У Варшаве захапілі Беларускі моладзевы хаб?


Беларускі моладзевы хаб днём 2 жніўня заявіў пра спробу рэйдарскага захопу з удзелам Сяргея Бульбы. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Алесь Лапко, перадае наш карэспандэнт, які цяпер прысутнічае ў памяшканні хабу ў Варшаве.

Момант імавернага захопу Беларускага моладзевага хабу. Крыніца: Белсат

У памяшканні Беларускага моладзевага хабу быў узламаны замок і выламаныя дзверы. Цяпер туды прыехала паліцыя. Ужо была пададзеная заява аб падрабленні дакументаў.

«У ліпені 2023 года пачалася спроба рэйдарскага захопу арганізацыі «Беларускі моладзевы хаб». Былі выламаныя дзверы, узламаны замок і невядомыя людзі зайшлі ў Беларускі моладзевы хаб. Мы можам назваць імёны, якія, хутчэй за ўсё, стаяць за гэтай справай. Гэта – сябры назіральнай рады Андрэй Ракевіч, Анастасія Баравікова, якія ў змове з Сяргеем Бульбай, які цяпер перабывае ў Польшчы і стала пражывае ва Украіне, пры парушэнні статуту і рэгламенту Беларускага моладзевага хабу змянілі кіраўнічыя органы», – заявіў Алесь Лапко.

Сузаснавальніца Беларускага моладзевага хабу Стася Гліннік заявіла, што гэта была спроба ціску з боку Андрэя Ракевіча і Анастасіі Баравіковай, што адбываецца ўжо цягам доўгага часу, ад чаго цярпіць каманда хабу. «Андрэй Ракевіч заўсёды быў прычынай, праз якую ідуць і людзі з каманды хабу, і праз якую я таксама калісьці пайшла. Цяпер я разам з усёй камандай, якая сапраўды рабіла гэтую арганізацыю і стаяла за ўсім, што адбывалася на гэтай пляцоўцы. І мы зробім усё, каб прыпыніць гэты рэйдарскі захоп. Мы таксама разумеем, што гэта адбываецца мэтанакіравана, супраць найбуйнейшай пляцоўкі беларусаў у Варшаве», – дадала яна.

Таксама кіраўнік хабу заявіў, што нездарма гэта адбываецца ў часе справаздачнай сесіі Аб’яднанага пераходнага кабінету перад Каардынацыйнай радай, якая мелася прайсці на гэтай пляцоўцы 2–4 жніўня.

«Мы лічым, што гэта робіцца дзеля таго, каб стварыць новы скандал і паказаць, што дэмакратычныя сілы не могуць дамовіцца. Насамрэч ніякай крызіснай сітуацыі ў нашай арганізацыі няма», – заявіў Лапко.

Момант імавернага захопу Беларускага моладзевага хабу. Крыніца: Белсат

Пазней у тэлеграм-канале Беларускага моладзевага хабу з’явілася наступнае паведамленне: «Мы разглядаем дзейнасць Сяргея Бульбы і ягоных падзельнікаў як варожы акт агрэсіі супраць беларускай НДА ў Польшчы і просім дапамагчы нам абараніць разам наш Беларускі хаб, які стаў адной з самых бачных пляцовак беларускай культуры і думкі за мяжой».

Кантроль над сацыяльнымі сеткамі, сайтам, электроннымі скрынкамі ды іншымі каналамі камунікацыі застаўся ў каманды хабу.

Таксама каманда хабу заручылася падтрыманнем прадстаўнікоў дэмакратычнага руху – Офісу Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, шэрагу беларускіх і польскіх НДА.

Каментар
Сяргей Бульба адмаўляе рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хабу
2023.08.02 16:21

Праз немагчымасць гарантаваць бяспеку наведнікам прасторы Беларускага моладзевага хабу каманда арганізацыі пастанавіла прыпыніць дзейнасць пляцоўкі да залагоджвання крызіснай сітуацыі.

Паведамляецца, што нібыта новым кіраўніком Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве стаў Сяргей Бульба. Палітык пацвердзіў гэта «Еўрарадыё», таксама ягонае імя з’явілася ў рэестры юрыдычных асобаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў