Беларусь адмаўляе парушэнне паветранай прасторы Польшчы


Міністэрства абароны Беларусі заяўляе, што беларускія верталёты Мі-24 і Мі-8 не парушалі паветраную прастору Польшчы днём 1 жніўня. Абвінавачанні Польшчы ў ведамстве назвалі надуманымі.

Беларускія верталёты. Крыніца: SluzbyiObywatel / Twitter

«Абвінавачванні ў парушэнні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА з’яўляюцца надуманымі і былі зроблены польскім ваенна-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўдання нарошчвання сіл і сродкаў каля беларускай мяжы», – заявілі ў Мінабароне Беларусі.

Перасячэнне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленне радарамі. Таму ў ранішнім паведамленні 1 жніўня Аператыўнае камандаванне ўзброеных сілаў Польшчы паведаміла, што польскія радыёлакацыйныя сістэмы не зафіксавалі парушэння паветранага прасторы Польшчы. На гэта беларускі бок заявіў, што затрымка адбылася праз тое, што Польшча нібыта «раілася са сваімі заакіянскімі гаспадарамі».

Беларускае Мінабароны таксама заявіла, што «паведамленне, не пацверджанае дадзенымі абʼектыўнага кантролю з боку Польшчы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разглядае ў стылі «адна бабка сказала» і адзначае, што парушэння паветранай прасторы верталётамі Мі-24 і Мі-8 не было».

Нагадаем: 1 жніўня два беларускія верталёты парушылі паветраную прастору Польшчы. Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы выступіла з адпаведнай заявай. У ёй таксама адзначаецца, што міністр нацыянальнай абароны, старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Мар’юш Блашчак загадаў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.

Пра інцыдэнт паведамілі ў NATO.

Акрамя таго, Камітэт пагадзіўся, што часовы павераны ў справах Беларусі будзе выкліканы ў МЗС Польшчы для тлумачэнняў здарэння.

Hавiны
Мінабароны Польшчы: беларускія верталёты заляцелі ў польскую паветраную прастору
2023.08.01 22:24

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў