У выпадку выбуху на Запарожскай АЭС пацярпяць пяць краінаў Еўропы


У тым выпадку, калі на Запарожскай АЭС здарыцца выбух, тэрыторыя вакол станцыі будзе забруджаная цэзіем, што трэба будзе стварыць зону адчужэння, падобную як у Чарнобылі. А рэха выбуху адгукнецца ў пяці еўрапейскіх краінах.

Запарожская АЭС.
Фота: Энергаатом/Telegram

З такой ацэнкай выступіла міжнародная арганізацыя «Дактары свету па перадухіленні ядравай вайны» (IPPNW).

Падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Вене, яны прадставілі навуковую мадэль магчымага ўплыву выбуху на Запарожскай АЭС на ўсю планету.

Згодна з вылічэннямі аўстрыйскага атамшчыка Нікалаўса Мюльнера з Венскага ўніверсітэту прыродных рэсурсаў, пасля выбуху тэрыторыя вакол станцыі радыусам 20–30 кіламетраў будзе настолькі забруджаная цэзіем, што гэта будзе патрабаваць стварэння зоны адчужэння як у Чарнобылі.

Выбух таксама можа пагражаць з верагоднасцю 1–3% такім краінам, як Польшча, Славакія, Чэхія, Венгрыя і Румынія. У той жа час, адзначалася падчас прэс-канферэнцыі, пагрозы для Нямеччыны не назіраецца ні пры якім сцэнары.

Тэрыторыя распаўсюджання радыяцыі ў выпадку выбуху на Запарожскай АЭС згодна з прагнозамі міжнароднай арганізацыі «Дактары свету па перадухіленні ядравай вайны».
Фота: BILD на русском / Telegram

Нагадаем, што 23 ліпеня з’явілася інфармацыя аб тым, што эксперты Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ) знайшлі супрацьпяхотныя міны на перыферыі пляцоўкі Запарожскай АЭС. Міны былі знойдзеныя ў буфернай зоне паміж унутранымі і вонкавымі агароджамі на перыметры станцыі.

26 ліпеня міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка зрабіў заяву аб тым, што расейскія акупанты поўнасцю адключылі ўкраінскі бок ад маніторынгу сітуацыі на АЭС, у сувязі з чым у Мінэнерга ўпэўненыя, што выбух на станцыі можа адбыцца ў любы момант.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў