«Вядома, што страшна». Беларускім чыгуначнікам пагражае звальненне за адмову ад рэйсаў у Расею


Лакаматыўныя брыгады БЧ могуць адмовіцца выконваць рэйсы ў Расею, аднак за гэта пагражае звальненне. Пра гэта «Белсату» паведамілі аўтары Telegram-каналу «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Пасля выбуху на чыгунцы ў Бранскай вобласці нельга выключаць, што машыністы будуць намагацца пазбягаць паездак у суседнюю краіну, бо з такога рэйсу можна не вярнуцца.

Цеплавоз БЧ, пашкоджаны ў выніку выбуху ў Бранскай вобласці Расеі. 1 траўня 2023 года.
Фота: belzhd.info

У выніку «партызанскай акцыі» цеплавоз БЧ атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні. У Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі мяркуюць, што рамантаваць яго не будуць праз эканамічную нявыгаднасць, а разрэжуць на металалом. Фота з месца здарэння сведчыць, што лакаматыў гарэў. Паводле афіцыйных звестак, машыніст і ягоны памочнік не пацярпелі.

«Пазбегнуць ахвяраў з боку лакаматыўнай брыгады дэпо Гомель удалося толькі дзякуючы шчасліваму збегу абставінаў», – адзначаецца ў паведамленні «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі».

Агляд
Усё, што вядома пра падрыў беларускага цягніка на Браншчыне
2023.05.02 13:50

Аўтары гэтага Telegram-каналу паведамілі «Белсату», што цяпер, калі небяспека службовых паездак у Расею стала відавочнаю, нельга выключаць адмоваў ад рэйсаў у суседнюю краіну. Пры гэтым наўрад ці з’ява будзе масавай.

«Страх ездзіць туды, вядома ж, ёсць. Аднак ціск кіраўніцтва, ды страх страціць працу, ды даволі высокія для Беларусі заробкі – гэта можа стаць вызначальным».

Машыністы не выбіраюць, куды ім ехаць: рэйсы прызначае нарадчык. Адмовіцца, натуральна, можна, аднак не без наступстваў:

«Калі звычайны цягнік – звальненне праз невыкананне службовых абавязкаў, а калі вайсковы эшалон, могуць і крыміналку завесці за нібыта здраду дзяржаве».

Пры гэтым за рэйсы за мяжу беларускім чыгуначнікам прэміяў не выпісваюць: «Надбавак няма, тарыф аднолькавы».

Здарэнне ў Бранскай вобласці адбылося 1 траўня. Паводле звестак Расейскай чыгункі, з рэек сышлі 7 вагонаў і цеплавоз, які загарэўся. Гэта быў беларускі цягнік, ён вёз з Гомля нафтапрадукты і будаўнічыя матэрыялы.

Афіцыйна паведамляецца пра адзін выбух, што прагрымеў за 50 метраў ад лакаматыва. Аднак расейскае выданне «Baza» піша, што выбуховак было тры.

Hавiны
Падрыў цягніка: Было тры выбухі, адзін падазраваны знойдзены  
2023.05.02 12:19

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў