Сяргей Бульба адмаўляе рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хабу


Былы вайсковец, заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба ў каментары «Белсату» запэўніў, што кіраўніцтва Беларускага моладзевага хабу змянілася цалкам законна, і абвінаваціў Алеся Лапко, які заявіў пра рэйдарскі захоп установы, у злоўжываннях.

Момант імавернага захопу Беларускага моладзевага хабу. Варшава, Польшча. Крыніца: Белсат

Былы вайсковец, адзін са стваральнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба адмаўляе рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве. Ён заявіў «Белсату», што кіраўніцтва ўстановы змянілася цалкам законна:

«Калі вы зойдзеце ў афіцыйны рэестр, вы ўбачыце, што Бульба цяпер кіраўнік фундацыі. Мы ўсё ўзгаднілі, усё робіцца паводле закону. Мы ўчора з’ездзілі ў паліцыю, узгаднілі, паказалі ўсю дакументацыю».

Бульба сцвярджае, што старое, паводле ягонага меркавання, кіраўніцтва не давала доступу да памяшканняў, таму давялося звяртацца ў паліцыю і ў суд, а потым і ламаць дзверы:

«Старое кіраўніцтва не давала дакументацыі, не ішло на кантакт, мы былі вымушаныя схадзіць у суд, потым у паліцыю ўзгадніць, каб даць доступ новаму складу і ўправы, і назіральнай рады, каб мы мелі доступ да памяшканняў».

Суразмоўца «Белсату» абвінаваціў Алеся Лапко, які заявіў пра рэйдарскі захоп установы, у злоўжываннях.

«Назіральная рада даўно запытвала ў Лапко дакументацыю, якую ён проста хавае. Паверце, старое кіраўніцтва ў выніку праверкі можа мець крымінальную адказнасць – гэта пад пытаннем. Натуральна, за злоўжыванне», – сказаў Сяргей Бульба.

Раней старшыня праўлення Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко заявіў пра спробу захопу арганізацыі.

«Мы можам назваць імёны, якія, хутчэй за ўсё, стаяць за гэтай справай. Гэта – сябры назіральнай рады Андрэй Ракевіч, Анастасія Баравікова, якія ў змове з Сяргеем Бульбай, які цяпер перабывае ў Польшчы і стала пражывае ва Украіне, пры парушэнні статуту і рэгламенту Беларускага моладзевага хабу змянілі кіраўнічыя органы», – сказаў Лапко.

Дзейнасць хабу прыпынілі ў мэтах бяспекі.

Абноўлена
У Варшаве захапілі Беларускі моладзевы хаб?
2023.08.02 14:49

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў