«Захад не хоча вайны». Эксперт растлумачыў стрыманую рэакцыю Польшчы на беларускія гелікоптары


Польшча заявіла аб парушэнні сваёй паветранай прасторы беларускімі гелікоптарамі, аднак ад рэзкіх словаў і дзеянняў у адказ устрымалася. Палітолаг Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» растлумачыў гэта тым, што Варшава лічыць інцыдэнт выпадковым ды не жадае эскалацыі і без таго напружанага становішча.

Беларускі верталёт, што парушыў паветраную прастору Польшчы. 1 жніўня 2023 года.
Фота: SluzbyiObywatel / Twitter

У Мінабароны Беларусі адмаўляюць парушэнне мяжы гелікоптарамі і фактычна вінавацяць польскіх калегаў у распаўсюдзе плётак: «Паведамленне, што не пацверджанае дадзенымі аб’ектыўнага кантролю з боку Польшчы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разглядае ў стылі «адна бабка сказала».

Варшава адказала выклікам у МЗС часовага паверанага ў справах Беларусі, якому «быў выказаны рашучы пратэст».

Hавiны
У польскае МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі праз інцыдэнт з верталётамі
2023.08.02 13:52

«Трэба глядзець далей»

Вайсковы эксперт, экс-супрацоўнік СБУ Іван Ступак, каментуючы «Белсату» гэтую гісторыю, не выключыў некалькі версіяў, у тым ліку – памылка пілотаў і наўмысная правакацыя:

«Трэба глядзець, што будзе далей. Калі такія выпадкі будуць паўтарацца, залёты, далей, глыбей, шырэй, то гэта азначае, што гэта мэтанакіраваная палітыка Крамля і Менску, каб адцягнуць увагу палякаў ад Украіны, стварыць яшчэ адзін пункт напружанасці або нават справакаваць вайсковы канфлікт».

Ступак таксама запярэчыў першапачатковым заявам польскіх афіцыйных асобаў пра тое, што супрацьпаветраная абарона адразу не заўважыла парушальнікаў, бо гелікоптары ляцелі занізка.

«Упэўнены, што Польшча ўсё бачыць. Украіна карыстаецца сістэмаю СПА, што маецца на ўзбраенні краінаў NATO. Зброя NATO годная, яна ўсё бачыць і ўсё заўважае», – адзначыў адмысловец.

«Рэакцыя Варшавы досыць стрыманая»

Палітолаг Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» назваў рэакцыю Варшавы «досыць стрыманай»: «Няма радыкальных адказаў. Гэта сведчыць пра тое, што і ў Варшаве гэтую акцыю разглядаюць як выпадковасць».

Пры гэтым незаўважаным інцыдэнт не застанецца, упэўнены Фрыдман:

«Гэта ўсё тыя самыя кроплі, што ідуць і ў пэўны момант гэтых кропляў будзе так шмат, што будуць прынятыя радыкальныя захады. Калі гэта будзе – пытанне адкрытае, але іх становіцца ўсё больш. Гэты канкрэтны выпадак нейкіх сур’ёзных наступстваў не будзе. Але гэта не значыць, што ўсё пройдзе ўвогуле без увагі».

Hавiны
Беларусь адмаўляе парушэнне паветранай прасторы Польшчы
2023.08.02 09:43

Эксперт звярнуў увагу на абразлівы і нецывілізаваны адказ Менску. Хаця звычайна ў такіх выпадках краіны даюць тлумачэнні і перапрашаюць за парушэнне мяжы.

«То бок правакацыяў і праблемаў становіцца ўсё больш і больш, і калісьці мы прыйдзем да сітуацыі, што адбудзецца нешта, імаверна, не такая ўжо і сур’ёзная падзея, але тая падзея, калі ў Варшаве, Вільні ды Рызе разам скажуць: ну, усё, досыць, мы прымаем радыкальныя захады, мы закрываем мяжу», – падкрэсліў палітолаг.

«Эскалацыі не хочуць»

Аляксандр Фрыдман мяркуе, што такому інцыдэнту Польшча, калі б яна сапраўды планавала напад на Беларусь, была бы толькі радая. Аднак стрыманая рэакцыя сведчыць: эскалацыі на Захадзе пазбягаюць.

«Уся гэтая рыторыка, што ідзе з лукашэнкаўскага і расейскага боку, што Польшча рыхтуецца да вайны, што NATO жадае распачаць вайну, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Калі б там сапраўды нехта жадаў вайны – вось, вось вам: парушана ўсё, што магчыма парушыць, можна адказваць. І мы ж бачым, што адказы вельмі стрыманыя. І Варшава, і Вашынгтон, і партнёры не жадаюць ісці на эскалацыю, яны відавочна не зацікаўленыя», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Мінабароны Польшчы: беларускія верталёты заляцелі ў польскую паветраную прастору
2023.08.01 22:24

Руслан Ігнатовіч, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў