнікаў і студэнтаў. Навошта ўладзе быў патрэбны ўрок-застрашванне?

«Адкрыты ўрок» у прэзідэнцкім палацы, які прымусілі глядзець старшакласнікаў і студэнтаў па ўсёй Беларусі, Лукашэнка правёў з трыма мэтамі. Моладзі, спецыяльна адабранай на сустрэчу, ён прад’явіў вобраз мінулага, які павінен апраўдаць ягонае кіраванне сёння. «Урок» таксама даў Лукашэнку магчымасць прадэманстраваць уладу і запалохаць маладых людзей. Карэспандэнт «Белсату» Аляксандр Папко піша, ці можна назваць уладны рытуал паспяховым.

З задачамі запалохвання і дэманстрацыі ўлады Лукашэнка справіўся. «Раю вам быць акуратнымі, […] бо можна нарабіць памылак, якія потым будзе вельмі цяжка выправіць», – тонам міліцыянта, які прыйшоў у школу на прафілактычную гутарку, Лукашэнка нагадаў аб пратэстах 2020 года. Адсутных на сходзе апанентаў ён завочна называў «мярзотнікамі». Перавагу над імі ён прадэманстраваў, паказаўшы публіцы нібыта перахопленыя ў махляроў ордэны Васіля Быкава. Памерлы 19 гадоў таму пісьменнік быў заўзятым крытыкам дыктатуры Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка падчас 4-гадзіннай прамовы перад школьнікамі і студэнтамі ў Палацы незалежнасці. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: president.gov.by

Непрадбачаных сітуацыяў адбылося ўсяго тры. 16-гадовы кадэт Захар Аўчыннікаў адказаў Лукашэнку на нелюбімай уладамі беларускай мове. Ён шчыра выказаў сваё стаўленне да сталінскіх рэпрэсіяў. Студэнт-першакурснік біяфаку БДУ Дзяніс Знак асмеліўся заявіць, што пасля 2020 года большасць беларусаў не верыць дзяржаўным СМІ. Нарэшце, пад заслону сустрэчы ў аб’ектыў трапіў студэнт, які паказваў нататнік з надпісам «Спасите».

Паспяховым рытуал улады, аднак, назваць цяжка. Адкрыты ўрок доўжыўся не належныя яму 45 хвілін, а амаль 4 гадзіны. «Старога дзеда ніхто не слухаў, дзеці аралі, як заўсёды, перакрыкваючы настаўніка і абмяркоўвалі лета», – так сітуацыю па той бок экрана апісваюць падпісчыкі тэлеграм-каналу Антона Матолькі. У некаторых школах настаўнікі адпусцілі дзяцей праз гадзіну-дзве. «Малады і энергічны прэзідэнт з народу» даўно ператварыўся ў адарванага ад уласнага грамадства «дзеда». Яго ўспаміны пра час, калі існавалі райкамы і абкамы партыі, яго парады аб вырошчванні «збожжавых» ужо не блізкія і не зразумелыя большасці.

Аналітыка
«Калі сыдуць пенсіянеры – школы вымруць». 1 верасня ў беларускіх школах бракавала педагогаў і «ваенрукоў»
2022.09.01 22:01

У 1994 годзе Лукашэнку было 39 гадоў. Людзі ягонага пакалення і старэйшыя, якія выраслі ў зеніце СССР, складалі дзве траціны дарослага насельніцтва. Цяпер іх – усяго чвэрць. Дзве траціны дарослага насельніцтва тады былі альбо сельскімі жыхарамі, альбо гараджанамі ў першым пакаленні. Зараз доля гарадскога насельніцтва набліжаецца да 80 %. Жыццёвы досвед былога старшыні калгасу для іх чужы.

А што ж з вобразам гісторыі, які павінен апраўдаць дзень сённяшні і весці ў будучыню? Лукашэнка некалькі разоў заявіў, што ўсе войны, пачынаючы з Сярэднявечча, прыносіў у Беларусь Захад. «Мячом і хітрасцю», па словах Лукашэнкі, Захад прасоўваў «міфічныя» свабоды. А беларусы, якіх у 10 разоў менш, чым расейцаў, былі нібыта часткай народу, які стварыў магутную Расейскую імперыю і СССР. Растлумачыць, чаму Лукашэнка падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны, такая канцэпцыя можа. Растлумачыць, чаму Беларусь павінна заставацца на мапе – не. Лукашэнка пераконвае маладых людзей згуртавацца і ваяваць супраць еўрапейскіх суседзяў. А ці такой будучыні яны хочуць? І што ў выніку вайны атрымаюць?

Hавiны
Хлопец з плакатам «Спасите» патлумачыў, навошта падняў яго
2022.09.02 08:39

Аляксандр Папко / ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў