У польскае МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі праз інцыдэнт з верталётамі


Пасля залёту двух беларускіх верталётаў у польскую паветраную прастору ў МЗС Польшчы быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі Аляксандр Часноўскі. Пра гэта расказаў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі.

Часовы павераны Беларусі ў Польшчы Аляксандр Часноўскі кіруецца ў МЗС Польшчы. 4 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Намеснік міністра замежных справаў адзначыў, што сустрэча з Аляксандрам Часноўскім была «вельмі кароткай». Гаворка на ёй ішла не толькі пра парушэнне беларускімі верталётамі паветранай прасторы Польшчы.

«Мы выказалі рашучы пратэст у сувязі з парушэннем паветранай прасторы, а яшчэ з эскалацыяй вайсковых дзеянняў ва Украіне, бо Беларусь таксама ёсць хаўруснікам гэтай вайны. Таксама выказалі пратэст праз зніжэнне ўзроўню бяспекі каля нашай мяжы: гаворка пра рэлакацыю «вагнэраўцаў», пастаянныя атакі з боку мігрантаў. Мы гэтаму супраціўляемся і будзем сябе абараняць», – сказаў Яблоньскі.

Між тым у Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што беларускія верталёты не парушалі паветранай прасторы Польшчы днём 1 жніўня, а абвінавачанні назвалі надуманымі.

У Пэнтагоне таксама пракаментавалі залёт двух беларускіх вайсковых верталётаў у паветраную прастору Польшчы. Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр заявіў, што Злучаныя Штаты нязменна адданыя абароне бяспекі краінаў NATO.

«Чарговы раз паўтару, што мы вельмі сур’ёзна ставімся да бяспекі NATO. І мы будзем далей працаваць з нашымі паплечнікамі ў NATO, каб гарантаваць, што кожны квадратны сантыметр тэрыторыі NATO застанецца ў бяспецы», – сказаў прадстаўнік Пэнтагону.

Нагадаем: 1 жніўня два беларускія верталёты парушылі паветраную прастору Польшчы. Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы выступіла з заявай з гэтае нагоды. У заяве таксама адзначаецца, што міністр нацыянальнай абароны, старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Мар’юш Блашчак загадаў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.

Hавiны
Мінабароны Польшчы: беларускія верталёты заляцелі ў польскую паветраную прастору
2023.08.01 22:24

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў