Беларус зарабіў на крыптавалюце больш за 3 млн рублёў, але грошы канфіскавалі


За тры месяцы беларус зарабіў больш за 1 млн долараў гандлюючы на крыптавалютных біржах. Аднак суд прызнаў гэта незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю і ўсё канфіскаваў, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Справа была разгледжана ў траўні гэтага года эканамічным судом Берасцейскай вобласці. Паводле матэрыялаў справы, беларус у перыяд з лютага па красавік 2023 года на гандлёвых крыптавалютных біржах «сістэматычна ажыццяўляў куплю і продаж нявызначанаму колу асоб крыптавалюты, быўшы незарэгістраваным у якасці індывідуальнага прадпрымальніка».

Падатковая выявіла, што за гэты час было праведзена 456 паспяховых здзелак па продажы крыптавалюты на агульную суму 3 257 106,10 рублёў.

«Разгледзеўшы матэрыялы справы, суд прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях асобы, у дачыненні да якой праводзіўся адміністрацыйны працэс, змяшчаюцца прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння па частцы 2 артыкула 13.3 КаАП (Ажыццяўленне незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці)», – гаворыцца на сайце суда.

За гэта, паводле пастановы суда, беларусу трэба выплаціць штраф у памеры 30 базавых велічыняў у суме 1110 рублёў. Таксама суд пастанавіў поўнасцю канфіскаваць даход ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў