У Францыі падчас першамайскіх пратэстаў затрымалі больш за 500 дэманстрантаў


У Францыі ў Дзень працы працягнуліся маштабныя пратэсты супраць пенсійнай рэформы. Паводле паведамленняў медыяў, большая частка пратэстаў прайшла мірна, але ў некаторых гарадах былі зафіксаваныя сутыкненні з паліцыяй і акты гвалту як з боку дэманстрантаў, так і сілавікоў. Сама меней 406 супрацоўнікаў паліцыі атрымалі раненні і мінімум 540 дэманстрантаў былі арыштаваныя, пра гэта паведаміў міністр унутраных справаў Жэральд Дарманэн.

«Белсат» сабраў самыя запамінальныя здымкі ў фотападборцы ніжэй.

Вулічны гандляр ландышамі плача ад слезацечнага газу, пакуль паліцыянты Французскага рэспубліканскага корпусу бяспекі (CRS) займаюць пазіцыі падчас дэманстрацыі на Першамай. Апазіцыйныя партыі і прафсаюзы заклікалі пратэстоўцаў працягваць сваю трохмесячную кампанію супраць закону, які павысіць пенсійны ўзрост да 64 гадоў. Парыж, Францыя.
Фота: Alain Jocard / AFP / East News

Таксама са звестак Бі-Бі-Сі са спасылкаю на МУС Францыі вынікае, што каля 780 000 чалавек узялі ўдзел у мітынгах 1 траўня, у тым ліку 110 000 у Парыжы. Аднак прафзвяз «Усеагульная канфедэрацыя працы» сцвярджае, што на вуліцы выйшла ў тры разы больш людзей, чым заяўлена афіцыйна.

УВАГА! ЗДЫМАК МОЖА ШАКАВАЦЬ! Супрацоўнікі АМАПу ідуць з параненым падчас пратэстаў мужчынам. Парыж, Францыя.
Фота: Benoit Tessier / Reuters / Forum
Афіцэр АМАПу CRS, паранены падчас сутыкненняў, быў эвакуяваны калегамі з Пляс-дэ-ля-Насьён (Place de la Nation). Парыж, Францыя.
Фота: Samuel Boivin / NurPhoto / AFP / East News
Пратэстоўцы вяслуюць на каноэ з банерам «Макрон – злыдзень» падчас дэманстрацыі на Першамай у Рэне, Францыя.
Фота: Damien Meyer / AFP / East News
Пратэстовец трымае шыльду з надпісам «Узрушаны спаленым пластыкам, але не нашымі скрадзенымі пенсіямі» падчас дэманстрацыі ў Ліёне, Францыя.
Фота: Jeff Pachoud / AFP / East News
Медыкі дапамагаюць мужчыну сталага веку пакінуць акцыю пратэсту ў Парыжы, Францыя.
Фота: Benoit Tessier / Reuters / Forum
Пратэстовец запускае феерверк падчас сутыкненняў з паліцыяй на Першамай у Нане, Францыя.
Фота: Loic Venance / AFP / East News
Дым падымаецца з Пляс-дэ-ля-Насьён у Парыжы, Францыя.
Фота: Thibault Camus / AP Photo / East News
Пратэстовец закрывае галаву падчас наступу французскага спецназу CRS у Ліёне, Францыя. 
Фота: Jeff Pachoud / AFP / East News
Паліцыя выкарыстоўвае вадамёт супраць пратэстоўцаў падчас дэманстрацыі ў Парыжы, Францыя.
Фота: Geoffroy Van der Hasselt / AFP / East News
Супрацоўнікі паліцыі стаяць перад разбітаю шыбаю крамы падчас дэманстрацыі на Першамай у Ліёне, Францыя.
Фота: Jeff Pachoud / AFP / East News

З сярэдзіны студзеня 2023 года ў Францыі не сціхаюць пратэсты супраць рэформы, якая ўзніме пенсійны ўзрост з 62 да 64 гадоў. Удзел у акцыях бралі сотні тысяч чалавек, з прычыны страйкаў адмянялі авіярэйсы, спыняўся рух міжгародніх цягнікоў і ўзнікалі сур’ёзныя праблемы з вывазам смецця. Нягледзячы на гэта, у красавіку прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон падпісаў спрэчны закон, што выклікала вялікае абурэнне народу.

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў