Беларускі моладзевы раскол. Каманда хабу адмаўляецца працаваць з новым кіраўніком


Супрацоўнікі Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве паскардзіліся, што з імі не ўзгаднялі змену кіраўніцтва, і сцвярджаюць, што новага дырэктара Сяргея Бульбу ніхто не ведае, перадае карэспандэнт «Белсату», які пагаварыў з валанцёрамі. Яны не хочуць працаваць з новым кіраўніком.

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Каманда Беларускага моладзевага хабу заявіла аб падтрыманні былога кіраўніка Алеся Лапко.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Партал са звесткамі польскіх юрыдычных асобаў сведчыць, што новым кіраўніком Беларускага моладзевага хабу стаў былы вайсковец, адзін з стваральнікаў «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба. Колішні дырэктар установы Алесь Лапко абвінаваціў яго ў рэйдарскім захопе арганізацыі. Ён сцвярджае, што Бульба, а таксама сябры назіральнай рады Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова «пры парушэнні статуту і рэгламенту Беларускага моладзевага хабу змянілі кіраўнічыя органы».

Сам «захопнік» адмаўляе рэйдарскі захоп. У каментары «Белсату» Бульба адзначыў, што кіраўніцтва памянялася цалкам законна.

Каментар
Сяргей Бульба адмаўляе рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хабу
2023.08.02 16:21

Сёння ў Беларускім моладзевым хабе сабраліся супрацоўнікі і валанцёры. З імі паразмаўляў карэспандэнт «Белсату».

Адміністратар Алеся Гмір распавяла, што ніхто з тых, хто мае дачыненне да працы хабу, новага кіраўніка не ведае. Дзяўчына запэўніла, што можа прамаўляць ад імя ўсёй каманды:

«Усе ініцыятывы, актывісты, валанцёры не ведаюць асобаў, якія з’явіліся сёння ў нашым памяшканні. Мы не ведаем, на якіх умовах спадар Сяргей Бульба прыйшоў у хаб і на якой падставе ён атрымаў пасаду дырэктара. З намі, камандаю хабу, ніхто нічога не абмяркоўваў».

Як адзначыла Гмір, каманда цалкам падтрымоўвае былога кіраўніка, а Бульбу, якога, паводле яе, ніколі не бачылі ў хабе:

«Не зразумела, якая ў яго матывацыя і навошта яму хаб. Яго ніхто не ведае, у хабе ён ані разу не з’яўляўся і наогул не меў ніякага дачынення да ўсяго, што ў хабе адбывалася, да імпрэзаў, што тут ладзілі».

Абноўлена
У Варшаве захапілі Беларускі моладзевы хаб?
2023.08.02 14:49

Колішняя кіраўніца аддзелу адукацыі Ганна Канеўска падкрэсліла, што Беларускі моладзевы хаб – гэта найперш не юрыдычная асоба і не памяшканне. Гэта ідэя.

«Гэта тое, за што мы змагаемся: за свабоду і дэмакратыю. Справа не ў тым, што проста змяніўся дырэктар. Змяніліся ўсе каштоўнасці, якія хаб будаваў, фармаваў і паказваў сваёй працаю. Я не ведаю, наколькі новае кіраўніцтва падзяляе гэтыя каштоўнасці», – сказала суразмоўніца «Белсату».

Канеўска сцвярджае, што пасаду ў хабе страціла «дзякуючы» новаму кіраўніцтву.

«Каманда хабу нічога не ведае пра з’яўленне новага кіраўніцтва. Старая каманда хабу – з Алесем Лапко, бо мы разам пачыналі гэтую справу ў 2020 годзе», – сказала дзяўчына.

Кантроль над сацыяльнымі сеткамі, сайтам, электроннымі скрынкамі ды іншымі каналамі камунікацыі застаўся ў каманды хабу. Пляцоўка часова прыпыніла працу з меркаванняў бяспекі.

Алесь Наваборскі, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў